Выбрать главу

Едыгей узняў галаву. "Зноў белахвост, усё той жа. Ужо каторы раз над галавой. Бач, як добра яму, плыве сабе, гуляе".

З дна ямы падаў голас Доўгi Эдыльбай:

- Ну што, Едыке, паглядзi, капаць яшчэ цi даволi?

Едыгей хмура схiлiўся над краем ямы.

- Бадай што даволi, толькi ўнiзе трохi трэба шырэй узяць.

Ён узяў малую канiстру з вадой i, адышоўшы за экскаватар, зрабiў амавенне, як гэта i трэба было перад малiтвай. I тады на душы ў яго паспакайнела - няхай не давялося пахаваць Казангапа на Ана-Бейiце, але затое не будзе ганьбы. Цяпер трэба неяк пастарацца вярнуцца на Баранлы-Буранны да цеменi. Абяцалi вярнуцца не пазней шасцi. А вось палова пятай ужо. I наперадзе яшчэ пахаванне i зваротны шлях. Гадзiны дзве зойме. Памiнкi будуць познiм вечарам. Але не хаваць жа чалавека абы-як.

I ён пачаў рыхтаваць сябе да апошняга рытуалу. З-за экскаватара Едыгей выйшаў да людзей з урачыстым, самавiтым выразам на твары, важна i задуменна разгладжваючы бараду.

- Сын памерлага раба божага Казангапа Сабiтжан, стань з левага боку ад мяне, а вы чацвёра прынясiце цела на край магiлы, пакладзiце нябожчыка галавой на захад сонца, - сказаў ён урачыстым голасам. I калi ўсё было зроблена, дадаў: - А цяпер станем тварам да свяшчэннай Каабы. Хай будуць вашыя далонi прад вачмi, думайце пра бога, каб словы i думкi вашыя былi пачутыя iм у гэты час.

Нiякага знаку нязгоды не пачуў ён у адказ. I быў тым задаволены, бо маглi б сказаць: кiнь, стары, галаву дурыць, ты ж не мула. Час i так падганяе.

Перш чым пачаць правiць звычай, кланяючыся перад тым направа i налева, а потым зямлi i небу - у знак падзякi тварцу за трывалае збудаванне асноў гэтага свету, сярод якiх чалавек пачувае сябе не выпадковым i не сiрочым, а нараджаецца i знiкае з урачыстай непарушнасцю ўзнiкнення i скону дня i ночы, зноў жа ўбачыў Буранны Едыгей каршуна-белахвоста. Той вiсеў у небе, ледзь шавелячы крыламi, але так толькi здавалася, бо ён плыў, робячы прызначаныя сабе кругi. Нiбы ўзнiмаў на тыя кругi i Едыгееву думку.

А ўнiзе на краi ямы, што зеўрала пустатой, ляжаў на насiлках загорнуты ў белую кашму Казангап. Гаворачы напаўголаса тое, што прызначана на такi час гаварыць усiм i кожнаму, сёння, заўтра i наперад аж да скону гэтага свету, аднолькавым чынам i для тых, каму яшчэ толькi суджана нарадзiцца, - гаворачы напаўголаса тое, што было завяшчана прарокамi, Буранны Едыгей разам з тым iмкнуўся дапоўнiць яго ўласнымi думкамi, што мелi пачатак ва ўласнай душы i ўласным вопыце. Бо недарма жыве, што нi кажы, чалавек на свеце.

"Калi ты i праўда чуеш, о божа, маю малiтву, якую паўтаралi дзяды i прадзеды, калi ты чуў iх, дык пачуеш i мяне. Адно другому не будзе перашкаджаць.

Вось мы стаiм тут, на Малакумдычапскай строме каля выкапанай Казангапавай магiлы - бязлюдным i дзiкiм месцы, таму што не ўдалося пахаваць нам яго на спадчынных могiлках. А каршун у небе глядзiць на нас, калi стаiм мы з раскрытымi далонямi i развiтваемся з Казангапам. Ты, вялiкi, калi ты ёсць, прабач нам i прымi нябожчыка, раба твайго, лiтасцiва, i калi ён таго заслугоўвае, прызнач душы ягонай вечны супакой. Усё, што ад нас залежала, мы пастаралiся зрабiць. Астатняе за табой!

А цяпер, калi ўжо я звяртаюся да цябе, паслухай мяне, пакуль я яшчэ жывы i магу мыслiць. Людзi толькi i робяць, што просяць цябе - пашкадуй, памажы, не дай у крыўду! Надта многа чакаюць ад цябе з любога выпадку - i важнага, i мiзэрнага. Забойца i той жадае ў душы, каб ты абаранiў яго. А ты ўсё маўчыш. Цяжка табе, разумею, маленням нашым няма канца. А ты адзiн. Я ж нiчога не прашу. Я толькi хачу сказаць у такi час, што я думаю.

Скрушлiва ў мяне на душы яшчэ i таму, што спадчынны могiльнiк наш, дзе знайшла супакой Найман-Ана, цяпер нам недаступны. А таму хачу я, каб i мне суджана было ляжаць на гэтым месцы, на Малакумдычапе, дзе ступала нага яе. Няхай будзе так, каб ляжаць мне побач з Казангапам, якога мы хаваем цяпер. I калi праўда, што душа пасля смерцi перасяляецца ў нешта, дык навошта мне быць мурашом, хацелася б мне абярнуцца ў каршуна-белахвоста. Каб лятаць, вунь як той над саразекамi, i глядзець не наглядзецца на зямлю сваю. Вось i ўсё.

А наконт запавету свайго я ўсё скажу маладым, што прыбылi сюды разам са мной. Скажу я iм, што наказ свой даю iм - пахаваць мяне тут. Вось толькi не бачу, хто прашэпча малiтву нада мной. У бога яны не вераць i малiтваў нiякiх не ведаюць. Бо нiхто не ведае i нiколi не ўведае, цi ёсць бог на свеце. Адны кажуць - ёсць, другiя кажуць - няма. I калi я звяртаюся да цябе з малiтвамi, дык на самай справе я звяртаюся праз цябе да сябе, i дадзена мне ў такi час мыслiць, нiбы гэта ты мыслiў сам, усемагутны. Бо ў гэтым уся справа! А яны, маладыя, пра гэта не думаюць i малiтвай пагарджаюць. Але што яны могуць сказаць сабе i другiм у вялiкi час смерцi? Шкада мне iх. Як спасцiгнуць яны патаемнасць сваю чалавечую, калi не ведаюць спосабу ўзвысiцца думкаю так, нiбы кожны з нас раптам стаў бы богам? Даруй мне гэта знушчэнства. Нiхто з iх богам не стане, але iнакш i ты перастанеш iснаваць. Калi чалавек не зможа ўявiць сябе хоць патаемна богам, што заступаецца за ўсiх, а значыць, i за яго, чалавека, дык i цябе, божа, не стане... А мне не хацелася б, каб ты панiшчыўся бясследна.

Вось i ўся дума мая i скруха мая. Даруй, аднак, калi што не так сказаў цi падумаў. Я просты чалавек, як магу, так i думаю. Зараз дагавару апошнiя словы са свяшчэнных пiсанняў, i пачнем пахаванне. Блаславi ж нас на гэтую справу..."

- Амiн, - заключыў Буранны Едыгей малiтву i, памаўчаўшы, яшчэ раз глянуў на каршуна, з пранiзлiвым смуткам, паволi абярнуўся тварам да маладзейшых, пра якiх толькi што выказаў сваю думку самому богу. Скончылася гаворка з богам. Перад iм стаялi тыя самыя пяцёра, з якiмi ён прыбыў сюды i з якiмi належала давесцi да канца пахаванне.

- Дык вось, - сказаў ён iм у роздуме, - што належала сказаць у малiтве, я сказаў за вас. Цяпер возьмемся за справу.

Скiнуўшы пiнжак з ордэнамi, Буранны Едыгей палез у яму. Яму памагаў Доўгi Эдыльбай. Сабiтжан, як сын нябожчыка, заставаўся збоч, выказваючы сваю жалобу пахiленай галавой, а тыя трое - Калiбек, Жумагалi i зяць-алкаголiк - знялi з насiлак кашмяны куль з целам i апусцiлi яго ў магiлу на рукi Едыгея i Доўгага Эдыльбая.

"Вось i настаў час разлукi! - падумаў Буранны Едыгей, укладваючы Казангапа на вечны супакой на ложа яго ў глыбiнi зямлi. - Даруй, што доўга не маглi знайсцi табе месца. Цэлы дзень вазiлi то туды то сюды. Але так ужо выйшла. Не па сваёй вiне не пахавалi мы цябе на Ана-Бейiце. Але не думай, я гэта не пакiну так. Дайду куды трэба. Пакуль жывы, не змоўчу. А ты будзь спакойны на сваiм месцы. Вялiкая, неабдымная зямля, а месца табе мала было прызначана тут. Але ты тут не будзеш адзiн. Скора i я сабяруся сюды, Казангап. Ты пачакай мяне трохi. I не сумнявайся. Калi бяды якой не здарыцца, калi памру сваёй смерцю, буду i я тут, ляжаць будзем разам. Вось так i пойдзем - з былога ў небылое. А цягнiкi будуць iсцi саразекамi, i другiя людзi будуць замест нас..."