Выбрать главу

Дых заняло - са стэпу патыхала ледзь улоўным водарам палыну, духам маладой яшчэ вясны, што пачынала ўладарыць на зааральскiх прасцягах. Вось i яны, родныя мясцiны!

Едыгей добра ведаў станцыю, прыстанцыйны пасёлак на беразе мора. Гразюка налiпала на боты. Ён iшоў да знаёмых, каб пераначаваць там i ранiцай падацца да свайго рыбацкага аула Жангельдзi, адлегласць да якога была немалая. I сам таго не заўважыў, як вулка вывела яго на ўскраiну, на самы бераг. I тут Едыгей не ўцярпеў, падышоў да мора. Спынiўся ля шумлiвай берагавой палоскi. Прыхаванае цемрай, мора давала аб сабе знаць няпэўным святлом, грэбнямi хваляў, што вынiкалi раптам са смугi i тут жа нiшчылiся. Месяц быў перадсвiтальны ўжо - бялеўся плямкай за аблачынай у вышынi.

Вось i сустрэлiся, значыцца.

- Дзень добры, Арал, - бадай што ўслых падумаў Едыгей. А потым прысеў на камень, запалiў, хоць дактары i не раiлi палiць пры кантузii. Пазней ён наогул кiнуў палiць. А тады расхваляваўся - што там тытунь, тут як жыць, невядома. У мора выходзiць - трэба моцныя рукi мець, храсткi здаровыя мець i, найперш, здаровую галаву, каб не загайдала ў шаландзе. Быў прамысловым рыбаком да фронту, а цяпер хто ён? Iнвалiд не iнвалiд, а наогул нi на што не варты. I найперш галава для рыбацкага промыслу стала не тая - гэта так.

Едыгей наважыў быў пайсцi, як на ўзбярэжжы аднекуль паявiўся белы сабака. Ён бег трухам паўз ускрай вады. Час ад часу прыпыняўся, заўзята абнюхваючы мокры жвiр. Едыгей прынадзiў яго. Сабака даверлiва падышоў, стаў побач, памахваючы хвастом. Едыгей паказытаў яму ў зашыйку.

- Ты адкуль, га? Адкуль бяжыш? А як зваць цябе? Арстан? Жалбарс? Барыбасар? А-а, я разумею, ты шукаеш рыбу на беразе. Ну, малайчына, малайчына! Толькi не заўсёды мора выкiдвае пад ногi тую рыбку. Але што рабiць! Даводзiцца бегаць! Таму i худы такi. А я, браток, дадому вяртаюся. З-пад Кёнiгсбергу. Не дайшоў трохi да гэтага горада, так шандарахнула снарадам, што ледзь жывы застаўся. А цяпер вось думаю-мяркую, як быць. Што ты так глядзiш? Нiчога ў мяне няма для цябе. Ордэны ды медалi... Вайна, дружа, галадуха паўсюль. А так хiба было б шкада?.. Чакай, тут вось цукеркi ёсць, для сына вязу, ён у мяне бегае ўжо, бадай...

Едыгей не паленаваўся, развязаў напаўпусты рэчмяшок, у якiм была прыгаршча тых цукерак, загорнутых у газету, хустка для жонкi, купленая ў спекулянтаў. I была яшчэ ў рэчмяшку пара салдацкай бялiзны, рэмень, пiлотка, запасная гiмнасцёрка, штаны - вось i ўвесь запас.

Сабака злiзнуў з далонi цукерку, захрумсцеў ёю, вiляючы хвастом i ўважлiва, аддана гледзячы абнадзеянымi вачамi.

- Ну, а цяпер бывай.

Едыгей падняўся i пайшоў берагам. Рашыў не надакучаць на станцыi, блiзка свiтанне было, трэба было дабiрацца неяк да свайго аула Жынгельдзi.

