Выбрать главу

Даў Бог Міколу і апосталу Пятру грошай і паслаў іх абодвух ва Ўкраіну купляць коней.

Мікола надта любіў выпіць, і зайшлі яны з Пятром у карчму. Узялі паўштоф, другі. Як завяло ў Міколы ў галаве, дык і забыўся ён пра ўсё, прапіў грошы, што яму Бог даў,— да капейкі. Няма за што цяпер Міколу з Пятром і коней купляць...

Глядзяць, аж бягуць два табуны коней. Мікола сеў на першага каня і пагнаў табун перад сабою, а Пётр ускочыў на каня з другога табуна і таксама пагнаў перад сабою.

Гоняць яны гэтых коней і думаюць: усё чыста зрабілі, бачыць ніхто не бачыў, акрамя толькі вароны, сарокі і зязюлі...

Прыводзяць яны коней да Бога. Вось ён і пытае ў іх:

— Вы гэтых коней купілі?

— Купілі.

— А сведкі ў вас былі, як куплялі?

— Не, сведкаў не было.

Тут прылятае варона (яны пра варону і забыліся) і крычыць:

— Укр-алі, укр-алі. — Сядзіць на галінцы ды сваё гарлапаніць.

З’явілася сарока.

— Што ты скажаш, сарока?

Сарока з жэрдачкі на жэрдачку пераскоквае і крычыць:

— За гэта ім трэба чы, чы, чы.

Нарэшце прыляцела зязюля і пачала заліваць:

— Яны купілі ды ку-у-пі-лі, ды ку-у-пі-лі.

Пётр і Мікола ўзрадаваліся, што хоць зязюля іх руку трымае. Тады гавораць:

— Вось ты кукуй толькі да Пятра, а там табе далей свабодна. Вы ж, сарока і варона, што так сказалі,— вам увесь год крычаць, не будзе роздыху ніколі.

Дык вось як Мікола з Пятром ашуканствам займаліся.

ІЛЬЯ I ПЯТРО

Было гэта тады, калі аддаў Бог увесь свет Ільі і Пятру. Але, ведама, дзе два паны, там ніколі ладу няма. Адзін пасылае дождж, а другі — пагоду. Плачуць хмары, не ведаюць, што рабіць, каго слухаць.

Пойдзе дождж, Пятро бяжыць ды крычыць, лаецца на чым свет стаіць:

— Што вы робіце, нашто мочыце сена, цяпер жа людзі косяць!

— Нам, кажуць хмары,— Ілья загадаў.

— Ах, вы,— лаецца Пятро,— я вам пакажу Ілью. Ілья заўсёды наробіць гнілля.

Ухопіць Пятро мятлу і паразганяе хмары па кутках, неба чысценька падмяце.

Ды вось, ні стуль ні ссюль тарахціць, едзе Ілья крычыць, як на жывот, аж неба і зямля дрыжаць. Хмары таўкуцца, бы непрытомныя, вылазяць з куткоў, і ўжо ліне такі дождж, што не толькі берагі, але і груды паплывуць.

Жаляцца людзі Богу, што паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трасуцца, жаляцца і просяць, каб Бог даў пагоду.

Прызывае Бог Ілью, сварыцца на яго, а той кажа, што столькі развялося нечысці, трэба яе громам пабіць, бо ўвесь свет запаганіць.

Прызывае Бог Пятра і кажа, што няхай Ілья трохі папалюе чарцей.

А Ілья тым часам падымае такія грымоты, аж зямля стогне: няма ні дня, ні ночы; хмары таўкуцца, як уюны ў рэшаце; на небе кіпіць, як у гаршку; маланка бліскае, аж у вачах цёмна робіцца, а пярун смаліць раз-поразу, паласуе хвоі і дубы ды паліць будоўлю альбо стагі.

А Ілья ездзіць па небе — камандуе:

— Так-так-так! Го-го-го! Яшчэ, яшчэ... Лупі, лупі яго... От так-так... Го-го-го! Лясні яго па карку! У патыліцу, у патыліцу лупі яго, гада! Трах-трах! Так-так-так! Го-го-го!

Просяць людзі напрамілы бог, каб уняліся грымоты, а Ілья не слухае.

Ходзіць Пятро ды плюецца бяззубым ротам ад злосці.

Нацешыцца Ілья, пачысціць сваю каляску і паедзе да сонейка ў госці.

Тут Пятро падмяце неба ды давай сушыць зямлю.

От надыходзіць пара сеяць жыта, а зямля сухая, як прысак,— зноў бяда! Бяда ўжо, што няма дажджу. Ілья сваволіць сабе з сонейкам, а пра зямлю забыўся.

Не маюць вока адзін на аднаго Ілья і Пятро, сярдзітыя, баяцца, каб і не сустрэцца.

Але вось раз уздумалі яны пахадзіць па зямлі, папытаць у людзей, каго тыя больш любяць: Пятра ці Ілью? Як сышлі яны на зямлю, так па немалым часе і сустрэліся.

Ідуць разам і спрачаюцца: Пятро кажа, што яго больш любяць людзі, а Ілья кажа — яго.

Як дакапацца, чыя праўда?

Бачаць яны, аж чалавек сее грэчку.

— От,— кажа Пятро,— давай папытаем, каго мужыкі больш любяць.

— Папытаем,— згаджаецца Ілья.

— Памагай Бог! — кажа Пятро.

— Дзякаваць...

— Скажы, добры чалавеча, каго вы больш любіце: Пятра ці Ілью?

Мужык зняў з плячэй сявок, паставіў яго на зямлю, пачухаў патыліцу дый кажа:

— А багі яго знаюць, каго мы больш любім: мо Ілью, мо Паўла-Пятра.

— Ты не гарадзі плота,— гаворыць Пятро,— кажы проста.

— Ілья і Павел-Пятро — добрыя святкі: мы іх і любім.

— А каго больш?

Бачыць мужык, што тут не выкруціцца, і кажа:

— Пэўне ж, Паўла-Пятра.

Аж затросся Ілья ад злосці.

Пайшлі яны далей, а Ілья і кажа.

— Ото ж спяку за гэта яму ніву — нічога не зародзіць.

— А я намачу і зараджу,— кажа Пятро.