– Ну, дык ты пойдзеш за мяне замуж? – нарэшце Мішка Бараболька выпрастаўся, абапёрся рукамі аб краёк стала. – Я да цябе звяртаюся, Вольга: пойдзеш ці не?
– Пайду, – крыху разгублена мовіла бухгалтарка Волечка.
– Усе чулі? – чамусьці паглядзеў не на сватоў, а ў залу Мішка Бараболька. – Усе. Лідка, а ты чула?
Лідка, старшыня, дзед Міхей і ўсе астатнія пачалі здзіўлена пераглядацца паміж сабой, паціскалі плячыма: нічога не разумелі, ды і чаму ён назваў артыстку-бухгалтарку Вольгай, калі яшчэ раней яна была Наташкай – як у п’есе.
– Казаў жа: закусвай! – першым змікіціў, што адбылося, дзед Міхей. – Неслух!
Мішка Бараболька, хістаючыся, паклыпаў на авансцэну:
– Лідка, ты чула? Я жанюся! На вучонай! Людзі, спектакль спектаклем, мы яго працягнем... без антракту дадзім, не хвалюйцеся, але ж я жанюся па-сапраўднаму, і вы засвідзецельствуйце гэта. Га?
– Я... я нічога такога вам не абяцала! – паружавела бухгалтарка, цыўнула вачамі. – Я ж думала... гэта ж па п’есе! – і яна, затуліўшы тварык далонямі, схавалася за кулісамі.
Нехта запляскаў у далоні, і ўсе – дзіва! – падтрымалі яго. Акрамя старшыні. Той узняўся, папрасіў, каб супакоіліся.
– Рэжысёра! – з годнасцю запатрабаваў старшыня.
– Я! – белы, як свежы снег, выбег на сцэну рэжысёр аграном Цыбулькін.
– Замяніць жаніха! Дублёр, ці як у вас там, ёсць?
– Не, няма, – заплюскаў вачамі рэжысёр аграном Цыбулькін.
– Як гэта мяне замяніць? – паківаў непаслухмяным пальцам Мішка. – Мяне? Можна сказаць, заслужанага... замяніць? А вы тэатр Янкі Купалы ўяўляеце без Станюты або Аўсяннікава? Не. Правільна. А вось знойдзецца які-небудзь дурань і скажа: замяніць! Старшыня, ты тута не распараджайся. Ты ў мастацтве – нуль. Без палачкі. Запомні. Кіруй пасяўной. Зразумела? А будзеш несці лухту, то я магу табе багата пра што напомніць. Магу расказаць вось усім гледачам, верным нашым патрыётам, заядлым нашым тэатралам, які ты ў горадзе маёнтак пабудаваў з васемнаццаці пакояў. За чые грошы? Га, маўчыш? Праглынуў? А сынам машыны пакупляў – за што? А мяса бярэш кожны дзень свежанькае, калі я, можна сказаць, заслужаны артыст Беражкоў, саланіну хрумстаю, ад чаго на сцэне іншы раз толькі салёным потам прэ... А выбары ўзяць. За Дубко не галасаваў...
– Замяніце яго! – старшыня прытупнуў нагой, выпяў грудзі.
Дзед Міхей паглядзеў на старшыню, усміхнуўся:
– Не, Мішку не заменіш. Ён адзін у нас такі. Артыст!
Першай сіганула з залы Лідка, за ёй, унурыўшы галаву ў плечы, пашоргаў старшыня.
– Спектакль працягваецца! – гукнуў Мішка Бараболька.
Але паплыла заслона, яна адгарадзіла яго ад гледачоў... І на ўсё, мусіць, астатняе жыццё. Толькі ён не вельмі, бачыцца мне, бядуе: усё ж стаў заслужаным артыстам Беражкоў пасля таго спектакля. А гэтага, браткі, не кожны можа дамагчыся. Трэба талент мець.
На спектаклях Мішка Бараболька сядзіць цяпер побач з дзедам Міхеем. Той, бывае, засумуе на прадстаўленні і шапне заслужанаму артысту:
– Скокні, Мішка, на сцэну, адмачы што... Бо жыццё такое, што пасмяяцца хочацца. Скокні, Мішка. Удружы.
А Мішка адмахваецца, як і Лёкса некалі:
– Глядзі!..
Збіраемся на днях, скажу вам па сакрэту, пайсці дэлегацыяй папрасіць старшыню, каб дазволіў усё ж Мішку выйсці на сцэну, бо ў нашых Беражках любяць тэатр. А які ж гэта тэатр – ну, праўда! – без заслужанага артыста?
Так і скажам старшыні: «Заслужаных паважаць трэба! Вярніце Барабольку!»
ПАДФАРЦІЛА
Пашчасціла нарэшце інжынеру Ціханчыку: цяжка ўспомніць, колькі ён ужо гуляе ў гэтае «Спортлато», а толькі нядаўна адхапіў кругленькую суму. Жонка, Капіталіна, з выпадку такой радаснай падзеі абвіла, бы ў маладыя гады, мужа вакол шыі, соладка чмокнула ў шчаку:
– Не зломак ты ў мяне, Ціханчык! Хай усе бачаць! Я ж, хоць і перцу падсыпала табе, калі ты купляў тыя карткі, але сама недзе ў глыбіні душы верыла: падфарціць калі-небудзь і нам, не ўсё ж – ім! Малайчына! Твае грошы – ты імі і распараджайся! У нас заўсёды, не мне табе казаць, справядлівасць была і застаецца на першым плане. Рашай, на што патраціш грошы. Бачу, задумаўся. Дарэмна. Тады я скажу: апрануць цябе трэба, Ціханчык. Абнасіўся ты зусім. Абшарпаўся. На людзі паказвацца сорамна. Купім, значыць, табе новае паліто, плашч, джэмпер і абавязкова андатравую шапку. Усё ж ты пры пасадзе, не апошні чалавек у сваім канструктарскім бюро. Ты на мяне не глядзі, Ціханчык. У мяне ўсё ёсць, здаецца...