Выбрать главу

А нашыя мужчыны назаўтрае на адным вале дамоў прыбіліся.

ЧОРТ ДУРЫЦЬ ПАДАРОЖНЫХ

Гэта недалёка было, у суседнім сяле, ці што. Я быў на варце ў воласці, дык там расказваў адзін чалавек, маўляў, яго стрэчны брат якраз ехаў з дзецюкамі з месца, куды яны збожжа вазілі, дык іх нячысцік дурыў чуць не ўсю ноч у дарозе. Дык вось як тое было.

— Ссыпалі,— кажа,— мы збожжа ў свіран, пахарчаваліся трохі ў карчме дый паехалі ўлегцы дадому. Ужо цямнела, як мы выехалі з месца. Марозік быў невялічкі. Едзем, шуткуем, смеімося, а адзін дзяцюк аж заспяваў песню. Пад’ехалі мы да карчомкі, вось дзецюкі і кажуць:

— Ніпачом сем карчом, абы грошы, дык усе абайдзём,— дый супыніліся. Зайшлі ў карчомку люлькі закурыць дый выпілі па чарцы, па другой, а можа, больш, але ніхто не быў п’яны. Ні ў водным воку! Паехалі мы далей. Толькі праехалі лясок, з пярэдняе фурманкі хтось і крычыць:

— Дзецюкі, не туды мы паехалі.

Не туды, дык не туды. Павярнулі коней. Толькі трохі праехалі, зірнулі на грушку пры дарозе — здаецца нам, што не так едзем. Зноў павярнулі назад і хутка прыехалі да той самай карчомкі, адкуль выехалі, толькі не з таго боку. Чорт ведае што гэта такое! Знаёмая карчомка, але калодзеж не там. Зайшлі мы ў карчомку. Выпілі дзеля прыліку па чарцы, па другой, а можа, і больш, закурылі люлькі дый паехалі. Дарога была добрая, коні трохі прамерзлі. Чуць мы селі на сані, дык не трэба было і паганяць, нашы канякі духам пруць, толькі скрыпіць пад палазамі. Мінулі каплічку ды крыж, што стаіць ля дарогі і пад якім пахаваны якісь стары, зірнулі наўкола — аж зноў збіліся. Згрудзіліся мы і давай гаманіць, куды тут ехаць. Адзін кажа — проста; другі — назад; трэці — трэба павярнуць направа; чацвёрты — што варта трымацца левага боку. Нарэшце закрычалі ўсе разам, дык і сам чорт не разбярэ, куды ехаць.

Вось так цалюсеньку ночку мы і ездзілі з аднаго месца ў другое. Ужо надыходзіў дзень, а нячысты ўсё нас дурыў ды круціў у полі. Нарэшце, мабыць, і яму надакучыла з намі валэндацца, дык ён кудысьці знік, а мы адразу сваю вёску і ўбачылі.

ПРА ЧАРТОЎ

Недалёка ад нашай вёскі Азябы (Беластоцкі павет) ёсць возера Горбач. Расце там малады багун. Цяпер дайсці да возера можна дарогаю праз лугі і лес. Калісьці гэты лес і навакольныя абшары былі недаступнаю дрыгвою. Здарылася, што хтосьці ноччу, зблытаўшыся з дарогі, трапляў у непраходны лясны гушчар. Тады чынілася самае страшнае.

Нейкая постаць хадзіла перад чалавекам і вызначала яму дарогу. Той, хто ішоў следам гэтай з’явы, трапляў у нетры, адкуль цяжка было выбрацца. Бывала і так, што калі хто трапіць сюды адвячоркам, то праходзіць да самага ранку, пакуль пазнае знаёмае месца. Старэйшыя гавораць, што даўней жылі тут чэрці і сюды нікому нельга было заходзіць. Калі чалавек з’явіўся ў іхнім уладанні, былі яны надта злыя і хацелі яму па-свойму падзякаваць за гэта.

Цяпер усе старыя і маладыя згодна гавораць, што чарцей тут няма. Чэрці даўно адсюль ужо ўцяклі немаведама куды, і ніхто іх не бачыць. Мо пайшлі на пенсію?

НЕЧЫСЦЬ ЗАМАНЬВАЕ Ў БАЛОТА

Што вы ні кажэце, а я сам добра чуў, як пішчала нячыстая сіла, як падманьвала мяне да зазывала перш у лес, а потым у балота. Вось як было тое здарэнне. Як цяпер памятаю, павёў я на круговіну пасціць коні. Я ўжо быў хлопец ладны, можа, гадоў дванаццаці, як вось бацька кажа:

— Вазьмі, дзетка, да папасі коней. Чаго яны ў хляве галодныя зубамі звоняць. Завядзі на круговіну, ці што, няхай паходзяць, пакуль нямашака заедзі.

Я, ведама, як хлапчук вельмі любіў ездзіць на конях. Вось надзеў я на коней аброці, ускочыў на каня — а кабылу вяду поруч — дый пагрукацеў на круговіну. Мой бацька жыў на хутары. Да круговіны было, можа, з паўвярсты. Я хутка па вузкай дарожцы праехаў праз густы лес, саскочыў з каня каля круговіны, пусціў коней на пашу, а сам садраў бяросту да давай рабіць кузобчыкі на ягады. Толькі я скруціў у ражок бяросту, як чую, аж блізенька ў хвойнічку плача дзіця. Я кінуў кузобчык дый пабег проста туды. Расхіліў я густы маладняк, пралез у саму гушчарню, аж чую, што дзіця плача зусім блізенька, але ў другім баку. Доўга не думаючы, кінуўся туды. Чую, дзіця плача ў мяне ззаду. Пабег я туды. Яно далей. Я бегчы, а яно ўсё ад мяне ўцякае. Я даганяць, а яно далей. Вот здаецца, яно плача так блізка, бы каля самых ног, але нічога не відаць і ніяк нельга дагнаць. Бег я, бег, аж засопся, чуць вочы не выдраў у гушчарні, а ўсё ж не магу дабегчы да таго дзіцяці. Адбег я ўжо, можа, з паўвярсты дый упёрся ў балота. А балоты ў нас гразкія да глыбокія, так што можна зусім праваліцца ў такую тхлань, што й не вылезеш. Тут толькі я здагадаўся, што гэта не дзіця, а нечысць кпіць з мяне да пад’юджвае, каб заманіць у балота. Спалохаўся я, ды ледзьве знайшоў свой хутар — у такую гушчарню да нетру завёў мяне паганец. Кінуў я й коней дый кажу бацьку, што не пайду ў круговіну. Ён пытае. чаму. Я й расказаў, як мяне падманьваў нячысцік. Бацька кажа: можа, шуткаваў сусед, пасля толькі пакруціў галавою дый пайшоў сам па коні, запытаўшы, аднак, куды я палажыў аброці. Дык вось якое са мною здарэнне было.