Выбрать главу

Такiм чынам апынулiся яны аднойчы, недзе ў разгары вясны, на вялiкай вузлавой станцыi Кумбель. Вугаль разгружалi. Вагоны з вугалем падавалiся па запасных пуцях проста на тылы дэпоўскай гаспадаркi. Тут вугаль скiдалi спачатку на зямлю, каб хутчэй вызвалiць платформы, а потым на тачках перавозiлi туды, дзе рабiлiся бурты, аграмадныя, як дамы. Запас на цэлы год. Непамерна цяжкая, пыльная, брудная была работа. Але i жыць трэба. Едыгей накiдваў грабаркай той вугаль на тачку, а Укубала адвозiла тачку ўгору па насцiлу, там выварочвала яе i зноў вярталася ўнiз. Зноў насыпаў Едыгей тую тачку, i зноў Укубала, бы каняка якая, кацiла ўгору цяжкi, не для бабскай сiлы груз. А тым часам рабiлася ўсё гарачэй дзень пры днi, i ад той гарачынi, ад таго вугальнага пылу млосна рабiлася Едыгею, блажыла яго. Сам адчуваў, як пакiдаюць яго сiлы.

Але больш за ўсё непакоiла яго, прыгнятала тое, што жонцы даводзiлася, задыхаючыся ў чорнай пылюцы, рабiць замест яго тое, што трэба было рабiць яму. Цяжка было глядзець на яе. З галавы да пят уся ў чорным вугальным прысаку, толькi адны бельмы вачэй ды зубы свецяцца. А сама ўся мокрая ад поту. Бруднымi пiсягамi сцякаў вугальна-чорны пот на шыю, на грудзi, на спiну. Каб ён быў па-ранейшаму моцны, хiба дапусцiў бы такое! Сам адзiн перакiдаў бы дзесятак вагонаў гэтага праклятага вугалю, каб толькi не бачыць жончыных пакутаў.

Калi яны пакiдалi свой апусцелы рыбацкi аул, спадзеючыся, што Едыгею як параненаму франтавiку знойдзецца якая работа, не ўлiчылi аднаго: што такiх франтавiкоў усюды было аж даволi. I ўсiм iм трэ было неяк падладжвацца пад новае жыццё. Добра яшчэ, што ў Едыгея ацалелi рукi i ногi. А колькi знявечаных - бязногiх, бязрукiх, на мылiцах i пратэзах - пабачыла тады чыгунка. Доўгiмi начамi, калi, уладкаваўшыся дзе ў кутку ў перапоўненым, смуродным станцыйным памяшканнi, яны бавiлi ноч, Укубала, наперад папрасiўшы прабачэння, дзякавала богу за тое, што муж яе побач, з ёй, што яго пашкадавала вайна, не скалечыла так, каб было да адчаю роспачна i невыносна. Бо тое, што яна бачыла на станцыях, пасялiла ў ёй жах i пакуту. Што чакала кожнага з iх, чым можна было заплацiць за тое, што болей было за любую плату? I толькi за адно тое, што такая бяда абмiнула яе, а магла i не абмiнуць, за тое, што муж вярнуўся хай i з кантузiяй, але не знявечаны, Укубала была гатовая аддзячыць усяму свету самай пякельнай працай. I таму яна не скардзiлася, не падавала выгляду, нават калi не ставала сiлы цягаць ногi, калi, здавалася, не хапала трывання.

Але Едыгею ад гэтага было не лягчэй. Варта было нешта прыдумаць, неяк мацней адчуць сябе ў жыццi. Не век жа блукаць. I ўсё часцей прыходзiла ў галаву думка: а што, калi сказаць сабе "таўбакель"* i падацца куды ў горад, а там ужо як пашанцуе. Толькi каб здароўе вярнулася, толькi б выкараскацца з гэтай кантузii праклятай. Тады яшчэ можна было б пазмагацца, пастаяць за сябе... Усяляк магло, вядома, перакруцiцца для яго i ў горадзе, але, можа, прыжылiся б неяк, як шмат хто, ды лёс памеркаваў iначай. Так, гэта лёс быў, бо iнакш як назваць той выпадак...

* Таўбакель - была не была.

У тыя днi, калi яны гаравалi на станцыi Кумбель, наняўшыся на буртоўку вугалю, на дэпоўскiм двары паявiўся аднойчы нейкi казах верхам на вярблюдзе дапяў сюды, мусiць, са стэпу дзеля сваiх спраў. Так яно падалося. А той пусцiў вярблюда пасвiцца на лубяк поблiзу, а сам, заклапочана азiраючыся, пайшоў з пустым мехам пад пахай.

