... Цюлькін бачыў, як з трубы калгаснай кацельнай валіў густы дым. І яму нічога не заставалася, як пацягнуцца на аўтобусны прыпынак.
ПРАЦЯГУ НЕ БУДЗЕ
У вясковага гарманіста Мішкі ёсць прывычка забываць гармонік на гулянцы, куды яго запрасілі павесяліць публіку. Адыграе, як і належыць, Мішка старанна, добра вып’е і патупае да хаты, а гармонік будзе ляжаць недзе на лаўцы або на ложку. Назаўтра, ледзь певень прагарлапаніць, Мішка пераступае парог той хаты, дзе яшчэ на сталах і не даедзена, і не дапіта.
– Гармонь забыўся, – скажа Мішка.
– Гармонь пачакае, – скажа гаспадар. – Садзіся бліжэй к сталу, палячы галаву.
– Гэта трэба.
Палячыўшы галаву, Мішка расцягвае мяхі, і гармонік далёка чуваць, а на яго кліч, глядзіш, той-сёй яшчэ завітае. Паступова набярэцца кампанія, і баляванне ідзе гарой. А Мішка зноў вяртаецца дадому без гармоніка. Назаўтра ўсё паўтараецца. І так можа быць некалькі дзён запар.
Нядаўна ў Грышачкі таксама нешта адзначалі. Граў, вядома ж, Мішка. Было лета, таму цямнела позна і вечарына закончылася засветла. Многія бачылі, як Мішка вярнуўся з пагулянкі на добрым падпітку, а ззаду вяроўчынай быў прывязаны да ягонай спіны гармонік. Што азначала – заўтра працягу не будзе. У Грышачкі больш аднаго дня ніколі не гуляюць.
УСЁ Ж АБДУРЫЎ...
Да суседа Піліпа наведаўся зяць з ваеннага гарадка – авіяцыі там служыць, то без спірта не прыязджае. Андрэю ж вельмі хацелася апахмяліцца. І ён заходзіць да суседа.
– Я вам там у гародчык пару мяхоў камбікорму перакінуў,– схлусіў, не міргнуўшы і вокам, Андрэй.
Сусед паверыў – Андрэй якраз і мае справу з камбікормам: на ферме даглядчыкам працуе. Піліп пачаставаў яго, пасля шукаў-шукаў той камбікорм– з ног збіўся. Ну дзе ты яго знойдзеш, калі ім і не пахла? «Абдурыў, нягоднік!»– злаваўся Піліп.
Андрэй жа вечарам апраўдваўся:
– А я прычым? Трэба было адразу забіраць. Можа хто ногі прырабіў?
А спірт жа перад вачыма стаіць. Назаўтра зноў заходзіць Андрэй да Піліпа, ківае на гародчык:
– Там два мяхі ляжаць, забірай.
– Зноў абурыць рашыў?– насцярожыўся Піліп. – Не атрымаецца. Паказвай камбікорм.
– От, людзі,– быццам бы пакрыўдзіўся за недавер Андрэй.–Не вераць. Пайшлі, пайшлі, пакажу.
Піліп і сапраўды ўбачыў у гародчыку два мяхі, нават памацаў іх пальцамі.
– На гэты раз бачу, што камбікорм.
Зноў пачаставаў Андрэя.
Але ж Андрэй усё роўна абдурыў суседа – у мяхах была звычайная драўляная тырса з калгаснай піларамы.
ПІШЫЦЕ: АДЗІН НЕДАХОП...
Васіль Мікітаў любіць расказваць розныя салдацкія прыгоды, што некалі, калі верыць, надараліся менавіта з ім. У крайнім выпадку – ён недзе быў паблізу...
– А пра лапатку я не расказваў? Не? Г-гы. Прыязджае праверка. Пастроілі нас пры ўсёй амуніцыі. Пад шнурок. Я на правым фланзе. Першы. З мяне і пачынаюць. А я ж, ведаеце, у сапёрах служыў. Падыходзіць падпалкоўнік, бярэ маю сапёрную лапатку, круціць-верціць...прыдрацца, хіба ж не відна, рашыў. І на таго капітана глядзіць, які блакнот падрыхтаваў нешта запісваць. « Так,– кажа капітану падпалкоўнік,– у радавога Мікітава лапатка брудная, тупая, чаранок трэснуў...». Налічыў такім чынам пятнаццаць недахопаў. Тады я бяру сваю лапатку ў падпалкоўніка – дайце сюды! – і шубаю за паркан. Пішыце, гавару, адзін недахоп: няма лапаткі ! .. Г-гы...
ПАШКАДАВАЛА
Бабка Маруся выйшла на ганак. Быў позні вечар. З неба ліло, як з вядра. Да таго ж халодны вецер. Старая падзівілася, што робіцца наўсцяж, і сама сабе ўголас сказала:
– І як у такое надвор’е злодзеі крадуць, бедненькія? Халаднеча ж. Золь. Цемра. Ай-яй-яй, гаротнічкі, і пашкадаваць вас няма каму.
І тут з цемры да старой рушыла даволі ладная постаць у вайсковай плашч-накідцы.
– Не бойся мяне, бабуля,– сказала постаць басам.–Мы ўжо вывелі тваю карову з хлява, але забіраць не будзем. Ты пашкадавала нас, а мы цябе. Дзякуй, цётка, што хоць адна ты такая знайшлася. Забірай, забірай карову. Няхай пад дажджом не мокне...