— Што ты тут усё вынюхваеш, лаўнік? — Кузьма аж задыхаўся ад злосці. — Што табе трэба ад беднай удавы?
— Я хачу пагутарыць з Матрунай сам-насам, — Корчак міжволі адступіў на некалькі крокаў ад раззлаванага мужчыны. — Цябе гэта справа пакуль не датычыцца.
Кузьма рыпнуў зубамі, але прамаўчаў.
— Ідзі, Кузьма, у карчму. Прося адна не справіцца, — папрасіла мужчыну Матруна. І той скарыўся, згодна хітнуў галавой, яшчэ раз рыпнуў зубамі і, не азіраючыся, пайшоў у будыніну.
— І сапраўды, што табе трэба ад мяне, лаўнік? — жанчына збольшага супакоілася, позірк яе набыў звычайную цвёрдасць, вусны абяскровіліся і пераўтварыліся ў вузкую стужку. — Я ўсё расказала, што ведала, твайму таварышу Фёдару.
— У мяне ўсяго некалькі бяскрыўдных пытанняў, — паспрабаваў усміхнуцца Самуіл.
— Пытайся.
— Дзе ты была вечарам тры дні таму, калі мяне збілі непадалёку ад тваёй карчмы?
— Тым вечарам я разам з дзецьмі малілася за супакой душы майго мужа і іх бацькі, — Матруна склала каля грудзей рукі, прашаптала малітву, перажагналася і запытальна паглядзела на лаўніка. Страху ў яе позірку ўжо не было, вочы свяціліся ледзяной жорсткасцю, ад іх патыхала холадам.
Перахапіўшы позірк, Корчак абрадваўся: «Вось цяпер ты звычайная. Што ж, думай, што і я, як Кузьма, скарыўся тваёй волі». Ён сціпла апусціў вочы, пракашляўся і задаў наступнае пытанне:
— Збіраючыся на сустрэчу з жабраком, твой муж узяў з сабой мяшэчак з грашыма, аднак ні ў яго, ні ў засечанага жабрака, ні на беразе рэчкі грошай не знайшлі. Як ты думаеш, хто іх забраў?
Пачуўшы пытанне, жанчына расслабілася, ледзь не засмяялася.
— А ты спытайся пра гэта ў служак магістрата, якія вялі дазнанне. Пэўна, нехта з іх забраў тыя грошы і потым забыўся аддаць пану бурмістру.
— Што ж, спытаю, — паабяцаў Самуіл і, не адрываючы ад земляной падлогі вачэй, пацікавіўся: — Хто мог так ударыць Антука, што ён згубіў прытомнасць і ўпаў у ваду?
— Жабрак.
— Жабрак, якога вось гэтай сякерай засек твой муж і якую раніцай нідзе не маглі знайсці? Дарэчы, як яна тут аказалася?
— Наступным днём я знайшла яе ў траве на беразе Мухаўца, — Матруна адказвала амаль не задумваючыся. — Дрэнна шукалі яе твае сябры.
— А дзе пляменнік Антука Мікола? — раптам спытаўся Корчак. — Нешта сёння я не бачыў яго ў зале.
— Сышоў ён ад нас два дні таму. Сказаў толькі, што хоча прысвяціць сваё далейшае жыццё Богу. Сказаў і сышоў.
— Нічога, ад нас далёка не сыдзе, — упэўнена прамовіў лаўнік. Урэшце ён адарваў позірк ад падлогі і паглядзеў на жанчыну. — Дык вось, пані, ён мне расказваў, што ў вечар забойства твайго мужа ты пайшла з карчмы амаль адразу за ім і вярнулася позна ў акрываўленым адзенні. Было такое? — і, каб узмацніць эфект ад нечаканага пытання, ён, бы між іншым, дастаў з кішэні драўляны крыжык.
— Было, — кроў адліла ад твару жанчыны, ён у імгненне стаў белым, бы прыдарожная костка, вусны яе затрэсліся. Яна забылася пра пытанне, і, пэўна, акрамя крыжыка нічога не бачыла.
— Дык чаму ты тым вечарам з’явілася ў карчме ў акрываўленым адзенні? — бы праз коўдру прабілася да яе слыху.
— Я секла качак, — адказала яна і, злосная ў сваёй рашучасці, падняла бліскучыя ад слёз і адчаю вочы. — Вось тут, вось на гэтай калодзе і вось гэтай сякерай я секла качак. Табе гэта зразумела, лаўнік?
— Што ж тут не зразумелага? — паціснуў плячыма Самуіл. — У той вечар ты секла качак, каб было чым карміць наведвальнікаў карчмы на наступны дзень. Усё зразумела. І апошняе, адкажы мне, Матруна.