- Гэй, браток, - сказаў ён да Едыгея, параўняўшыся з iм, - калi ласка, прыгледзь, каб малыя не дурэлi. Звычка ў iх дурная - дражняць, б'юць жывёлу. А то i распутаць могуць дзеля пацехi. А я зараз, мне ненадоўга.

- Iдзi, iдзi, прыгледжу, - паабяцаў Едыгей, шчыруючы з грабаркай i абцiраючыся чорнай, пацяжэлай ад поту анучкай.

Пот лiў з твару не перастаючы. Едыгей так i гэтак таптаўся каля вугальнай кучы, нагружаючы тачку. Але чаму не прыгледзець, каб станцыйныя вiсусы не дакучалi вярблюду? Неяк ён бачыў iхнiя гарэзы - да таго давялi жывёлу, што яна пачала зласлiва крычаць у адказ, плявацца ды ганяцца за iмi. А iм задавальненне, бач, i як першабытныя паляўнiчыя, што дзiкiм кагалам абкружалi звера, бiлi цяпер яго камянямi ды дубцамi. Давялося цярпець беднаму вярблюду, пакуль паявiўся гаспадар...

I гэты раз, як на тое, шумлiвая гурма дзятвы прымчала ганяць футбольны мяч. I пачалi яны яго ганяць, цаляючы ў вярблюда. Вярблюд ад iх, а яны мячыкам па баках яму бэхаюць як ямчэй ды мацней. Хто патрапiць, радуецца, нiбы гол забiў...

- Гэй, вы, ану прэч адсюль, не чапайце! - памахаў iм грабаркай Едыгей. - А то я вам вось зараз...

Малеча адхлынула, падумала, можа, што гаспадар, а можа, надта страхавiтым быў ягоны выгляд, а можа, падумалi, што п'яны, i пабеглi далей, б'ючы па мячу. I ў галаву не прыйшло, што нiчога iм не пагражала. Нiзавошта Едыгей iх не дагнаў бы. Кожная мерка вугалю, кiнутая iм на тачку, каштавала яму вунь якога высiлку. Нiколi не думаў, што так брыдка, так сорамна быць нямоглым, хворым, лiчы, нiякiм. Галава ўвесь час кружылася. I пот адольваў. Цёк i цёк. А пыл забiваў дыханне, душыла харкавiнне. Укубала ўсё парывалася прыняць на сябе як болей работы, каб яму было лягчэй, а то каб i пасядзеў дзе ў цяньку, нагружала тачку i везла яе.

Не мог, аднак, Едыгей спакойна глядзець на гэта, зноў уставаў, ледзь не хiстаючыся, браўся за справу...

Той чалавек, якi папрасiў прыгледзець за вярблюдам, скора вярнуўся з ношкай на спiне. Спарадкаваўшы яе на сваёй жывёлiне, ён падышоў да Едыгея перакiнуцца слоўцам. I размова зладзiлася. Чалавек той быў Казангап з раз'езда Баранлы-Буранны...

Землякамi яны адзiн аднаму даводзiлiся. Казангап расказаў, што ён таксама родам з прыбярэжных аральскiх аулаў. Гэта i зблiзiла iх.

Тады яшчэ i думкi не было, што гэтая стрэча прадвызначыць усё далейшае жыццё Едыгея i Укубалы. Проста Казангап пераканаў iх пайсцi разам з iм на раз'езд Баранлы-Буранны, жыць i працаваць там. Ёсць жа людзi, да якiх пахiнешся з першага знаёмства. Нiчога асаблiвага ў Казангапу не было, можа, толькi сама прастата сведчыла, што гэта чалавек, жыццёвая кемнасць якога здабыта нялёгкiм вопытам. Выглядам ён быў самы звычайны казах у парудзелым, паношаным адзеннi, што добра асвойталася з гаспадаром. Штаны з казiнай скуры, мабыць, былi на iм не так сабе - каб зручней ездзiць на вярблюдзе. Але ён i ведаў цану рэчам: амаль новая, ашчаджаная на час выездаў чыгуначная фуражка сядзела зграбна на ягонай вялiкай галаве, боты хромавыя, хоць i не новыя, былi акуратна падлатаны ў колькiх месцах i прашыты дратвай. Што ён карэнны стэпавы чалавек, працаўнiк, можна было здагадацца па ягоным задубелым ад спякотнага сонца i частага ветру твары i цяжкiх жылiстых руках. Ссутуленыя ад працы, плечы ягоныя магутна абвiслi, i таму шыя здавалася доўгай, плаўнай, не раўнуючы, як у гусака, хоць i росту ён быў звычайнага. Адметныя ў яго былi вочы: уважлiвыя, яны нiбы разумелi ўсё, а яшчэ ўсмешлiвыя: так i стралялi маршчынкамi, калi прыжмурваўся.