ЧОРТ У ВІХРЫ
Гэта было ўлетку, якраз каля макавея. У нас вырасла вельмі добрая атава на поплаве. Дзядзька памог мне скасіць такі добры кусок. Накасілі мы, можа, вазоў са тры вельмі пахучага сена. Было добрае
надвор’е. Сенца высахла, аж трэцца. Забраў я жанчын, і пайшлі мы грэбці тое сена. Згрэблі перш у валы і толькі пачалі класці ў копы, аж прыходзіць Сцяпан Дазорцавых закурыць люльку. Ён, бачыце, згубіў краменьчык,і не было чым выкрасаць агню. Вот убіў ён граблі ў землю, паклаў у люльку тытуню дый пачаў красаць агонь. Тым часам жанчыны злажылі тры ці чатыры капы сена дый кажуць:
— Ой, зірнеце вы толькі на захад, што гэта там такое! Мабыць, будзе дождж.
Азірнуліся мы, аж на захадзе чорная хмара, бы клубок, так і коціцца на нас, так і расце. Выбілі мы люлькі ды хутчэй кінуліся памагаць жанчынам класці копы. Дык то скажэце, не паспелі мы злажыць і аднае капы, як хмара завалакла ўсё неба. Раптам закруціў віхор, схапіў нашыя копы, падняў увышкі ды давай церусіць. Вот Сцяпан Дазорцавых барзджэй адвязаў ад пояса свой канчаты нож ды як шыбане ў самы віхор, дык чорт толькі піснуў, а віхор невядома куды і дзеўся, толькі нашае сена падае ўніз, дзе на землю, дзе завісае на дзерава. Стаім мы ды толькі дзівімся, што гэта такое. Вот упала дадолу ўсё сена, паказалася сонейка. Зірнулі мы на неба, аж там аніводнага воблачка. Тагды Сцяпан і кажа:
— Мабыць, я забіў ліхога. Памажэце шукаць майго нажа.
Кінулі мы граблі ды давай шукаць нажа. Доўга шукалі мы, амаль споўзалі ўсю сенажаць, нарэшце я знайшоў нож на купіне.
— Хадзі сюды, Сцяпане,— кажу я,— зірні, што тут робіцца.
Падышоў Сцяпан туды. Зірнулі мы, дык аж спужаліся. На купіне ляжыць вужака, перарэзаная пасярэдзіне нажом. Яна яшчэ трапяталася. А канчаты нож з разгону аж у землю ўбіўся войстрым канцом. Узяў Сцяпан нож, аж на ём яшчэ відаць кроў.
— Гэта не вужака,— кажа Сцяпан,— а сам ліхі, што хацеў раскідаць сена.
Дык вось, мае вы саколікі, гэта я сам бачыў на свае вочы.
ЧОРТ У ПОСТАЦІ ЦЯЛЯЦІ
Пайшоў у нас адзін чалавек у лес паглядзець сабе здатнае дзерава, каб зрабіць вулей для пчол. Доўга хадзіў ён, блукаўся то ў адну, то ў другую пораслю, то ў гушчэчу, блутаўся, пакуль аж збіўся з панталыку, дый не ведае,з якога боку прыйшоў і ў які бок ісці. Пачаў ён пазіраць на неба, каб па сонейку пазнаць, у якім баку дом, ды вот бяда, на яго ўсе ліха, што акурат трапіўся хмурны дзень. Што тут рабіць,— думае ён,— вось хіба ж даведаюся па ветру. Выбраўся ён з гушчарні на прагаліну дый пачаў цікаваць, адкуль цягне ветрык. Але на той час у лесе стала ціха, як у вусе. Пачухаў ён патыліцу, патупаў на месцы дый пасунуў за вачыма. Толькі крыху прайшоў, аж трапляецца яму насустрач цяля ды такое гожае, гладкае, бы мянёк. Дай,— думае ён,— паганю гэтае цяля дадому. Вот заняў ён тое цяля дый пагнаў. Толькі прагнаў ён гоняў пяць, як зірне, аж і дом відаць. Узрадаваўся ён, узваліў тое цяля на плечы дый панёс. Нясе ён тое цяля дый думае, што гэта, чым далей, тым яно становіцца цяжэй. Перш было лёгка, а тут стала так цяжка, што нельга і несці. Вот прынёс ён ужо да двара дый спусціў цяля на зямлю. Тут яно падбрыкнула, зарагатала ды чорт ведае дзе й дзелася. Здагадаўся ён, што гэта быў чорт, а не цяля што ён толькі пашуткаваў з яго ды накпіў.
ЧОРТ СКІНУЎСЯ БАРАНОМ
Гэтак каля Багатніка прычапіўся да мяне Янкель Чараваты ды пачаў прасіць, каб я адвёз яго ў Петрыкаў. Што тут рабіць? Нельга было не паслухаць. Баба і не пускала, але я мусіў згадзіцца. Вот запрог я пару коней у лёгкія драбінкі, набіў дзяругу мурагу, узяў з паўасьмінкі аўса, пасадзіў Янкеля дый патарахцеў на ўсю ноч. Раненька мы прыехалі ў Смятанічы, а к абеду — у Петрыкаў. Рады Янкель Чараваты, заплаціў умоўленыя дзесяць рублёў ды яшчэ, апрача таго, даў мне добрую кварту. Пахарчаваў я коні, купіў сабе солі ды тараноў, узяў жонцы лычка абаранкаў ды завідна папхаўся памаленьку назад. Еду дый думаю сабе, ці не заехаць да сябра ў Млынок. У мяне, бачыце, з Яўхімам у Млынку адзіныя пчолы, вот затым мы і сябры. Падумаў я гэта дый звярнуў на Курынічы. Толькі што я ўехаў у лес, аж бачу: стаіць каля самае дарогі вельмі гожы баран ды так бляе, што аж мае коні не хочуць ісці. Што за ліха, думаю сабе. Мае коні ніколі не былі наравістыя, а тут сталі бы ўкопаныя дый ні з месца. Я й так, я й сяк, я й пад чэрава, я й пад хвост — хоць ты што,— на дыбы становяцца, а ўперад ні на пядзю. Злез гэта я з воза, узяў з дзяругі жменю сена, зайшоў уперад дый вяду коней за павады. Коні храпуць, але йдуць за мною. Толькі я параўняўся з тым бараном, ён як забляяў ды і пабег у лес. Сеў я на воз ды па конях. Гнаў я што ёсць духу, пакуль прыехаў у Курынічы. Супыніўся каля карчмы дый зайшоў туды закурыць люльку. Заходжу я ў карчму, аж там людзей поўна. Ведама, як у карчме там стаіць гоман. Стаю я каля печы ды прыслухоўваюся, аб чым гавораць людзі, а яны ўсе як у бубен б’юць, усе гамоняць аб тым, якія хто бачыў страхі. Толькі вось падходзіць да мяне Гараська дый кажа: