А што іх, плыткіх, пытацца. Іскрацца яны ды бесклапотна булькочуць пра цёмныя хмары, пранізлівыя вятры, халодныя снягі, якіх даўно чакаюць. Глядзяцца ў бяздоннае неба, чыстае, гожае, мілае. Кажуць, каб ішла я да сіняга калодзежа, там даведаюся праўду. Каб не вагалася, не марудзіла. Верыла сіняй вадзе. І зноў па-ранейшаму мараць бегчы-цячы ў высокае неба.
Прыспешвае мяне бацька, пытаецца, каго ж з трох братоў я выбрала. Злуецца, як кажу, што яшчэ нікога. Пайду да сіняй вады. Што ж з таго, як забаронены туды шлях строгім княжацкім наказам. Толькі, як схіляюся нізка да глыбокага вока, усё роўна цяжка мне паверыць, што няродная я дачка. Як жа так магло стацца.
Вось і першы раз схілілася, і другі, але ўцякае ад мяне, хаваецца ў зямлю сіняя вада. Што ж гэта такое? Але, як схілілася трэцім разам, шуганула ўгору сіняя-сіняя, падхапіла ды панесла мяне з сабою. Як у мінулае хаваецца глыбокі калодзеж.
Упала. Утапілася. Але чаму тады не вярнуліся і неба, і зямля? Чаму ж не бачу знаёмых лясоў-палёў? І дзе бацькоўскі замчысты двор? Людзі, багатыя ці простыя? Нікога не відаць ні здалёку, ні зблізку.
— Шукаеш такіх, як сама, князёўна? Чаго прыйшла сюды, парушыўшы бацькаў наказ?
Забурліла гнеўна сіняя вада, не жадала мяне тут бачыць. Заплёскала хвалямі, усхадзілася ды разлілася. Як сапраўдная рака, далёка, шырока. Паднялася імкліва з вады сіняя прыгажуня, іскрыстая, як тая крынічная сляза. Высокая, як валатоўна з напаўзабытых сказаў. Гаспадыня сіняга калодзежа. Не пачула ад мяне адказу. Ды і не чакала яго. Засмяялася глуха, горка. І скаланула мяне ад такога пакутнага смеху.
— Даўно чакаю цябе, Вярнігорава халодная кроў. Стагоддзі мінулі, а ты не змянілася. Ды хіба ж магло стацца іначай.
— Чаму назвала ты мяне Вярнігоравай кроўю?
— Таму што адрадзілася ў табе Вярнігорава надзея. Мацнейшая за род і кроў.
І адбіла раўнюткае сіняе люстэрка. Паказала далёкае, людзьмі забытае.
Адвечныя лясныя абшары паўсталі на зямлі. Ходзяць па лясах волаты, самі ці не ўпоравень з дрэвамі. Але, хоць і вялікія яны, ды нязлыя, нястрашныя. Б’ецца ў іхніх грудзях чалавечае сэрца. Могуць яны і спадзявацца, і кахаць, як людзі. А вось гэтыя дык ужо і закаханыя.
Дзяўчына-валатоўна зусім такая, як гаспадыня сіняга калодзежа. Сумная, нібы маленькая чуллівая крынічка ў восеньскі дзень. Толькі жывая, сапраўдная. Гаворыць русяваму, як сама, сінявокаму:
— Быў і будзеш ты ў маім сэрцы. Толькі заляцаецца да мяне Вярнігор. Мушу даць вам абодвум выпрабаванне. Хто пераможа ў ім, з тым і застануся.
І далей люструе крынічная вада, як паляцелі па-над ляснымі разлогамі два валуны. Адзін, як ладная печ, а другі — меншы, лягчэйшы. Валатоўна падала іх хлопцам ды сказала, што той, хто кіне валун далей, і стане яе абраннікам. Адно нялюбаму Вярнігору дастаўся валунок большы.
Паляцелі валуны, кінутыя далёка-далёка. Абодва багатыры — і смелыя, і вартыя, ды толькі Вярнігор дужэйшы. Упаў ягоны камень далей на некалькі крокаў. Заплакала ад роспачы дзяўчына, глянула абодвум волатам у вочы, прызналася, што не хоча абяцання свайго выканаць. Не застанецца ні з адным, ні з другім.
