— Калі так, дык я зраблю вось як: хто першы ўкусіць з гэтай нівы перапеч, той адразу ж і падавіцца.
Ухмыльнуўся Пятро, і пайшлі яны далей.
Было вельмі добрае тое лета: аб дзень пагода, цяпло, а ўначы ці цёплая раса, ці ціхенькі цёплы дожджык.
Расце ўсё як на дражджах; здаецца, пасадзі на полі дзіця, дык і тое вырасце.
Зарадзіла грэчка ў пояс. Набіў мужык паўгумна.
Вось намалаціў ён грэчкі, намалоў, і напякла баба свежых перапеч поўну печ.
На той час прыходзяць у сяло Ілья з Пятром і заначавалі ў таго мужыка.
Забыўся Ілья, не пазнаў яго.
Селі яны вячэраць.
— Вось жа, дзякаваць Богу,— кажа мужык,— зарадзіла цяпер грэчка, паспытайце, госцейкі, свежых перапеч.
А Ілья такі добра выгаладаўся. Ён як хопіць перапеч, так і падавіўся. Туды-сюды ён, і вадою запіваць, і кулаком біць у грудзі і ў спіну — хоць бы што. Здагадаўся ён, што гэта праклятыя ім перапечы, і давай прасіць у мужыка і ў Пятра прабачэння.
Ледзьве ачомаўся.
З тае пары: годзе Ілья мяшаць людзям сена касіць.
Але ўсё было б добра, каб Ілья не быў такі стары і глухі. Бог кажа:
— Пасылай тады дождж, як людзі просяць.
А ён недачуе ды пасылае дождж, як людзі косяць.
ПРАВІЛЬНЫ СУДДЗЯ
Араў адзін мужык у полі на кабыле, у якой было жарабя. Ішоў міма святы Мікола з трысцінкаю. Узяў і забраў жарабя з сабою.
Мужык крычыць:
— Куды ты, стары, жарабя забраў?
— Як куды? Гэтае жарабя,— гаворыць,— ажарабіла мая трысцінка.
Пачалі яны тузацца. Тузаліся, тузаліся, пакуль не прысталі. I давай ужо згаджацца на суд.
Мікола пытае ў мужыка:
— А дзе ж ты ведаеш такога суддзю. які б нас мог рассудзіць па ўсёй праўдзе?
— Ёсць у нас суддзя, вярсты за тры ад вёскі нашай жыве; пойдзем да яго, ён нас разбярэ.
Прыходзяць да суддзі, мужык і расказвае сваю крыўду: так і так, маўляў.
Суддзя выслухаў усё дый кажа:
— Пасядзіце тут трохі, цяпер мне некалі вас судзіць.
— А куды ты паедзеш? — пытае Мікола.
— На мора авёс сеяць,— адказвае суддзя.
— Дык на моры ж авёс не сеюць! — гаворыць Мікола.
— Ну й трысцінка жарабя не ажарэбіць,— адказвае суддзя.
На гэтым суд і закончыў. Мусіў Мікола аддаць жарабя мужыку.
БУТРЫМАВА ПРЫГОДА
У Засуллі, у сяле, што абапал рэчкі дзвюма вёскамі раскінулася, быў гаспадар, Бутрымам празываўся. Тады ён быў яшчэ малады, гадоў колькі як жанаты, ды любіў часам загуляці.
Што буду гаварыць, то не выдумка якая — сама жонка яго, Марцэля, будучы ўжо ўдавою, клялася ды бажылася.
Сышоўся гэта той Бутрым са сваім кумам у Мэндалевай карчме, павялі гутарку пра сёе-тое і згадалі пра грошы.
— Ведаеш,— кажа Бутрымаў кум,— дзе нам грошай узяці?
— А дзе? — пытае Бутрым.
— А ў панскім лесе... Я ўчора нагледзеў на Папоўшчыне, каля балота, брускі ляжаць. Дык ты пайдзі запражы вала ды едзь пад Туры, а я там чакаціму цябе. А там узложыш адзін і — у Стоўбцы... Вот і будзе які рубель...
Як параіў, так і зрабілі. Бутрым запрог вала. Прыехалі пад бруссе, паклалі адзін на воз і паехалі. Не праехалі яны і дзвюх вёрст, як валы чагось утарапіліся. Калі глядзяць — ажно на дарогу чалавек выходзіць. Яны дужа спалохаліся, бо думалі, што хтось са двара. Адно, прыгледзеўшыся, пазналі, што гэта хтось чужы: у кароткім сурдуціку, у вузенькіх штоніках, у капелюшы і, залажыўшы рукі назад, як бы кійком памахвае. Сказаць пан — не пан, бо на пана затонкі... Адным словам, хтось такі незнаемы.
А каб яны лепей прыгледзеліся, дык убачылі б, што гэта ззаду ў яго не кіёк, а хвост касматы, а ён адно, дзеля прыліку рукі залажыўшы, яго прытрымлівае і што з-пад капелюша рожкі невялічкія тырчаць. Ды ім гэта няўцямкі было.
— Куды гэта, людцы, едзеце? — пытае той ягомасць.
— У Стоўбцы, паночку,— кажуць мужчыны.
— Гэ, гэ! Ды вы,— кажа,— заблудзілі.
— Не можа быць, паночку! Мы ж не толькі дарогу, а кожную хвою тутака знаем.
— Аднак жа вы заблудзілі, вот прыгледзьцеся добра.
Калі сталі прыглядацца, дык і ім здалося, што заехалі ў незнаёмае месца, і, скрабучы за вушамі, кажуць:
— А-а, дык вашая праўда! I што мы цяпер рабіцімем?.. Хіба, панок,— будзь так ласкаў,— і пакажы нам дарогу!
— Дык добра, я вас аж у Стоўбцы завяду, бо і сам туды ж іду. Вярнеце налева і едзьце за мною!
Тыя, яму падзякаваўшы, паехалі за ім. То як стаў ён іх вадзіць па нейкіх невядомых дарожках, па карэнні ды па балоце, а яны скрозь за ім.
I немаведама, як доўга б ездзілі, але адзін вол паў. Тады яны, здагадаўшыся, давай хрысціцца ды Богу маліцца, дык той хрант перш усё корчыўся, пляваў, а далей — як зарагоча ды ў балота як скоча — адно пырскі выш лесу паляцелі.