Выбрать главу

Усяму гэтаму, вядома, папярэднiчала вялiкая, разнастайная падрыхтоўчая работа навуковых, дыпламатычных, адмiнiстрацыйных устаноў у абедзвюх краiнах. Спатрэбiлася нямала год, пакуль абое бакi на шматлiкiх сустрэчах i нарадах прыйшлi да пагаднення наконт усiх агульных i прыватных пытанняў праграмы "Дэмiвург".

Праграма "Дэмiвург" мела на ўвазе грандыёзную касмалагiчную задачу стагоддзя - вывучэнне планеты Iкс з мэтай выкарыстання яе мiнеральных рэсурсаў, што мелi ў сабе неверагодныя, паводле зямных уяўленняў, запасы ўнутранай энергii. Сотня тон iксiянскай пароды, што даступна ляжала на паверхнi зорнага цела, пры адпаведнай апрацоўцы магла вызвалiць столькi ўнутранай энергii, колькi спатрэбiлася б у пераўтвораным выглядзе ў якасцi электрычнасцi i цяпла ўсёй Эўропе на цэлы год. Такая была энергетычная прырода матэрыi на Iксе, што ўзнiкла ў асаблiвых умовах Галактыкi пад уздзеяннем доўгай планетарнай эвалюцыi, на працягу многiх мiлiярдаў год. Пра гэта сведчылi пробы грунту, якiя неаднаразова дастаўлялiся касмiчнымi апаратамi з паверхнi Iкса, пра тое гаварылi вынiкi экспедыцый, што здзяйснялi колькi разоў высадку на гэтую чырвоную планету нашай Сонечнай сiстэмы.

Вызначальным жа фактарам у карысць праекта асваення Iкса стала тое, чаго не было нi на адной другой вядомай навуцы планеце, уключаючы Месяц i Венеру, наяўнасць свабоднай вады ў сховах такой пустэльнай з выгляду Iксiянскай зоркi. Бясспрэчная наяўнасць вады на Iксе пацвярджалася буравымi пробамi. Паводле разлiкаў вучоных, пад паверхняй Iкса мог залягаць слой вады тоўшчай у некалькi кiламетраў - ён утрымлiваўся ў нязменным стане нiжнiмi пластамi халодных каменных парод.

Наяўнасць такой вялiкай колькасцi вады на Iксiянскай зорцы забяспечвала рэальнасць праграмы "Дэмiвург". Вада ў дадзеным выпадку была не толькi вадкасцю, але i зыходным прадуктам сiнтэзавання iншых элементаў, неабходных для падтрымання жыцця i нармальнай дзейнасцi чалавечага арганiзма ў iншапланетных умовах, найперш паветра для дыхання. Акрамя таго, з вытворчага пункту гледжання вада адыгрывала асноўную ролю ў тэхналогii пярвiчнай флатацыi iксiянскай пароды перад загрузкай яе ў транскасмiчныя кантэйнеры.

Абмяркоўвалася пытанне, дзе найлепш здабываць iксiянскую энергiю: на арбiтальных станцыях у космасе, каб затым перадаваць яе на Зямлю па геасiнхронных арбiтах, цi непасрэдна на самой Зямлi. Але на роздум час яшчэ быў.

Ужо рыхтавалася вялiкая экспедыцыя па доўгатэрмiновай высадцы групы буравiкоў i гiдролагаў, якiм належала забяспечыць пастаянны, з аўтаматычным кiраваннем, прыток вады з iксiянскiх сховiшчаў у сiстэму водаправодаў. Арбiтальная станцыя "Парытэт" была, карыстаючыся тэрмiнам альпiнiстаў, галоўным базавым лагерам на шляху да Iкса. На "Парытэце" ўжо былi збудаваны неабходныя канструкцыi для прычальвання, разгрузкi i пагрузкi транспартных "чаўнакоў", якiя будуць снаваць памiж Iксам i "Парытэтам". З часам, як збудуюцца блокi, на "Парытэце" змаглi б размясцiцца больш за сто чалавек у даволi камфартабельных умовах, уключаючы пастаянны прыём тэлевiзiйных перадач з Зямлi.

