— Хто такая?
— Каваля Тодара дачка,— адказвае той,— у нядзелю вяселле яе з Васільком.
Нічога не сказаў тады Оштарп.
А ў нядзелю наляцелі на вясельны поезд гайдукі конныя, схапілі Фроську, памчалі ў палац да пана.
Назаўтра сядзеў Оштарп у сваім улюбёным крэсле. Стаяла такая спёка, і задрамаў гвалтаўнік, забыўшыся на Фроську. Бярэ тады дзяўчына кухонны нож, паціху падкрадаецца да пана і заносіць над ім руку. Ды закукавала зязюля ў заморскім гадзінніку. Уздрыганулася Фроська, стукнуў аб каменныя пліты нож. Падхапіўся Оштарп, закрычаў нема.
На стайні ў сцяне была ніша. I па загаду Оштарпа замуравалі туды Фроську жывую.
Васілёк сабраў сяброў, і, калі Оштарп вяртаўся з Мінска, падпілавалі хлопцы мост. Шаснаццаць коней цягнулі панскую карэту, што важыла дзвесце пудоў. I рынула яна разам з Оштарпам у Свіслач.
Адзін з самых уладарных і багатых князёў Радзівілаў быў Караль Радзівіл. Сярод польскіх паноў яго звалі Круль Нясвіжа. А празвалі яго яшчэ Пане Каханку, бо гэта былі ўлюбёныя князевы словы. Нават да няшчаснага, засуджанага князем на смерць за якуюсь правіну, князь усё роўна казаў «Пане Каханку...».
Караль Радзівіл, кажуць, нідзе не вучыўся, жыў разгульна, характар меў жорсткі і падступны. Некаторыя знатныя сучаснікі сцвярджалі, што ў князя нораў, як у дзіка. Караль Радзівіл меў трох жонак, не прамінаў карыстацца правам «першай ночы» ў сваіх прыгонных, якіх меў вельмі шмат. Балі, якія наладжваў Пане Каханку, былі сапраўды каралеўскія па раскошы, а паляванні на звяроў здзіўлялі сваёй жорсткасцю.
На паляванне князь разам са сваімі гасцямі і чэляддзю выязджаў за Нясвіж у свой Альбянскі парк з паблізным лесам. Парк быў прарэзаны васьмю каналамі, якія сыходзіліся да вострава. Паляўнічыя, размясціўшыся там, на востраве, маглі без усялякай перашкоды расстрэльваць зацкаваных звяркоў, якія кружылі ўздоўж вострава. Пане Каханку забіваў па 27 ласёў і дзікоў зараз. У Альбянскі замак запрашалі і польскага караля Станіслава Панятоўскага. У часе адной з забаў Пане Каханку польскі кароль, убачыўшы, як мядзведзі рвуць ласіху, не выгрымаў жорсткага відовішча і стрэліў у мядзведзя. На гэта Пане Каханку ўсміхнуўся і сказаў: «Баба ты, а не кароль!»
Пужаючы народ, забаўляўся Пане Каханку і яздою ў санках у мядзведжай запрэжцы шасцерыком па летняй дарозе, высыпанай соллю. Соль у тую пару была дарагая. Два з паловаю фунты каштавалі якраз столькі, колькі дванаццацігадовая прыгожая дзяўчына.
ПРА ЧОРНУЮ ДАМУ
Князі Радзівілы, што валодалі Нясвіжскім замкам, належалі да вельмі старажытнага і знатнага роду. Многа пакаленняў гэтага роду каля пяцісот гадоў былі ўладарамі шматлікіх маёнткаў на Беларусі. Тое, што расказваюць, адбылося каля 50-х гадоў XVI ст.
Князёўна Барбара Радзівіл — сястра грознага князя Мікалая Чорнага рана пайшла замуж, але ўжо ў 22 гады заўдавела. Муж яе — князь — быў забіты на вайне. Маладая ўдава-княгіня жыла ў Вільні ў доме нябожчыка мужа. Барбара была вельмі прыгожая, разумная і адукаваная жанчына. У той самы час у Вільні жыў княжыч, пляменнік вялікага князя Літоўскага — Жыгімонт. Аднойчы юнак убачыў Барбару і закахаўся ў яе. Яны пачалі патаемна сустракацца. Малады княжыч быў наследнікам вялікага князя. Барбара была старэйшая за юнака на тры-чатыры гады. Можа, яна таксама інчыра кахала яго.
А можа, разумная і хітрая княгіня проста хацела зрабіцца жонкаю будучага караля.
I вось аднойчы, калі ў месячную салаўіную ноч закаханы пералез праз высокую каменную сцяну ў сад да сваёй любай, яго схапілі. Ён мусіў ажаніцца з княгіняй, і іх таемна звянчалі ў касцёле ў Вільні. Неўзабаве ён стаў польскім каралём Зыгмундам Аўгустам II. Але польскі сейм і духавенства не хацелі прызнаваць Барбару Радзівіл каралевай. Яны хацелі, каб польскай каралеваю стала багатая прынцэса, якая папоўніла б каралеўскі скарб. Але кароль Сігізмунд дабіўся, што яго жонка была прызнаная каралевай. Барбара была бяздзетная, і спадкаемца прастолу не было. А праз год пасля каранацыі яна памерла. Кажуць, што яе пад выглядам лекаў атруцілі. Пасля смерці Барбары кароль вельмі засумаваў і пакінуў цікавіцца дзяржаўнымі справамі. Жаніцца ён больш не хацеў, бо моцна кахаў Барбару. Прыдворныя і духоўнікі запрасілі з Англіі чарнакніжніка, каб той вызваў дух Барбары, які загадаў бы каралю жаніцца. I вось аднойчы ў цёмную залу, дзе сядзелі кароль і яго світа, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кінуўся да яе і са словамі: «Басенька, мая Басенька» схапіў яе за рукі. Але адразу пачуўся выбух, і пакой запоўніўся трупным пахам. Гавораць, што дух Барбары ў вобразе Чорнай Дамы пасяліўся ў Нясвіжскім замку. Ходзіць сярод людзей і такое, што апоўначы месячнай ноччу ў замку з’яўляецца Чорная Дама. Яна нібы спрыяе закаханым і заступаецца за бяздзетных жанчын. Таму, на каго яна паглядзіць, выпадае шчасце.