Выбрать главу

– Абедаць, абедаць, абедаць! Ты сёння зарабіў!..

Не паспелі Сцёпкіны сесці за стол, як пазваніў сын, перадаў прывітанне ад жонкі і ўнука, а потым, нібы між іншым, пацікавіўся:

– Тата ганарар атрымаў?

Паколькі ў гэтую хвіліну тата наліваў у чарку свае законныя сто грамаў, а маці размаўляла па тэлефоне, то яна крадком зірнула на мужа, паўшэптам сказала:

– Атрымаў...

Хутка ўспомніла пра бацькоў дачка. Патэлефанавала. Жывая, значыцца, і здаровая, у сям’і ўсё добра... Пра ганарар таксама пацікавілася. Паабяцала прыехаць – адведаць старых.

Шумна зрабілася неўзабаве ў кватэры Сцёпкіных –дачка, сын, зяць, нявестка і ўнукі заявіліся амаль адначасова, бы згаварыліся. Былі нават пацалункі, чаго раней – ніколі... Потым усе ўладкаваліся за сталом. Пад гэтую гамонку Сцёпкін прапусціў яшчэ чарачку. Жонка нават праслязілася: «Бедненькія мае, замораныя, як жа вам без таткі нашага?»

Сцёпкін маўчаў. Ён прапусціў яшчэ сто грамаў, на што жонка таксама не зрэагавала, узняўся з месца, папрасіў увагі:

– Грошай я вам падкіну. Але! Спярша скажыце, як называецца мой раман, за які я атрымаў ганарар?

Усталявалася хвіліна маўчання.

– Ну?

–Тата, якая розніца, як называецца? – прытулілася да пляча дачка, пяшчотна пагладзіла апошнія кудзеркі на ягонай галаве. – Галоўнае, ты – талент! Мы ганарымся табой!

Дарослыя запляскалі ў ладкі.

– Дзякуй! – узняў руку Сцёпкін. – Дзякуй. Прыемна пачуць, што вы мною ганарыцеся. Ну, але хто чытаў гэты раман? – Ён нетаропка агледзеў кожнага, хто сядзеў за сталом, і, відаць, пашкадаваў, што вытыркнуўся з такім недарэчным пытаннем: калі нават назвы ніхто не ведае, то дзе ж там пра чытанне заікацца. – Эх, ганарарныя вы дзеці! – Сцёпкін шмаргануў носам.

Ён вылез з-за стала, узяў на століку часопісы з надрукаваным раманам, паторкаў іх у рукі сыну, нявестцы, дачцэ, зяцю...

Адзін часопіс застаўся. Сцёпкін зірнуў на жонку, але, уздыхнуўшы, безнадзейна махнуў рукой і штурнуў яго на канапу.

– Яны прачытаюць, Яначка, прачытаюць, – зашчабятала жонка. – Табе, можа, яшчэ чарачку?

– Чарачка пачакае,– памяркоўна глянуў на жонку Сцёпкін: хай адчуе, што сёння ён можа сам пагаспадарыць за гэтым сталом не горш, як яна. Потым скіраваў вочы ў бок дзяцей. – А вам, шаноўныя, во што скажу: калі прачытаеце раман – прыходзьце. Праз тыдзень не будзе вас – спозніцеся: у мяне пуцёўка ў дом адпачынку.

... Праз тры дні дзеці расказвалі Сцёпкіну змест яго новага рамана.

КАРАСІ НА ПЯСКУ

Усё пачалося з пісьма ад сына Міхася, які паведамляў, што прыедзе не адзін, а з дзяўчынай, будучай жонкай.

– Трэба сустракаць, – сказаў Матруне Лявон.– Запросім гасцей, сваякоў і суседзяў, каб з Міхасёвай маладзічкай пазнаёміліся, мо і вяселле справім. Рыхтавацца трэба. Паглядзі, колькі ў нас цукру, Матруна. Ці хопіць на гэтае... Ну, сама ведаеш... Гарэлка ў краме надта ж дарагая... Адным словам, будзем рыхтавацца...

Як толькі ў бочцы спынілася бульканне, Лявон сказаў сам сабе: «Час».

Назаўтра раніцай, калі вёска яшчэ спала, Матруна на плоскадонцы адвязла Лявона на востраў, а сама вярнулася дахаты. Але ўсё ж сусед Понцік убачыў, што Канапелька павалокся праз агароды да возера з такімі-сякімі прычындаламі. Понцік меў на Лявона зуб, і таму вельмі ўзрадаваўся, падцягнуў штаны і адразу ж пашкандыбаў да ўчастковага, рашуча пагрукаў у акно. Неўзабаве паказаўся заспаны твар міліцыянера Кузоўкі.

– Ну, што здарылася? – праціраючы вочы, спытаў той.

–Ты во спіш, а Лявон на востраве чымергес цісне. Штрапуй! Усіх штрапуеш, а яго што – не бачыш? Ці мо ты праз аднаго штрапу даеш? Глядзі, хоць ты мне і радня, але магу і вышэй заявіць. За Понцікам не заржавее.

Участковы толькі ўздыхнуў. Задаволены Понцік вярнуўся дамоў, злосна пачэсваючы рукі: во,ты, Лявоне, цяпер запяеш мне Лазара. Будзеш ведаць, як лезці са сваёй прасціной.

Лявон тым часам прыладкаваў апарат, расклаў цяпельца, і неўзабаве ў трохлітровы слоік капнула першая кропля...

Стары не адразу пачуў плёскат вёслаў па вадзе. Насцярожыўся – на бераг насоўвалася міліцэйская фуражка. Напалоханы Лявон адразу кінуў усё і схаваўся ў хмызняку, пачаў назіраць, што ж робіцца каля яго апарата...

– Лявон, выходзь! Твой агрэгат, адразу пазнаў,– пачуў стары голас Кузоўкі. – Не хавайся. Будзем акт складаць. Ад закону не схаваешся.

«Не, смалы... – разважаў Лявон. – Гэтак мяне не возьмеш. Яшчэ невядома, хто каго...»