Выбрать главу

Кнігу выдалі. Засталося збыць. Гэта аказалася не такой і лёгкай справай, хоць Пацярухіна круцілася, як вавёрка ў коле. Інтэрнаты, электрычкі, плошчы, помнікі -- усюды там можна было сустрэць паэтэсу. Гучалі вершы! Пацярухіна, пакрысе сабраўшы значную частку грошай, адносіла іх барадачу. А выдавец часта званіў і цікавіўся:

– Ну, як у нас ідуць справы?

– Так сабе. Стараюся. Засталося ўсяго сто даляраў...

– Даю вам, так і быць, яшчэ тры месяцы. Дзейнічайце.

Пацярухіна абрадавалася і прыемнай навіной пахвалілася дома. Дачка і зяць якраз вячэралі. Пачуўшы такое, у зяця выслізнуў з рук кубачак з кавай, ён шырока разінуў рот, а потым, крыху апрытомнеўшы, перапытаў:

– Дык што... і ўсе тры месяцы вы будзеце жыць у нас?

– Так. Буду. А дзе ж?

– Сто, кажаце, даляраў яшчэ трэба сабраць таму барадачу?

– Так, так : сто!

Зяць нічога больш не сказаў, а назаўтра недзе раздабыў неабходную колькасць грошай і ўручыў іх цешчы-паэтэсе: разлічыца з выдаўцом.

Цяпер яна сядзіць у сябе дома і піша новую кніжку.

ЮБІЛЕЙ

Пятру Селівонавічу споўнілася пяцьдзесят. Круглая дата. Юбілей. З гэтае нагоды сябры-калегі сабраліся разам у актавай зале, каб павіншаваць свайго кіраўніка. Гучалі палкія прамовы, уручаліся каштоўныя падарункі і прыгожыя кветкі. Браў слова нават сам міністр. А потым, злёгку крэкнуўшы, папрасіўся павіншаваць юбіляра інжынер Ціханчык, мяккі , інтэлігентны з выгляду і сапраўды ціхі чалавек, які раней ніколі на такіх урачыстасцях не падаваў голасу. Ён пэўны час глядзеў у залу, колькі разоў папраўляў на носе акуляры, крактаў і соп, а тады, кінуўшы кароткі позірк на юбіляра, прамовіў:

– Тут шмат гаварылася самых розных слоў. Слоў добрых і шчырых. А як жа – юбілей... самі разумееце... ага. Трэба. Кіраўнік жа ён наш, Пятро Селівонавіч. Бацька. Таму даруйце, што і я буду хваліць юбіляра. А чым я горшы за іншых? Да ўсяго пачутага тут дадам, што і мужчына ён добры... на вышыні, як кажуць. Арол. Тут вось сядзіць яго палавіна, Генрыета Сяргееўна... яна пацвердзіць. Бачу, бачу: мае словы ў яблычка. Так-так. За ім, нашым шаноўным Пятром Селівонавічам, бегаюць усе нашы жанчыны, а з асобнымі ён заводзіць нават раманы... Службовыя, так сказаць... Як у кіно...

Па зале пракаціўся шумок, людзі павярнуліся да жонкі юбіляра: і трэба ж такое пачуць ёй, гаротніцы, ад нейкага там інжынера Ціханчыка! Выбраў момант, блазнюк. А той, не звяртаючы ні на што ўвагі, сыпаў далей:

– І калі б яму, здавалася, паспець усюды? Работы шмат. Рэканструкцыя. З планам запарка. Новыя тэхналогіі ўкараняем. Аднак – паспявае. Малайчына. Мая жонка, дарэчы, таксама прызналася, што дырэктар наш–сапраўдны мужчына. А жонцы сваёй я веру, яна ніколі не хлусіць. Яна мяне, дарэчы, колькі разоў Пецькам назвала, хоць я ж – усе вы добра ведаеце – па пашпарту Ягор. Так што, шаноўны Пятро Селівонавіч, жадаю вам і надалей карыстацца такой жа павагай у жанчын...

І Ціханчык сеў.

Сядзеў і юбіляр.

У вялікай, як падалося ўсім, лужы.

БЯСПЛАТНА НЕ ЕЗДЗІМ

–Кантралёры, кантралёры ідуць!–хвалькай пранеслася ў прыгарадным цягніку, і Цюлькін пацягнуўся да торбы, якую незадоўга да гэтага акуратненька паставіў на верхнюю палічку. Сцягнуў, развязаў матузкі.

– Няхай ідуць,– сказаў ён упэўнена і паляпаў па торбе.–Бясплатна не прывык ездзіць. На карку ў дзяржавы не сяджу.

А кантралёры людзі шустрыя –тут як тут.

–Ваш білецік,– вырасла перад Цюлькіным жанчына з бліскучым кампосцерам у руцэ.

– А, прабачце, колькі каштуе цяпер праезд да Церахоўкі? Як і раней?– натапырыў вушы Цюлькін.

– Шэсць тысяч!

– Зразумела! З мяне – сто пяцьдзесят!– Цюлькін хуценька дастаў шклянку і забулькаў у яе з пляшкі.

– Што вы робіце, грамадзянін!–занервавалася жанчына-кантралёр.–Паказвайце білет, альбо плаціце штраф. А ён, гляньце толькі, піць уздумаў у грамадскім транспарце. Хутчэй,хутчэй!

– Гатова!– і Цюлькін, усміхаючыся, падаў шклянку кантралёру.–Цюцелька ў цюцельку.

– Я... я не п’ю !– запунсавелася жанчына.

– А піць і нельга,– сур’ёзна адказаў Цюлькін.–Яна, гэтая гарэлка,– не ваша, ян – дзяржаўная. З гэтага часу – уласнасць чыгункі. Аднясіце яе ў сваю касу. Ці на склад. Замест тых грошай, якія я павінен быў заплаціць за праезд.

Жанчына нязграбна паціснула плячыма, нічога не разумеючы, бездапаможна паглядзела на пасажыраў, чакаючы ад іх спачування: што мне рабіць, скажыце толькі, з гэтым дзіваком?

А Цюлькін працягваў трымаць шклянку ў выцягнутай руце: