Выбрать главу

Тым ранкам ад'язджаў Казангап на фронт. Ад'язджаў адзiн, без усялякiх праводзiн. Калi яны выйшлi з дому, Букей прыпынiлася, сказала, што ў яе ад снегу закружылася галава. Казангап падхапiў захiнутае ў цёплае дзiця з яе рук. Тады ўжо Айзада ў iх была. I яны пайшлi, магчыма, апошнi раз пакiдаючы сляды побач на снезе. Але не жонка праводзiла Казангапа, а ён пасля давёў яе да стрэлачнай будкi, перад тым, як сесцi на таварняк да Кумбеля. Цяпер Букей заставалася стрэлачнiцай замест мужа. Тут яны развiталiся. Усё, што трэба было сказаць, было сказана яшчэ ноччу. Паравоз стаяў ужо, гатовы ў дарогу. Машынiст прыспешваў, рабiў знакi Казангапу. I як толькi Казангап развiтаўся канчаткова, як пабег да паравоза, той даў доўгi гудок, а потым ужо, забраўшы Казангапа, пастукваючы коламi, папоўз на стрэлку, дзе, адкрыўшы iм пуць, стаяла Букей, туга павязаная хусткай, у мужчынскiх ботах, са сцяжком у адной руцэ, з дзiцём у другой. Апошнi раз памахалi адно аднаму. Мiльганулiся - аблiчча, пагляд, рука, семафор...

А цягнiк тым часам усё iмчаў, пакрываючы ляскатам маўклiвасць саразекаў, што наплывалi на цягнiк i адплывалi ад яго, як нейкi белы сон. Вецер бiўся аб паравоз, несучы з сабой пах свежага, нечапанага паху стэпавага снегу... Казангап стараўся як даўжэй затрымаць у лёгкiх гэты пах саразекскiх прастораў i зразумеў, як зямля гэтая дарагая яму...

На Кумбелi iшла адпраўка мабiлiзаваных. Строiлi ўсiх у рады, рабiлi пераклiчку i размяркоўвалi па вагонах. I вось тут здарылася дзiўная гiсторыя. Калi Казангап пайшоў са сваёй калонай на пагрузку, нехта з работнiкаў райваенкамата дагнаў яго на хаду.

- Асанбаеў Казангап! Хто тут Асанбаеў? Выйсцi са строю! Iдзi за мной!

Як сказана, так i зрабiў Казангап.

- Я Асанбаеў!

- Дакументы!.. Правiльна. Ён самы. А цяпер за мной.

I яны пайшлi назад на станцыю, дзе памяшчаўся пункт збору, i той чалавек сказаў яму:

- Вось што, Асанбаеў, ты давай вяртайся дамоў. Едзь назад. Зразумеў?

- Зразумеў, - адказаў Казангап, хоць нiчога не зразумеў.

- У такiм разе тэпай адсюль, не замiнай тут. Ты свабодны.

Казангап застаўся ў трывожлiвым натоўпе тых, хто ад'язджаў i хто праводзiў, ён быў разгублены, хоць напачатку i ўзрадаваўся быў, а потым раптам аж горача стала яму ад здагадкi, што мiльганулася ў свядомасцi. Дык вось яно што! I ён пачаў прабiвацца праз людскi натоўп да дзвярэй начальнiка збору.

- Куды ты, куды лезеш? - закрычалi тыя, што таксама хацелi трапiць да начальнiка.

- У мяне тэрмiновая справа! Эшалон адыходзiць, тэрмiновая справа! - I прабiўся.

У накураным да шызай iмглы пакоi, сярод тэлефонаў, папер i людзей, што цiснулiся да стала, ахрыплы чалавек узняў знерваваны твар ад стала, калi Казангап працiснуўся да яго.

- Ты чаго, якое пытанне?

- Я не згодны.

- З чым не згодны?

- Бацька мой быў апраўданы з тым, што трапiў пад перагiб. Ён не кулак! Праверце ў мяне ўсе паперы! Ён апраўданы як серадняк!

- Чакай, чакай! Чаго табе трэба?

- Калi мяне не бярэце з гэтай прычыны, дык гэта няправiльна.

- Слухай, не баламуць. Кулак, серадняк - каму цяпер справа да гэтага? Ты адкуль звалiўся? Ты хто такi?

- Асанбаеў з раз'езда Баранлы-Буранны.

Начальнiк пачаў зазiраць у спiсы.

- Так бы i сказаў. Тлумiш тут галаву. Серадняк, бядняк, кулак! На табе броня. Памылкова выклiкалi. Ёсць загад самога таварыша Сталiна - чыгуначнiкаў не чапаць, усе застаюцца на месцах. Давай не перашкаджай тут, ганi на свой раз'езд i справай займайся...

Надвячорак заспеў iх недзе ў дарозе, непадалёк ад Баранлы-Бураннага. Цяпер яны зноў наблiжалiся да чыгуначнай лiнii, i ўжо чуваць былi паравозныя гудкi, i можна было разгледзець вагонныя саставы. Здалёк у саразеках яны выглядалi несамавiтымi, як цацкi. Сонца паволi згасала за iмi, высвечваючы i адначасна як бы прыцяняючы чыстыя лагi i ўзгоркi наўкол, i разам з тым нячутна нараджаўся на зямлi прыцемак, глухнучы ад сiнiзны i пахаў вясновай зямлi, што дыхала яшчэ зiмовай халадэчай i вiльгаццю.

- Вось наш Баранлы! - паказаў рукой Казангап, павярнуўшыся да Едыгея на вярблюдзе i да Укубалы, што была побач. - Цяпер мала засталося, скора дабярэмся, памагай бог. Адпачнеце.

Наперадзе, там, дзе чыгунка ледзь прыкметна выгiналася, на пустэльнай роўнядзi стаяла колькi дамкоў, а на запасным пуцi чакаў адкрыцця семафора чарговы састаў. I далей i наўкол чыстае поле, адхонныя ўзгоркi - нямая, нямераная пространь, стэп ды стэп...

Сэрца ў Едыгея затрымцела - сам прыморскi стэпавiк, звыклы да аральскай галiзны, ён не чакаў такога. Ад сiняга, ад вечна зменлiвага мора, на беразе якога вырас, да пустэльнага бязмор'я! Як жа тут жыць?!

Укубала, iдучы побач, паклала руку на Едыгееву нагу i прайшла так колькi крокаў, не забiраючы рукi. Ён зразумеў. "Нiчога, - казала яна, - галоўнае, каб здароўе тваё вярнулася. А там пажывем - пабачым..."

Так наблiжалiся яны да мясцiны, дзе належала iм, як выявiлася потым, пражыць доўгiя гады - усё астатняе жыццё.

Неўзабаве сонца згасла, i ўжо ў цемначы, калi выразна на саразекскiм небе пазначылiся шматлiкiя зоры, яны дабралiся да Баранлы-Бураннага.

Некалькi дзён жылi ў Казангапа. А потым аддзялiлiся. Далi iм пакой у тадышнiм бараку для пуцейскiх рабочых, i так пачалося iх жыццё на новым месцы.

Пры ўсiх нягодах i цяжкасцях, асаблiва напачатку, несумненным набыткам былi ўсё ж паветра i малако. Паветра было невыказнай чысцiнi, другi такi некрануты, першародны, можна сказаць, свет знайсцi было цяжка.

- Мы тут з жонкай параiлiся, - сказаў Казангап, - нам свайго малака хапае, а вы бярыце сабе на падой нашу Белагаловую. Яна вярблюдзiца маладая, але малако добрае ў яе. Даглядайце i карысць майце, толькi глядзiце, каб сысуна не замарыць. Ён ваш, мы з жонкай так парашылi. Зберажэш - статак ад яго завяжацца. Надумаеш раптам ад'язджаць - прадасi, грошы будуць.

Сысунок у Белагаловай - чарнявенькi, з малюсенькiмi цёмненькiмi гарбочкамi - нарадзiўся ўсяго два тыднi таму. I такi наўздзiў вiрласценькi - вялiкiя, пуклявыя вiльготныя вочы яго свяцiлiся дзiцячай нейкай ласкай i цiкаўнасцю. Iншым разам ён пачынаў смешна бегаць, падскокваць, гарэзiць каля маткi i клiкаць яе, калi заставаўся ў загончыку, амаль чалавечым жаласным галаском. Хто мог бы падумаць - гэта i быў будучы Буранны Каранар. Той самы нястомны i магутны, якi стане з часам славутасцю гэтых мясцiн. З iм будуць звязаны шмат якiя падзеi ў жыццi Бураннага Едыгея. А тады сысунку патрэбны быў хiба догляд. Моцна прыкiпеў душой да яго Едыгей. Аддаваў яму ўвесь вольны час. На зiму маленькi Каранар выйшаў падрослым, яму пашылi цёплую папонку, што зашпiлялася на падбрушку. У гэтай папонцы ён быў i зусiм смешным - толькi галава, шыя, ногi ды два гарбылькi вытырквалiся. У той апранасе ён хадзiў усю зiму i пачатак вясны - цэлыя суткi ў стэпе пад адкрытым небам.