Выбрать главу

— Чалавеча, з табою сягоння было ліхое здарэнне. Як пачуў я тое, дык чуць не прысеў. Бачыце, я даўно ведаў, што Гараська вядзьмак, але не даваў веры, каб ён быў такі моцны знахар, што пазнаў маё здарэнне. Спалохаўся я Гараські, нічога яму не сказаў ды хутчэй выйшаў з карчмы. А ён мне наўздагон:

— Пачакай, яшчэ сягоння будзе другое здарэнне.

Я незнарок спалохаўся, але падумаў, што Гараська толькі шуткуе ці кпіць з мяне. Не ведаю, як я даехаў да Млынка ды хутчэй да сябра. Сябра якраз у той дзень падглядаў пчолы. Давай ён мяне частаваць. Паставіў на стол пляшку гарэлкі, баба насмажыла на скаварадзе. Давай мы піць ды закусваць. А як трохі выпілі, дык і адкуль тая гаворка ўзялася. Не вытрымаў я дый расказаў сябру, якое са мною здарэнне было і што мне казаў Гараська-вядзьмак. Сябра і кажа:

— Эй, не вер ты Гараську, ён толькі чмуціць.

— Як жа,— кажу,— не верыць, калі ён усё бачыць, калі яму, мабыць, чэрці служаць.

Вот пагасцяваў я добра ў сябра дый збіраюся пхацца дадому, а Яўхім дый кажа:

— Чаго табе сунуцца на ноч гледзячы, начуй у мяне, а заўтра раненька халадком як піць дасі даедзеш дадому.

— Не,— кажу,— баба будзе сварыцца.

Упёрся я на сваім дый паехаў. Толькі я пераехаў за палянкаю пералесак ды грэбельку, як вось зноў бачу, што пры дарозе стаіць баран. Пад’ехаў я бліжэй, дык ён узышоў дый стаў пасярод дарогі. Я гнаць коні, а тыя ані з месца. Што тут рабіць, думаю сабе. Пачакаю, можа, хто наедзе. Баран бляе, коні храпуць, я сяджу на возе бы на іголках, а шапка на галаве расце. Чакаў я, чакаў, аж абрыдла. Чакай,— думаю,— паспрабую я зрабіць адну штуку. У мяне з лейцаў было зроблена ў драбінках гертаванне. От я давай распутваць гертаванне да аслабаняць лейцы. Нарэшце распутаў я тыя лейцы, зрабіў з іх пятлю, злез з воза дый пайшоў уперад коней. Стаў я, прынаравіўся ды як шыбану пятлю, дык акурат і закінуў таму барану на шыю. Не паспеў ён і варухнуццца, як я зашмаргнуў пятлю дый пацёг барана да сябе. Звязаў гэта я таго барана, узваліў яго на воз дый хацеў ехаць далей. Пагнаў гэта я коней, а тыя ані з месца. Я біць, я гнаць, а коні пнуцца, аж жылы ў іх трашчаць, а не могуць пацягнуць воза. Бачу я, што гэта не просты баран, а якісь нячысцік, вот я развязаў лейцы дый скінуў яго з воза. Баран забляяў, зарагатаў дый рассыпаўся па дарозе, бы мяшок жару. А коні як рвануць ды панясуцца, дык я думаў, што і костачкі мае растрасуць. Нарэшце выбіліся з сілы дый супыніліся. Ніколі не забуду, якога страху набраўся ў тую дарогу.

ДАМАВІК ЕЗДЗІЦЬ НА КОНЯХ

Сядзім мы раз у карчме, пакурваем люлькі ды гамонім аб тым аб сім. Толькі вось заходзіць Купрэй і пачынае жаліцца, што яго коні ноччу хтось заезджвае ў хляве.

— Гэ, ды гэта, мабыць, той самы,— кажа Мікіта Кульган.— Летась ён як прычапіўся да маіх коней, дык чуць жывымі пакінуў. Але то, кажуць, нячыстая сіла. Я выгладзіў коней, як лялек, а ён за нядзелю так заездзіў, што засталіся толькі шкура ды косці.

— Дык вось гэтак жа і маіх,— кажа Купрэй. — Сягоння чую ўначы, што коні грукаюць, запаліў я трэску дый пайшоў у хлеў. Прыходжу туды, а мае коні ў пене, бы іх хто ганяў колькі міль. Гэта ён цешыцца. Ён любіць, калі гладкія коні.

— Прапалі мае коні. Не ведаю, што і пачаць. Парадзь, Мікіта-братка, што мне рабіць. Можа, трэба старацца людзей, каб адрабілі, бо гэта, мусіць, удзеяна.

— Плюнь ты, Купрэй, на гэтую справу, ды вот паслухай, як я зрабіў. У мяне яшчэ горш было, бо я і не ведаў, што ён ездзіць на конях. Толькі бачу, што як я ні кармлю, а яны ўсё падаюць з цела. Дзякаваць сябру, ён мяне перасцярог.

— Глядзі,— кажа, сябра,— ці не дамавік гэта гарцуе на тваіх конях.