— Праўда твая, князь, — тут жа падхапілі браты. — Столькі земляў пабачылі, а такой смелай князёўны нідзе не сустрэлі.
І першымі засмяяліся, лёгка, прывабна. Можа, ад гэтай бесклапотнай жартаўлівасці ўпадабаў князь Дзвін незнаёмых вандроўнікаў, дазволіў застацца, колькі пажадаюць. Мне і самой заўсёды падабаліся вясёлыя ды кемлівыя, адно гэтых братоў-каралевічаў не ўзлюбіла.
— За што, князёўна ясная, паглядаеш на нас так пахмурна? Чым жа мы табе не да спадобы?
А пра іх амаль адразу паціху пачалі казаць, што сочаць яны за чарамі ды чарадзействамі. Што нядобрыя яны. Мабыць, таемна размаўляў з гасцямі-каралевічамі князь ды ўзяў з іх слова, што чарадзейныя таямніцы яны будуць знаходзіць, разгадваць. А створаныя чары караюцца згодна з княскім словам. А чарадзеяў жа заўсёды гналі. Лепей было б не з’яўляцца тут каралевічам, учыняць яны бяду.
— І разумныя вы, і вясёлыя, і бачылі дзівосаў нямала. Толькі з чужой зямлі вы прыйшлі, туды і вяртайцеся.
— За што, князёўна добрая, гэтак з намі? Чым жа мы цябе пакрыўдзілі?
— Не вам мяне пакрыўдзіць. Толькі і не гонар мне чужынцам усміхацца.
— Ведаем цуды, ведаем чарадзействы. Табе ж падабаецца ўсё незвычайнае.
І адкуль толькі дазналіся. Хоць бацька мне заўсёды казаў, каб чараў не чыніла, не цягнулася да іх, нават не думала пра такое, не пакідала я сваёй мары. Як быццам клікалі да сябе таямніцы. Як быццам чакала мяне ўсё дзівоснае.
— Ведаеце цуды, каб лягчэй іх пазнаваць, каб хутчэй знаходзіць, — не хавала сваёй прыкрасці.
— Не толькі ведаем, самі чыніць іх умеем, — усміхаецца мне Брас.
— А што князь на гэта скажа?
— Давярае нам твой бацька, князёўна. Давярай і ты, — падаюць голас малодшыя.
— Хоць паглядзі. Хоць падзівіся. — ходзяць за мной следам.
— Добра, здзівіце мяне.
— Не бойся, князёўна.
Махнуў рукою старэйшы брат. Адразу, хоць не было на небе ніводнай аблачынкі, стала хутка расці, напаўзаць на нас чорнае хмарнае мроіва. Закрыла і княскі двор, і навакольныя лясы, і, як кінуць вокам, знаёмыя абшары-разлогі. Заслала змрокам паўнеба.
— А скажы мне, князёўна, — лагодна пытаецца Брас. — Што на той хмарцы? Хто на той хмарцы? Як адгадаеш, то мы з братамі выканаем тры любыя жаданні...
— А як не адгадаю?
— Тады пашкадуеш. Моцна. Лепей адгадай.
Смяюцца малодшыя браты, кажуць, каб добра падумала. Цяжка валюхаецца, як жывая, чорная злавесная хмара. Хціва пазірае на сінія зубчатыя лясы, на схаваныя пад ляснымі шатамі вёскі.
— Не бойся, князёўна. Мы з табою. Не зачэпіць навальніца твой двор.
А я і не баюся. Я веру, што нясе чорная хмара цёплы летні дождж. Не заляскочуць знішчальныя перуны, не ападуць на саламяныя стрэхі. Чуеш мяне, чужынскае чарадзейства? За цёмнай хмарай, якая нахілілася нізка-нізенька, мне прымроілася сіняе неба і яснае сонца. Спалі маё сэрца, сонейка. Разгані чорную хмару.
Не спаліла майго сэрца высокае сонца. Грымнулі далёкім пошчакам перуны, грымнулі ды замоўклі. Зямлю агарнула моцнай улевай. Доўгай, нястрашнай. Кожны цуд павінен быць добрым. На тое ж ён і цуд.
