Выбрать главу

– Дык каб вам!.. – вылаяўся Хмыкін і пацёгся да лежака ў зале.

КАМПРАМІС

Рабочы Хапун украў на заводзе нейкую рэч. У апошні час ён нярэдка так робіць – валачэ ўсё, што прывабіць вока, і, па яго меркаваннях, цягне на добрую капейчыну. Потым у суботу і нядзелю сядзіць на аўтарынку – гандлюе. Аднойчы нешта нават прадаў самому начальніку цэха. Той зрабіў выгляд, што не пазнаў Хапуна.

Як і заўсёды, Хапун данёс тую рэч да паркана, перакінуў на другі бок, яна гэхнула так, быццам упаў з неба метэарыт, а тады пералез і сам.

– Вось і папаўся! – шчасліва глядзеў на Хапуна міліцыянер і ўсміхаўся, яго ж напарнік трымаў рукі напярэймы – каб не даў лататы злодзей. – Што ж, пайшлі ў аддзел. Бяры сваю рэч і тупай за намі.

– Цяпер нясіце вы, – спакойна сказаў Хапун. – Я сваё пранёс.

Міліцыянеры пераглянуліся, і малодшы сяржант кіўнуў радавому:

– Нясі, Мамонька.

Мамонька абхапіў тую рэч рукамі, нібы абцугі цвік, але і з месца не скрануў. Бездапаможна глянуў на малодшага сяржанта. Той зразумеў яго з паўслова: яны абхапілі рэч удваіх, але таксама не маглі падняць.

– Дык што, не панясеш? – зноў паглядзеў на Хапуна сяржант.

– Не панясу. Я сваё пранёс. Вам трэба – нясіце.

Міліцыянеры пераглянуліся.

– Добра, – сказаў малодшы сяржант, – давай пойдзем на кампраміс. Ты нясі сваю рэч, куды і нёс, а мы пойдзем, куды ішлі. Згодны?

– А як жа! – усміхнуўся Хапун, падхапіў адной рукой тую рэч і пакандыбаў дадому.

ЯК ПАХОМ САМАГОН ХАВАЎ

Ажно трохлітровы слоік самагону зрабіў пахом. Зрабіў – і спалохаўся: а што, калі міліцыя зазірне? Тады, ясная справа, не мінаваць бяды, набярэшся непрыемнасцей: і штраф улупяць, і на работу паведамяць. А там рады будуць старацца – пачнуць прымаць меры на поўную шпулю: пазбавяць усяго, чаго толькі можна, і самагон той пракляты, калі падлічыш потым панесеныя страты, таго каштаваць і блізка не будзе.

Што ж, што ж рабіць? Ён ужо і сам баяўся глядзець на той слоік з самаробнай гарэлкай. «Трэба схаваць яго так, каб ніякая міліцыя потым не знайшла!» – вырашыў Пахом і пачаў дзейнічаць рашуча, энергічна. Сказана – зроблена: схаваў самагон. Выглянуў у калідор. Ціха. Нікога. Утапіў кнопку званка, хуценька забег у кватэру, строга спытаў:

– Хто там?

І адказаў сам сабе:

– Міліцыя! Паступіў сігнал, што ў вас ёсць самагон. Адчыніце!

– Шукайце! – дазволіў сам сабе Пахом і пачаў шукаць.

Знайшоў. На антрэсолях.

– Што гэта? – спытаў ён сам у сябе.

– Дыстыляваная вада, – адказаў.

– Дазвольце паспытаць?

– Дазваляю.

Пахом напоўніў шклянку ледзь не да беражкоў і залпам выпіў. Закусваў і думаў: «Кепска схаваў. Зусім. Знойдуць, і гаварыць няма чаго. Зараз, зараз я так заканапачу гэты самагон, што хай трэснуць міліцыянты, але дудкі знойдуць».

Пахом хаваў самагон яшчэ некалькі разоў, тапіў кнопку званка, пытаўся сам у сябе, хто гэта, дазваляў рабіць вобыск і пакаштаваць дыстыляванай вады. Хаваў у шафу, пад ложак, у канапу, у мех з бульбай... і ўсюды знаходзіў. Зусім разачараваўся старэча. А калі ўжо не было чаго хаваць, у дзверы і сапраўды пазванілі.

– Х...хто та-а-ам? – ікнуў Пахом і падняў асалавелыя вочы на дзверы.

– Міліцыя! Паступіў сігнал, што ў вас ёсць самагон. Адчыніце!

– Ды пайшлі вы!..–Пахом паспрабаваў узняцца, але не змог, і ён пагрозліва памахаў пальцам на дзверы.–Колькі можна, пытаюся? Колькі можна мяне, старога чалавека, турбаваць? Я ж вам сёння адчыняў ужо сем разоў! Сумленне мець трэба-а!..

ВЕРШАПАД

У самадзейнай паэтэсы Пацярухінай дачка жыве ў сталіцы, а сама яна – правінцыялка: некалі працавала ў раённай газеце, цяпер ужо на пенсіі. Жыве адна. І не тое ад суму, не тое па патрэбе душы нырнула, бы ў вір, у паэзію. Усмактала. Нават кнігу вершаў выдала.

У чарговы прыезд у сталіцу Пацярухіна асмелілася прачытаць свае вершы каля помніка класіку, дзе таўкліся літаратары на любы густ. А пасля – во шчасце!– да яе падышоў барадач, лёгенька ўзяў паэтку пад локаць і адвёў убок.

– Я магу дапамагчы вам выдаць кніжку вершаў, – сказаў ўпэўнена і пераканаўча. – Слухайце мяне ўважліва і запамінайце. Я выдаю вашы вершы, вы прадаяце кніжку і вяртаеце патрачаныя мною грошы. Вядома, з наварам. Выступаць вы, я бачу, умееце, аўдыторыяй валодаеце, таму праблем аніякіх не бачу. Я заключаю з вамі дагавор. Прыносьце вершы. Чым хутчэй, тым лепш. Вось адрас...