Выбрать главу

Муж заступіўся:

– Не можа быць, каб сям’ю кінуў, не узяў.

– Можа! Можа! Ад вас усяго чакаць даводзіцца! – жонка запунсавелася, торгалася ў крэсле. – Што, адвярнуўся, паразіт? За вамі вока ды вока трэба! Больш у камандзіроўку не паедзеш! І не мылься!

– Ды прычым тут я? Крамараў Саўка ўцёк... у свой час... а мне што – адказваць за яго, так? Вунь Мардзюкова... Глянь на яе. Падзівіся. Ціханава Шцірліцам назвала.

– Яна, дарэчы, яго першая жонка, – падказала сярэдняя дачка.

– Хіба? – здзівіўся бацька.

– Алёна праўду гаворыць! – энергічна заступілася за дачку маці. – Ды і хто з ёй ужывецца? Які дурань? Газеты чытаць трэба. Як толькі ў гасцініцу зойдзе ў якім-небудзь горадзе ваша Мардзюкова, там увесь абслугоўваючы персанал губляе прытомнасць: зноў Нона прыехала. Заганяе. Замардуе. То тое ёй не так, то гэтае...

... Кіно скончылася, ідуць навіны, а Казюткіны – ад малога да старога – усё яшчэ сядзяць перад экранам тэлевізара і ўспамінаюць, пра што ж яно было.

РАДАСЦЬ

Дадому стары Зюлеў вярнуўся надзвычай узрушаны і ўсхваляваны. Свяціўся, бы лямпачка. Хуценька скінуў плашчык, павесіў на цвік капялюш, а потым перавёў позірк на жонку, якая выйшла нарэшце яму насустрач з залы.

– Цікава, чаму такі радасны?– апярэдзіў кабету стары Зюлеў.

Жонка шчыра прызналася:

– Ты не памыліўся.

– Адгадай. Што, слабо?

–Паспрабую. Прэмію ветэранам выдалі, можа, як удзельнікам вайны?

– А вось і не! А вось і не!

– Кашалёк з грашыма знайшоў?

– Дробязі! Думай лепш, думай лепш!

Але жонка, колькі не называла прычыны радасці старэнькага свайго Зюлева, ніяк не магла патрапіць, што гаворыцца, у яблычка. Здаўся сам дзядуля.

– Мне месца сёння ў тралейбусе ўступілі!– пляснуў ён у аладкі. – Падзея! Запомні гэты дзень. Запішы дзе-небудзь... Будзем святкаваць. А ты – прэмію, кашалёк... Пазвані сыну, абрадуй і яго. Суседзям скажы. Няхай і яны парадуюцца...

ШЧЫРАЯ ЛЁКСА

Прыехала Лёкса ў горад. Пасля пенсіі. Грошай быццам бы шмат, а на цэннік гляне – псуецца настрой: божухны, столькі нулёў! Прымяралася да рэчаў, бо і боты трэба, і кухвайка, і панчохі, і яшчэ шмат якая трасца, але ж... нулі, каб ім тлумна стала!

Нічога не купіла старая. Рашыла не спяшацца і падумаць: набываць тыя рэчы ці пачакаць? Шкада, па праўдзе кажучы, грошай.

Пакуль хадзіла-блукала па крамах і гарадскім рынку, дужа прагаладалася. Пацікавілася, колькі каштуе бяляш. Адказалі. Ого! У Лёксы вочы палезлі на лоб. Але голад – не цётка. Старая махнула рукой і ўголас сказала:

– Давайце бяляш! Як успомню, колькі мужык мой прапівае, дык і нядорага.

Пахадзіла, пахадзіла – зноў есці захацелася. Спынілася каля латка з чабурэкамі. Адзін каштуе?.. Ого! Але ўспомніла Лёкса, колькі прапівае яе муж, і папрасіла чабурэк. Хоць і шкада было грошай.

З’ела – як языком лізнула: было б што там есці!

«Мо і марожанага пакаштаваць?– падумала старая і доўга глядзела-дзівілася, як людзі набывалі апетытны ласунак. – Вазьму. Няхай сабе і восемдзесят тысяч каштуе. Як успомню, колькі мужык прапівае...»

І падала прадаўшчыцы грошы.

Будзе што ўспомніць беднай Лёксе...

ЕЗДЗІЦЕ СТОЯЧЫ, СТАРЫЯ!

Маналог студэнта

Ну, і што ты скажаш ім, старым!? Сёння ж, далёка хадзіць не трэба, тузае мяне за плячо дзядуля. У тралейбусе. Я сяджу, як і мае быць, слухаю музыку і еду да сябе... ва універсітэт... на другую пару. А ён тармосіць. Паварочваюся. Што табе, выкапень дваццатага веку, патрэбна, га-а? А ён пальцам торкае на сваю бабулю... такую, даруйце, выкапнёвую статую, як і сам: «Малады чалавек, а не маглі б вы саступіць месца бабулі?» Чулі? Бачылі? А чаму – я? Чаму, пытаюся, я? Крайняга знайшлі? Ды і хіба я вінаваты, што ў мяне бацькі сумленныя і я езджу ў грамадскім транспарце на лекцыі? Вам, можа, захочацца заўтра на «Опелі» праехаць... Што, будзеце спыняць іншамарку, карабкацца ў салон легкавіка насуперак волі гаспадара? Не? А тут, у тралейбусе, што – можна? Я, дарэчы, заплаціў... як і належыць. Сам. Без пратэкцыі прэзідэнта. Ды і паглядзіце вакол, старыя, хіба я адзін, малады, сяджу? Усе маладыя сядзяць, бо яны лаўчэйшыя, гэта і зразумела, таму і захапілі месцы, калі на канчатковым прыпынку штурмам бралі тралейбус. Яшчэ не хапала, каб вы і тут наперад вырваліся. Хе!

Не, я нічога не сказаў крыўднага старому, адвярнуўся, у шыбу гляджу, музыку слухаю. Еду. А ён зноў: «Малады чалавек...» І на бабульку паказвае. На каго там глядзець? Шапка з норкі, значна старэйшай, чым сама, і маршчыны...узаранае поле. Божухны! «Не маглі б вы саступіць?» Блін, дастаў! Ну сказаў жа я табе...хіба па вачах не бачыш, павук стары, што месца занята. Ды і хто сказаў, што вы, старыя, павінны ездзіць седзячы. Дзе запісана? У якой Канстытуцыі? Можа вам яшчэ і ложак у тралейбусе паставіць? Дык і так спіце багата... Пенсія... сон... сон... пенсія... А што яшчэ вы бачыце, пра што яшчэ гамоніце?!