У гэтым вялiкiм касмiчным мерапрыемстве здабыча i аналiз iксiянскай вады былi б першым актам вытворчай дзейнасцi, якую калi-небудзь ажыццяўляў чалавек па-за межамi сваёй планеты...

I гэты дзень наблiжаўся. I ўсё iшло да таго...

На Саразекскiм i Нявадскiм касмадромах завяршалася апошняя падрыхтоўка да гiдратэхнiчнай аперацыi на Iксе. "Парытэт", знаходзячыся на арбiце "Трамплiн", быў напагатове да прыняцця i перакiдкi на Iкс першай рабочай групы касмiчных цалiннiкаў.

Па сутнасцi, сучаснае чалавецтва стаяла ля вытокаў сваёй пазаземнай цывiлiзацыi.

Менавiта ў гэты момант, напярэдаднi ажыццяўлення засылкi першай групы гiдролагаў на Iкс, два парытэт-касманаўты, што знаходзiлiся на арбiце "Трамплiна" з доўгатэрмiновай касмiчнай вахтай на "Парытэце", бясследна знiклi...

Яны раптам перасталi адказваць на сiгналы наогул - нi ў запланаваны час сеансаў сувязi, нi ў iншы час. Уражанне было гнятлiвае - акрамя датчыкаў, што пастаянна значылi месцазнаходжанне станцыi, i канала карэкцыi яе руху, усе астатнiя сiстэмы радыётэлевiзiйнай сувязi бяздзейнiчалi.

Час iшоў. "Парытэт" не адказваў нi на якiя звароты да яго. Трывога на "Канвенцыi" ўзрастала. Рабiлiся розныя прапановы, узнiкалi розныя здагадкi. Што з iмi, з парытэт-касманаўтамi? У чым прычына iхняга маўчання? Цi не захварэлi, цi не атруцiлiся якой непрыгоднай ежай? I наогул, цi жывыя яны?

Нарэшце, было выкарыстана ўсё, апошнi сродак - быў пасланы сiгнал на ўключэнне сiстэмы агульнай пажарнай трывогi на станцыi. Нiякай рэакцыi i на гэта.

Над праграмай "Дэмiвург" навiсла сур'ёзная небяспека. I тады Абцэнупр на "Канвенцыi" скарыстаў апошнiя свае магчымасцi для высвятлення абставiн. Да "Парытэта" былi тэрмiнова запушчаны на стыкоўку са станцыяй два касмiчныя караблi з двума касманаўтамi - з Нявадскага i Саразекскага касмадромаў.

Калi сiнхронная стыкоўка ажыццявiлася, што само па сабе было справай надзвычай цяжкай, першая вестка, якую атрымалi ад касманаўтаў, што трапiлi на "Парытэт", была ашаламляльнай: абышоўшы ўсе адсекi, усе лабараторыi, усе паверхi, усе да апошняга куткi, яны паведамiлi, што не знайшлi на борце станцыi парытэт-касманаўтаў. Iх тут не было, нi жывых, нi мёртвых.

Такое не магло прыйсцi ў галаву нiкому. Нiякае ўяўленне не магло дапусцiць таго, што адбылося, куды раптам прапалi два чалавекi, што знаходзiлiся больш двух месяцаў на арбiтальнай станцыi, да гэтага часу дакладна выконваючы ўсе ўскладзеныя на iх функцыi. Не ператварылiся ж яны ў пару? Не выбралiся ж у адкрыты космас!

Сеанс абследавання "Парытэта" праходзiў пры прамой радыётэлевiзiйнай сувязi з "Канвенцыяй", пры непасрэдным удзеле абодвух генеральных сукiраўнiкоў - галоўных парытэт-планетолагаў. Было добра вiдно на мностве экранаў Абцэнупра, як касманаўты-кантралёры, перамаўляючыся, абыходзiлi, праплывалi ў бязважкасцi ўсе блокi i памяшканнi арбiтальнай станцыi. Яны абследавалi станцыю пядзя за пядзяй, пры гэтым увесь час дакладваючы пра свае назiраннi. Гэтыя размовы былi захаваныя магнiтафонным запiсам: