Выбрать главу

У доме ў Доўгага Эдыльбая Едыгей трапiў нiбы ў другi свет. Ён i раней заходзiў сюды па-суседску i кожны раз быў задаволены, душа ягоная поўнiлася цiшынёй i спагадай да гаспадароў. Сёння ж яму хацелася як болей пабыць тут, патрэба была такая - нiбы павiнен быў набрацца ён тут патрачанай сiлы.

Доўгi Эдыльбай быў такiм жа чыгуначным рабочым, як i другiя, заробку меў не болей за другiх, жыў, як i ўсе, у палове зборнашчытавога домiка з двух пакояў ды кухнi, але зусiм iншае жыццё ўладарыла тут - чыста, утульна, светла. Той жа чай, што i ў iншых, у Эдыльбаевых пiялах Едыгею здаваўся празрыстым сотавым мёдам. Эдыльбаева жонка i сама спраўная, i ў доме гаспадыня, i дзецi як дзецi... Пажывуць у саразеках колькi змогуць, думаў Едыгей, а там перабяруцца куды iм лепей. Шкада будзе, калi паедуць яны адсюль...

Скiнуўшы свае кiрзачы яшчэ на ганку, сядзеў Едыгей у пакоi, падцiснуўшы пад сябе ногi ў шкарпэтках, i першы раз за дзень адчуў, як стамiўся i згаладнеў. Прыхiнуўся спiной да дашчанай сцяны, сцiшыўся. А наўкол расселiся ўскрай круглага столiка наземнага астатнiя госцi, нягучна перамаўляючыся пра тое ды сёе...

Сур'ёзная размова пачалася потым, дзiўнаватая гаворка ўсчалася. Едыгей ужо i забыў пра касмiчны карабель, што стартаваў мiнулай ноччу. А вось дасведчаныя людзi сказалi такое, што i ён задумаўся. Не тое каб ён зрабiў адкрыццё для сябе, проста падзiвiўся iх развагам i сваёй недасведчанасцi на гэты конт. Але ён не адчуваў пры гэтым нейкага дакору - для яго ўсе гэтыя касмiчныя палёты, якiя так цiкавiлi ўсiх, былi надта далёкай, неверагоднай, чужой яму справай. Таму i адносiны да ўсяго гэтага былi насцярожана-пачцiвыя, як да быцця нейкай магутнай безаблiчнай волi, якую ў лепшым выпадку ён можа толькi ўзяць пад увагу. I, аднак, вiдовiшча карабля, якi iмкнуў у космас, унутрана спалахнула i захапiла яго. Пра тое i зайшла гаворка ў доме Доўгага Эдыльбая.

Сядзелi яны напачатку, пiлi шубат-кумыс з вярблюджага малака. Цудоўны быў шубат, ахаладалы, пенiсты, хмяльны трохi. Прыезджыя кантрольна-рамонтныя пуцейцы, бывала, вунь як пiлi яго, называючы саразекскiм пiвам. А да гарачай стравы ў гэтым доме знайшлася i гарэлка. Калi здаралася такое, Буранны Едыгей наогул не адмаўляўся, выпiваў за кампанiю, але гэтым разам не стаў i тым самым, думалася яму, i другiм даў зразумець, што не варта прычыняцца - заўтра меўся быць цяжкi дзень, далёкая дарога. Непакоiла яго тое, што другiя, асаблiва Сабiтжан, шчыравалi, запiвалi гарэлку шубатам. Шубат i гарэлка добра ладзяць, як пара паслухмяных коней, добра iдуць побач, - весяляць чалавека. Сёння ж гэта было лiшнiм. Але як загадаеш дарослым людзям не пiць? Самi павiнны ведаць край i меру. Заспакойвала хiба тое, што муж Айзады пакуль абыходзiў чарку, алкаголiку цi многа трэба, схмялеў бы ўраз, але ён пiў толькi шубат, мусiць, разумеў-такi, што гэта ўжо занадта - валяцца ў дымiну п'яным на пахаваннi цесця. Аднак наколькi хопiць яму вытрымкi, адзiн бог ведае...

Так сядзелi яны ў размовах пра ўсялякае, калi Эдыльбай, частуючы гасцей шубатам, успомнiў раптам, падаючы чарговую пiялу Едыгею з таго краю стала:

- Едыке, учора ноччу, калi я змяняў вас на дзяжурстве, толькi вы пайшлi, нешта такое здарылася ў небе, я аж закачаўся. Зiрнуў, а гэта ракета з касмадрома пайшла ў неба! Вялiзная! Як дышаль! Вы бачылi?