Толькi апоўднi таго дня дабраўся ў Жангельдзi, увесь час iдучы берагам мора. А да кантузii за дзве гадзiны прабягаў адлегласць тую. I на табе сыночка, высветлiлася, даўно няма ў жывых. Калi Едыгея мабiлiзавалi, малому было паўгода. I такi ўжо лёс - памерла малое ў адзiнаццаць месяцаў. Захварэў на краснуху i не змог агню нутранога, згарэў, апаў попелам. Пiсаць бацьку пра тое на фронт не сталi. Куды i навошта пiсаць? На вайне i без таго ўсялякага хапае. Вернецца жывы, даведаецца, пасмуткуе, перажыве. А вы маладыя, казалi жонцы ў ауле, народзiце яшчэ, чаму не? "Галiна абламалася, затое ствол цэлы". I яшчэ, можа, меркаванне было: вайна яна вайна, цi мала што - куля абмiне, дык няхай хоць з надзеяй развiтаецца з белым светам: маўляў, спадчыннiк ёсць, роду не звесцiся...

А Укубала за ўсё кляла толькi сябе. Ад плачу заходзiлася, абдымаючы ацалелага мужа. Бо чакала гэтага дня з надзеяй i болем непагасным, змарнела ўся, чакаючы. Расказвала, захлiпваючыся слязьмi, што старая адразу здагадалася пра краснуху, казала, што трэба дзiцяцi захутаць як цяплей у коўдру з вярблюджай поўсцi ды трымаць у поўнай цемры, ды паiць цёпленькай вадзiчкай, а там ужо воля боская, агонь спадзе, дзiця выжыве. А яна, гаротнiца, не паслухалася той старой. Папрасiла ў суседзяў калёсы да павезла хворае дзiця на станцыю да доктаркi. А калi дабралася да Аральску на калёсах тых, дык было позна ўжо. Згарэў хлапчук па дарозе. Доктарка лаяла яе ўжо, лаяла. Кажа, трэба было табе паслухацца той старой...

Вось якiя навiны чакалi Едыгея дома, як толькi ён пераступiў парог. Скамянеў, учарнеў ад гора з той пары. Не думаў ён раней нiколi, што засумуе гэтак па малым дзiцёнку, па першынцу сваiм, якога нават не панянчыў. Яшчэ горай было ад гэтага.

Тады i пачалося. Знелюбеў Едыгею аул. Некалi тут, на суглiнiстым прыгарбку, было з паўсотнi двароў. З рыбы аральскай жылi. Арцель стаяла. А цяпер застаўся ўсяго дзесятак мазанак пад абрывам. Мужчын нiкога - усiх вайна падабрала. Старыя ды малыя i тыя ўсе на ўлiку. А хто i падаўся ў аулы калгасныя, жывёлагадоўчыя, каб з голаду не памерцi. Распалася арцель. Некаму стала выходзiць у мора.

Укубала таксама магла паехаць да сваiх, сама была са стэпавых плямёнаў. За ёй прыязджалi сваякi, хацелi забраць да сябе. Перачакаеш, маўляў, у нас злыбяду, а вернецца з фронту Едыгей - нiхто цябе трымаць не стане, вернешся адразу на сваё рыбацкае селiшча. Але Укубала рашуча адмовiлася: "Буду чакаць мужа. Сыночка страцiла. Калi вернецца сам жывы, дык няхай хоць жонку знойдзе на месцы. Я не адна тут, старыя ды малыя ёсць, памагаць iм буду, пражывём агулам".

Добра яна зрабiла. Ды толькi Едыгей з першых дзён пачаў гаварыць, што не можа ён без справы заставацца тут, ля мора. Можа, i праўду казаў. Сваякi Укубалы, калi прыйшлi пабачыцца з Едыгеем, прапанавалi перабрацца да iх. Пажывеш, маўляў, у нас пры атарах у стэпе. А там паздаравееш, зоймешся справай якой, скацiну пасвiць будзеш.

I тады наважылi яны з Укубалай рызыкнуць. Захацелi на чыгунку падацца. Думалi, знойдзецца якая вартая работа для Едыгея - вартаўнiком дзе-небудзь або на пераездзе шлагбаўм адкрываць ды закрываць. Павiнны ж даць нейкую работу iнвалiду-франтавiку.

З тым i рушылi з аула ўвесну. Маладыя былi, нiчым пакуль не звязаныя. Першым часам на станцыях розных начавалi. Але работы не шанцавала знайсцi. З жытлом было яшчэ горш. Жылi дзе давядзецца, задавальнялiся рознай выпадковай работай на чыгунцы. Укубала тады выручала - здаровая ды маладая, яна i працавала найбольш. Едыгей, як мужчына нiбы цягавiты, дамаўляўся на работу, а Укубала тую работу рабiла.