Выбрать главу

ПАН БАГУШЭВІЧ ВАС СЛУХАЕ

Аднаго разу да Багушэвіча ў Кушляны прыехаў здалёк якісьці нетутэйшы панок па нейкай судовай справе. Падышоў ён да Багушэвічавай хаты — бачыць чалавека з раскідзістай барадой у грубай сялянскай світцы і пытаецца ў яго, дзе ён можа ўбачыць пана Багушэвіча.

Чалавек у світцы хітра прыжмураным вокам кінуў на залётнага госця і кажа:

— Зараз я яго паклічу.

Праз колькі хвілін на парозе з’явіўся той самы прысадзісты чалавек з вялікай раскідзістай барадою, але ўжо ў чорным адвакацкім фраку і наўмысна ўрачыста апавясціў:

— Калі ласка, пан Багушэвіч вас слухае.

ДЗЯДЗІНА

Ну і дзядзіна ў мяне была, а багатая дык багатая!

Было ў яе сем моргаў зямлі, адна каза, сем хлявоў, тры гумны, і ўсе поўныя: у адным мак, у другім — так, а ў трэцім цапы віселі. А як пойдзе, бывала, дзядзіна казу даіць, ды покуль казу найдзе, аж у мазгі зайдзе, а як зачне яе даіць, дык нясуць малако цэбрамі, вёдрамі, кадушкамі...

А масла дык білі на гумнішчы цапамі і маслянку ў застрэшкі змяталі; бедныя людзі дык ішлі з мяшкамі і з гаршкамі, з рэзгінамі: хто з чым прыйшоў, той з тым пайшоў.

А парсюкі кормленыя ў дзядзіны дык такія былі, што праз парог не маглі пралезці; але пад парогам дзірачка была, дык туды лазілі.

А грэчка ў маёй дзядзіны як зарадзіла! Вось дару божага было!

Калі палажылі стог на слупе ля прыпечка, дык вось быў стог!

Але зрабілася няшчасце: дзядзіна хусту вязала, хтосьці дзвярамі стукнуў, стог перавярнуўся ў начоўкі, і ратуначку не было!

Вось тут мая дзядзіна і збяднела. А дзяцей — з асьмін, а карміць няма чым.

Убачыўшы гэта, панскі аліндар як прыстаў да дзядзіны:

— Прадай казу ды прадай!

Ведаў, каб яго немач, што добрая каза.

Дзядзіна думала, думала — глядзіць, што няма чым карміць, і прадала казу.

Аліндар — казу браць, а каза ў лес наўцёкі, а воўк ды з лесу, ды яе за горла.

Покуль мы даляцелі, яна толькі крыкнула: «Мааагда!» — і зарэзаў яе воўк. Не так дзядзіне шкада было той казы, як таго, што каза імя яе ведала...

БОГАМАЛЕННЕ

Жыў адзін чалавек, што не ўмеў Богу маліцца і ў царкву ніколі не хадзіў, а добрай душы быў чалавек. Жыў ён у адзіноце, нікому злога не рабіў, не з'ядаў чужога дабра, не піў сіроцкіх слёз, не смактаў людскога поту. З усходам сонца ўставаў, браўся за работу, працаваў шчыра, да поту; з заходам спаць лажыўся. Устаўшы ранкам і кладучыся спаць, пойдзе, бывала, к калодзе і скача цераз яе, скача і прыгаворвае:

— Табе, божа! Мне, божа! Табе, божа! Мне, божа!

Раз трыццаць пераскочыць калоду — і ўсё яго богамаленне. Доўгага веку дажыўся ён, і людзі яго шанавалі за справядлівасць. Але, вядома, дурняў ёсць нямала: думалі, што кепска яму будзе на тым свеце за тое, што ён не ўмее Богу маліцца і ў царкву не ходзіць. I сталі гэта яго ўгаворваць.

— Схадзі ды схадзі ў царкву хоць раз у сваім жыцці, без гэтага,— кажуць,— і ў рай не пападзеш.

Паслухаў ён людзей і пайшоў з імі на Вялікдзень у царкву. Каб хутчэй дайсці, пайшлі яны пуцінкамі. Прыходзяць к рацэ, цераз раку моста не было, а так, ляжала кладачка. I сталі людзі пераходзіць на другі бераг па кладачцы, а гэты чалавек пайшоў проста па вадзе, як па сухому. Перайшоў і нават ног не замачыў. Людзі аж здзівіліся.

Прыйшлі ў царкву. Народу сабралася многа-многа — вядома, Вялікдзень. Усе гэта ціснуцца ўперад, штурхаюць адзін аднаго, самі не моляцца і другім не даюць. Бабы сабраліся ў кутку і, як тыя сарокі, сакочуць, адна адну абгаворваюць, толькі сваркі заводзяць, а іншыя дрэмлюць стоячы. Хлопцы з дзяўчатамі смяюцца. Папы бяруць на малебны, гандлююць, свянцонае свенцяць, мяркуюць, каб сабе болей адрэзаць: вядома, паповы вочы ніколі не поўны.

Вось табе і богамаленне, і ратунак душы. Адзін сорам...

Скончылася богамаленне, пайшлі людзі дамоў разгаўляцца. Ідучы назад, паспрабаваў гэты чалавек перайсці цераз раку — і да каленяў апынуўся ў вадзе. Аж заплакаў, небарака, азірнуўся ён да людзей і кажа:

— Добрыя людзі, ішоў я ў царкву, грахоў не меў з царквы вяртаюся і грахі нясу: гэта яны мяне ў ваду пацягнулі. Мабыць, што ў царкве і я саграшыў.

ЯК МІКОЛА I ПЁТР КОНЕЙ ВА ЎКРАІНЕ КУПЛЯЛІ

Бог завёў свет не так, каб усюды ўсяго было пароўну: людзей, рагатай жывёлы, коней. Спачатку было ўсяго болей ва Ўкраіне.

Надышла вясна. Бачыць Бог, што беларускаму мужычку араць няма чым — коней няма. Не прападаць жа, хоць сабе і нашаму брату, з голаду.