— Ой, крыжык Петруся знайшоўся, — раптам побач з лаўнікам прагучаў дзіцячы голас. Корчак апусціў галаву — каля яго стаяла невялічкае, гадоў пяці, дзяўчо. Яно глядзела на крыжык у руцэ незнаёмца і, радасна хлопаючы ў далоні, шчабятала:
— Вось Пятрусь абрадуецца, праўда, матулечка?
— Праўда, — ледзь стрымліваючы сябе, адказала маці. — Ідзі, доня, пагуляй на панадворку.
— Добра, матулечка, — дзяўчынка развярнулася і пабегла.
— Што ты хацеў яшчэ запытацца ў мяне, лаўнік? — Матруна здалася. Яна зразумела, што Корчак пра ўсё здагадаўся і ўвесь гэты допыт праводзіў толькі дзеля таго, каб пачуць прызнанне менавіта з яе вуснаў. Аднак і Корчак быў разгублены, не чакаў ён, што знойдзены ім крыжык належыць сыну карчмаркі.
— Я хацеў удакладніць, як ты магла вось гэтай сякерай сячы ў той вечар качак, калі яе забраў з сабой твой муж і знайшла ты яе, з тваіх слоў, толькі наступнай раніцай?
— Гэта я ўдарыла Антука дубцом па галаве, — голас жанчыны гучаў глуха. Яна ўжо скарылася лёсу і гатова была гаварыць праўду і, калі б яна прызналася ў забойстве крыху раней, то Самуіл паверыў бы ёй. Але ў яго руках быў нацельны крыжык сына Матруны, доказ, які патрабаваў тлумачэння і які сведчыў зусім пра іншае.
— Чаму ж у кулаку Антука аказаўся не твой крыжык, а крыжык твайго сына? Дарэчы, дзе ён цяпер?
— Пятрусь вельмі хворы. Антук пастаянна здзекаваўся з яго, няшчадна біў па галаве за любую правіну і мой няшчасны сыночак захварэў. Ён баіцца дарослых мужчын і хаваецца ад іх у запечку. Ён вельмі хворы.
«Вось яно што!» — Самуіл успомніў бліскучыя вочы і нечакана для сябе сказаў:
— І Антука ён забіў у надзеі, што знішчыць у сабе той страх, які парадзіў у ім яго ж бацька.
— Антук не бацька Петрусю, — не ўтрымалася, зусім па-жаночы ўсхліпнула Матруна і, абхапіўшы галаву рукамі, хістаючыся з боку ў бок, заплакала.
Праз нейкі час жанчына суцішылася, падняла свае чырвоныя вочы на лаўніка.
— Хочаш, я раскажу табе пра сваё праклятае жыццё? — Корчак паціснуў плячыма. А яна, бы ўгаворваючы яго, патлумачыла: — Ты даведаешся і пра Антука, і пра жабрака, і пра мяне.
— Што ж, час у мяне ёсць, — Самуіл адышоў у кут і ўладкаваўся на кінутай там баране. — Расказвай.
6
— Я і Антук Рубец родам з вёскі Заполле, што размяшчаецца мілях у дзесяці ад Берасця па шляху на Кобрын. Вёска наша невялікая, лясная, але зямля там добрая, тлустая, пладаві тая. Таму ўсе нашы вяскоўцы жывуць хаця і небагата, аднак голаду не ведаюць. Вось толькі Рубцы! Нешта не ладзілася ў іх гаспадарцы, за нейкія грахі караў іх Гасподзь: то конь у іх здохне, то цяля, то карова. Калі маланка куды ўдарыць, то гэта пабудова Рубцоў. Калі статак дзікоў вынішчыць нечыя пасевы, то, зразумела, іхняе. Не шанцавала ім, а калі памёр стары Таміла, то і наогул іх гаспадарка прыйшла ў заняпад.
У Тамілы Рубца было чацвёра дзяцей: два сыны, Восіп і Антук, і дзве дачкі. Усе дзеці прыгожыя, статныя і, як ні дзіўна, працавітыя. Таму і не заседзеліся яны доўга ў бацькавым гняздзе — дзяўчаты выпырхнулі з яго першымі, потым з мясцовай сіратой Ксеніяй пабраўся шлюбам Восіп, апошнім вырашыў ажаніцца Антук. І трэба ж было такому здарыцца што менавіта мяне ён выбраў сабе ў жонкі, і менавіта да майго бацькі прыслаў пятнаццаць гадоў таму сваіх сватоў. А я ўжо мела прапанову ад Юркі Забелы і бацькі нашы пра ўсё ўжо дамовіліся. Вось і прыйшлося мне перад сватамі Антука выставіць гарбуза, на які той пакрыўдзіўся і праз некалькі дзён знік з вёскі. Дзе ён бадзяўся, я не ведаю, аднак ужо зімой па вёсцы пайшлі пагалоскі, што ў нашых лясах з’явілася банда шышоў, якая рабуе купецкія абозы, а тых, хто аказвае супраціў, забівае.