- Разумею, але нам жа на могiльнiк. Ён тут недалёка. Што тут такога? Пахаваем i назад. Нiякай затрымкi.
- Не магу. Не маю права, - адказаў вартавы.
- Паслухай, родны. - Едыгей нахiлiўся з сядла так, каб лепей было вiдаць яго баявыя ордэны i медалi. - Не староннiя мы. Мы з раз'езда Баранлы-Бураннага. Чуў, пэўна. Мы свае людзi. Пахаваць вось трэба. Мы толькi на могiльнiк i назад.
- Ды я ж разумею, - пачаў быў вартавы, пацiскаючы плячамi, але тут не ў час падышоў Сабiтжан з напускным выглядам важнага, дзелавога чалавека.
- Што такое? У чым справа? Я з аблпрадсавета, - заявiў ён. - Чаму затрымка?
- Таму што нельга.
- Я ж кажу, таварыш паставы, што з аблпрафсавета.
- А мне ўсё роўна, адкуль вы.
- Як гэта так? - сумеўся Сабiтжан.
- А так, ахоўная зона.
- Тады нашто доўгiя размовы? - абразiўся Сабiтжан.
- А хто доўга гаворыць? Я вось тлумачу з павагi да чалавека на вярблюдзе, а не вам. Каб яму было зразумела. А наогул я не маю права ўступаць у гаворку з пабочнымi асобамi. Я на пасту.
- Значыць, праезду на могiльнiк няма?
- Не. Не толькi на могiльнiк. Тут праезду няма нiкому.
- Ну тады што гаварыць! - раззлаваўся Сабiтжан. - Я так i ведаў! - кiнуў ён Едыгею. - Так i ведаў, што глупства атрымаецца! Дык не! Куды там! Ана-Бейiт! Ана-Бейiт! Вось табе i Ана-Бейiт! - I з гэтымi словамi ён, узлаваны, адышоў, сплёўваючы злосна i нервова.
Едыгею стала няёмка перад маладзенькiм вартавым.
- Прабач, сынок, - сказаў ён яму па-бацькоўску. - Зразумелая рэч. Ты службу нясеш. Але нябожчыка цяпер куды падзець? Гэта ж не бервяно, каб скiнуў ды паехаў.
- Ды я разумею. А што я магу? Мне як скажуць, так я павiнен i зрабiць. Я ж не начальнiк тут.
- Та-ак, спра-вы, - разгублена працягнуў Едыгей. - А сам жа ты адкуль родам?
- Вологодскi я, бацька, - праокаў вартавы сарамлiва i, па-дзiцячы не хаваючы радасць, усмiхнуўся, бо прыемна было адказваць яму на гэтае пытанне.
- Дык што, у вас у Волагдзе таксама так - на могiльнiку вартавыя стаяць?
- Ды што ты, бацька, нашто! Але тут жа закрытая зона. Ды ты, бацька, сам служыў i ваяваў, гляджу, нябось, ведаеш, служба ёсць служба. Хачу цi не хачу, але абавязак. Куды падзенешся?
- Яно-то так, - згадзiўся Едыгей, - толькi куды цяпер нам з нябожчыкам?
Яны замоўклi. I тады, падумаўшы, салдацiк са спачуваннем паглядзеў на Едыгея, а потым матлянуў бялявай сваёй галавой:
- Не, бацька, не магу! Не маю права!
- Што ж, - толькi i сказаў канчаткова разгублены Едыгей.
Яму было вельмi цяжка павярнуцца тварам да сваiх спадарожнiкаў, таму што Сабiтжан усё больш распаляўся недарэчным гневам. Во падышоў да Доўгага Эдыльбая.
- Я ж гаварыў! Не трэба было цягнуцца ў такую далеч. Гэта ж забабоны! Марочыце галаву сабе i другiм. Якая рознiца, дзе пахаваць нябожчыка! Дык не: лопнi, падай iм Ана-Бейiт. I ты таксама мне - едзь, без цябе пахаваем! Вось i хавайце цяпер!
Доўгi Эдыльбай моўчкi адышоў ад яго.
- Паслухай, друг, - сказаў ён вартавому, падышоўшы да шлагбаўма. - Я таксама служыў i таксама ведаю такi-сякi парадак. Тэлефон у цябе ёсць?
- Ёсць, канечне.
- Тады так - тэлефануй начальнiку па варце. Далажы, што мясцовыя жыхары просяць, каб ён дазволiў праезд на могiльнiк Ана-Бейiт.
- Як? Як? Ана-Бейiт? - перапытаў вартавы.
- Ана-Бейiт. Так называецца наш могiльнiк. Патэлефануй, сябар, iншага выйсця няма. Няхай асабiста атрымае дазвол для нас. А мы - будзь упэўнены, акрамя могiльнiка, нас тут нiшто не цiкавiць.
Вартавы задумаўся, пераступаючы з нагi на нагу, наморшчыўшы лоб.
- Ды ты не сумнявайся, - сказаў Доўгi Эдыльбай. - Усё па ўставу. На пост прыбылi пабочныя асобы. Ты дакладваеш начальнiку варты. Вось i ўся механiка. Што ты на самай справе! Ты абавязаны далажыць.
- Ну добра, - кiўнуў вартавы. - Зараз пазваню. Толькi начальнiк варты ўвесь час па тэрыторыi ездзiць, па пастах. А тэрыторыя ж вунь якая!
- Можа, i мне дазволiш быць з табой побач? - папрасiў Доўгi Эдыльбай. - У выпадку чаго падказаць, што да чаго.
- Ну давай, - згадзiўся вартавы.
I яны ўвайшлi ў паставое памяшканне. Дзверы былi адчынены, i Едыгею ўсё было чуваць. Вартавы тэлефанаваў некуды, усё пытаў начальнiка варты. А той не аб'яўляўся.
- Ды не, мне начальнiка па варце! - тлумачыў вартавы. - Асабiста яго... Ды не. Тут вельмi важная справа.
Едыгей нерваваўся. Куды ж прапаў гэты начальнiк па варце? Вось не шанцуе дык не шанцуе!
Нарэшце ён знайшоўся.
- Таварыш лейтэнант! Таварыш лейтэнант! - голасна загаварыў вартавы звонкiм усхваляваным голасам.
I далажыў яму, што, маўляў, тут мясцовыя жыхары прыехалi пахаваць чалавека на старым могiльнiку. Як быць? Едыгей насцярожыўся. Вось каб сказаў лейтэнант - прапусцi, i ўсё! Маладзец Доўгi Эдыльбай! Усё ж кемлiвы хлопец. Аднак размова вартавога зацягвалася. Цяпер ён увесь час адказваў на пытаннi.
- Але... Колькi? Шэсць чалавек. А з нябожчыкам сем. Нейкi стары памёр. А старэйшы ў iх на вярблюдзе. Потым трактар з прычэпам. А за трактарам экскаватар таксама... Так, трэба, гавораць, магiлу капаць... Як? А што мне сказаць? Значыць, нельга? Не дазваляецца? Ёсць, слухаюся!
I тут жа пачуўся голас Доўгага Эдыльбая. Вiдаць, ён выхапiў слухаўку.
- Таварыш лейтэнант! Зразумейце наша становiшча. Таварыш лейтэнант, мы прыехалi з раз'езда Баранлы-Бураннага. Куды ж нам зараз? Зразумейце наша становiшча. Мы тутэйшыя людзi, мы нiчога дрэннага не зробiм. Мы толькi пахаваем чалавека i адразу вернемся... Га? Што? Ну як жа так! Ну, прыязджайце, прыязджайце, самi пераканаецеся. З намi стары, франтавiком быў, ваяваў. Растлумачце яму.
Доўгi Эдыльбай выйшаў з каравульнага памяшкання засмучаны, але сказаў, што прыедзе лейтэнант i ўсё вырашыць на месцы. За iм падышоў вартавы i сказаў тое ж самае. Вартавы цяпер адчуваў палёгку, паколькi начальнiк варты сам павiнен быў вырашыць гэтае пытанне. Ён цяпер спакойна хадзiў узад i ўперад каля паласатай жэрдкi.
Было ўжо тры гадзiны. А яны яшчэ не дабралiся да Ана-Бейiта, хоць i засталося ехаць не так далёка.
Едыгей вярнуўся да вартавога.
- Сынок, цi доўга мы будзем чакаць твайго начальнiка? - запытаў ён.
- Ды не. Зараз прымчыцца. Ён на машыне. Тут хвiлiн дзесяць - пятнаццаць язды.
- Ну добра, пачакаем. Цi даўно гэты калючы дрот тут?
- Даволi-такi даўно. Мы яго ставiлi. Я тут служу каля года. Выходзiць, паўгода ўжо, як ачапiлi кругом.
- У тым вось i справа. Я ж таксама не ведаў, што тут такая агароджа. З-за гэтага вось i атрымалася. Быццам я цяпер вiнаваты, таму што я вырашыў везцi сюды хаваць. Тут наш стары могiльнiк - Ана-Бейiт. А Казангап нябожчык быў вельмi добрым чалавекам. Трыццаць гадоў мы разам прапрацавалi на раз'ездзе. Хацелася як лепш.