— Абярніся крыніцай, ідзі па зямлі вадою, — гнеўна ўспыхнуў Вярнігор. — За падман доўга чакаць табе: пакуль не прыйдзе апошняя з майго роду. Дадасі ёй сілы, падорыш ёй чары, якія табе берагчы-вартаваць, але да якіх не дакрануцца. А тады, калі схочаш, зноўку станеш чалавекам. Будзе часу табе падумаць, як гэта — чыніць нягожа.
Стаўся першым князем Вярнігор, распачаў слаўны род, які шмат мацаваў уладны пасад. Толькі не прайшло без следу помслівае чарадзейства. За тое, што зрабіўся князем нелітасцівым, сталі драбнець волаты, пакуль не сталіся людзьмі. Ды не згасла ў іх волатава кроў. Як і сказаў Вярнігор, чакала сваёй часіны. Люструе-адбівае крынічная вада, што зноў унукі становяцца дзядамі. Што прыходзіць з-за мора Дзвін, шукае мячом сабе шляху. Заваяваў княства, як заўсёды хацеў, адно не займеў ніводнага сына. Паклікаў найслыннейшых чарадзеяў, паабяцаў золата-срэбра, калі ўчыняць яны цуд.
— І абудзіліся тады схаваныя Вярнігорам чары. Не ад заваёўніка Дзвіна, ад волатавай крыві з’вілася на свет немаўля. Гэта ж ты, князёўна. Пазнаю, пазнаю цябе адразу. Не можаш забываць. Не ўмееш прабачаць. Забірай свае чары. Прарочу, прадказваю, што хадзіць па зямлі сіняй вадзе, няхутка ёй здабыць людское аблічча. Памятай добра: як учыніш крыўду ды боль, стацца табе крыніцай. Уцякаць-вырывацца з таго палону, але ніколі не ўцячы.
Абяцала так ды знікла пад зямлёю сіняя крыніца. Вярнула мяне ў чалавечы свет. Не такі мілы, не такі прыгожы. Цяжкі, непрыветны. Калаціліся-прасіліся на волю чары зямлі, казалі мне, што не жадаюць болей таіцца. Не прасіцеся, рабіце лад, а не ляда. Гневаліся чары агню, патрабавалі сабе ежы-спажывы. Нялёгка загадаць ім маўчаць. Цяжка дыхалі чары паветра. Не, вы не збяжыце знішчальнымі віхурамі. Плакалі чары вады, глядзелі ў душу празрыстымі азёрнымі вачыма. Ды ўведаць іхняга жалю не ставала моцы. І чаго вы такія цяжкія. Чаму высах сіні калодзеж? Куды ж ты збегла, сіняя крыніца. Веру, што надакучыла табе зберагаць-вартаваць. Адно баюся, што анідзе болей не будзеш ты для зямлі ратавальнай вадою.
Баюся і глядзець у вочы князю-бацьку. Уведалі ўжо людзі, што знік калодзеж, што нехта туды хадзіў. Шукаюць, як ды хто. Не хачу, каб знайшлі невінаватага. Суровы ж князеў загад. Толькі не стае смеласці прызнацца. Як раней змаўчала, то цяпер ужо расказаць не магу. І не прысніцца, не прымроіцца мне, што магу стацца выгнанніцай.
— Паедзем, князёўна, з намі. Далёкі наш край, толькі там не будзем гнанымі.
Уцякаць з вамі, браты-каралевічы? Куды ж. Не спраўдзіла я пакуль Вярнігоравай надзеі. Як жа мне знікаць без гэтага?.. Для нечага ж чакалі мяне не адзін чалавечы век ягоныя чары. Я адчуваю кожнай крывінкай, як уздыхае імі зямля, пырскае агонь, па-кацінаму пацягваючыся ў гарачай печы. Дыхае імі паветра на поўныя грудзі, струменіцца глыбокая сцюдзёная вада. Мацнеюць чары, дужэе белы свет, збірае вялікую сілу. Збірае, аддае людзям. Дзівуюцца яны, але і радуюцца нечаканаму дарунку. А я думаю, думаю-спадзяюся, няўжо вернуцца, няўжо зноў будуць хадзіці па маёй зямлі волаты. Б’ецца волатава кроў. Не магла яна знікнуць, не магла мінуцца.