- А то як жа! Сiла дык сiла! Вусцiшнавата стала. Колькi жыву тут, нiколi такога не бачыў.

- Ды i я ўпершыню на свае вочы ўбачыў, - прызнаўся Эдыльбай.

- Ну калi ты ўпершыню, дык такiя, як мы, тым больш не маглi ўбачыць, рашыў пакпiць Сабiтжан з яго росту.

Доўгi Эдыльбай на гэта толькi ўсмiхнуўся квола.

- Ды што я, - адмахнуўся ён. - Гляджу i сам сабе не веру - адно агонь гудзе ў вышынi. Ну, думаю, яшчэ нехта рушыў у космас. Шчаслiвай дарогi! I давай хутчэй круцiць транзiстар, я яго ўсюды з сабой бяру. Зараз, думаю, па радыё перададуць. Звычайна адразу ж перадача з касмадрома. I дыктар узрушаны як бы на мiтынгу выступае. Аж мурашкi па спiне! Надта хацелася мне, Едыке, дазнацца, хто гэта, каго асабiста бачыў я ў палёце. Але так i не дазнаўся.

- А чаму? - найперш за ўсiх здзiвiўся Сабiтжан, шматзначна i важна прыўзняўшы бровы. Ён пачаў ужо ўвачавiдкi п'янець. Распарыўся, расчырванеўся.

- Не ведаю. Нiчога не паведамiлi. Я "Маяк" увесь час на хвалi трымаў, нi слова не сказалi нават.

- Не можа быць! Тут нешта не так! - з выклiкам усумнiўся Сабiтжан, хутка запiваючы глыток гарэлкi шабатам. - Кожны палёт у космас - гэта сусветная падзея... Разумееш? Гэта наш прэстыж у навуцы i палiтыцы!

- Не ведаю чаму. I апошнiя паведамленнi знарок слухаў, i агляд газет слухаў таксама.

- Хм! - пакруцiў галавой Сабiтжан. - Каб быў я на месцы, на службе сваёй, я, канечне, ведаў бы! Крыўдна, дальбог. А можа, тут нешта не так?

- Хто яго ведае, што тут так, што не так, але мне асабiста крыўдна таксама, шчыра казаў Доўгi Эдыльбай. - Для мяне ён нiбы свой касманаўт. Пры мне паляцеў. А можа, думаю, нехта з нашых хлопцаў. Во ўжо будзе радасць. Раптам дзе сустрэнемся, прыемна было б...

Сабiтжан таропка перапынiў яго, нiбы гнаны нейкай здагадкай:

- А-а, я разумею! Гэта запусцiлi беспiлотны карабель. Выходзiць, дзеля эксперыменту.

- Як гэта? - павёў вокам Эдыльбай.

- Ну, эксперыментальны варыянт. Разумееш, гэта проба. Беспiлотны транспарт пайшоў на стыкоўку цi на выхад на арбiту, i пакуль невядома, як i што выйдзе. Калi ўсё будзе ўдала, дык будзе паведамленне i па радыё i ў газетах. А калi не, дык могуць i не iнфармаваць. Проста навуковы эксперымент.

- А я дык думаў, - Эдыльбай журботна паскроб лоб, - што жывы чалавек паляцеў.

Усе змоўклi, трохi расчараваныя Сабiтжанавым тлумачэннем, i, магчыма, размова на тым i заглохла б, ды толькi сам Едыгей незнарок падштурхнуў яе на новы круг.

- Значыцца, як я зразумеў, джыгiты, у космас пайшла ракета без чалавека? А хто ёю кiруе?

- Як хто? - здзiўлена склаў далонi Сабiтжан i ўрачыста зiрнуў на недасведчанага Едыгея. - Там, Едыке, усё па радыё робiцца. Па камандзе Зямлi, з Цэнтра кiравання. Усёй справай па радыё кiруюць. Разумееш? I калi нават касманаўт на борце, усё роўна па радыё накiроўваюць палёт ракеты. А касманаўту трэба дазвол атрымаць, каб самому нешта рабiць. Гэта, какетай* дарагi, не на Каранары ехаць па саразеках, надта там усё складана...

* Какетай - ласкава-памяншальны i ў той жа час паблажлiвы зварот.