— Кожны цуд павінен быць добрым, князёўна, — здзіўлена паглядае на мяне Брас. — Хоць часам цуды палохаюць.
— На тое яны і цуды, — адказваю ды нават не гляджу ў ягоны бок.
— На тое і цуды, — лёгка пагаджаецца Брас. — Але шчасце тваё, ганарыстая, што маеш добрае сэрца.
Прыходзілі і сыходзілі хмары, пакліканыя чарамі. Лілі цёплыя дажджы, паілі ўдосталь зямлю. А браты-каралевічы смяшылі і бацьку, і нямала людзей, глядзелі мне ў вочы, нібы выпрабоўваючы. Ганілі чары, абяцалі зжыць-звесці іх з усяго свету, а самі зноў чаравалі. Ведала пра тое я адна. І хацела, хацела расказаць, ды не магла.
— Князёўна, прыгожая, ганарыстая, калі ж загадаеш нам свае жаданні? Чакаем, чакаем, каб зрабіць.
— Князёўна, добрая, чаму ж не глядзішся ў люстэркі? Не скачаш у карагодах з красунямі? Досыць ужо сумаваць.
— Князёўна, — проста кліча мяне Брас. — Не трывож бацьку. Жорсткі князь Дзвін, многіх выгнаннем пакараў. Як уведае, што не чужыя табе чары, не пашкадуе роднай дачкі.
Так засталіся браты-чарадзеі на маёй зямлі, у маім княстве, у замчыстым княскім хораме. Упадабалі ўсё гэта, значыць. Ужо шчыра вітаюць іх людзі, болей не чакаюць бяды. А чаго яе чакаць, калі ўбіраецца ў поўную сілу звонкае лета? Стары князь палагаднеў, паласкавеў. З каралевічамі падоўгу размаўляе. А з імі так і хочацца перакінуцца слоўцам. Лёгка тады на сэрцы, спакойна. І з чаго яны, маладыя, ужо сталіся такімі мудрымі?
— Хочам тут, князёўна, назаўсёды застацца. Мілы нам твой край.
— Усміхніся нам, прыгожая, мы ж радыя цябе бачыць.
А бацька, мой добры бацька, аднойчы мовіў рашуча, цвёрда:
— Скончыцца мой род на мне, бо няма ў мяне сына. Няхай будуць праклятымі тыя чары, якія так учынілі! Выбірай, дачка, сабе каго з трох братоў. Кожны з іх слаўным будзе князем, мудрым, паважаным. Будуць у нас моцныя, прыязныя суседзі, бо госці нашыя — каралевічы. Дык выбірай жа.
Не кажы так мне! Не рабі гэтага. Ты не слухаеш мяне. Зусім не чуеш. І зразумела я тады, што не магу, як раней, волі тваёй запярэчыць. Не магу не пагадзіцца. Што ж тут зробіш, раскажу. Як уведаеш, што тыя каралевічы чараўнікі, прагоніш іх з краю.
— Князёўна, ганарыстая, хочаш, зробім цуд?
— Буду мудрым, паважаным, выбірай мяне.
— А мне загадай жаданні. Ну, акрамя таго, каб пад зямлю я праваліўся.
Не зважаю на гэтыя кпіны малодшых братоў. Трэба, трэба мне расказаць, і тады ўсё скончыцца. А старэйшы брат тут як тут:
— Князёўна, не трывож бацьку. Навошта яму напамін пра чарадзейнае. Радасна яму глядзець на цябе, адно не абуджай старое, забытае.
— Хочаш здзівіць мяне, Брас? Не той гэта цуд. Прыдумай што іншае.
— Не цуд, праўда. Што сказала б ты, каб уведала, што не Дзвінавай ты крыві? Не любіць і не любіў ягоны род чараў, не церпіць і не цярпеў чараўнікоў. У табе ж чары жывуць і чакаюць.
— Не веру табе, чарадзею, не веру табе, чужынцу. Не міла мне слухаць пра тое, што не бацькавай я крыві.
— Не вер мне, князёўна. Запытася ў чыстых крыніц. Паслухай, што звіняць яны, звіняць табе адной. І мне з братамі не зразумець іхняй песні, не раскрыць таямніцы вады. Можа, гэта адзінае, чаго мы не здолеем.