Выбрать главу

— Ідуць французы.

Дзе пройдуць яны, ні-ні не застаецца, ніводнае чалавечае душы, ніводнае будыніны, усё нішчыць іх меч і агонь.

Зышліся манахі на манастырскія двары і, памаліўшыся богу, пачалі раіцца, што рабіць. Доўга не маглі яны нічога прыдумаць, але вось выйшаў з грамады стары манах і пачаў гаварыць:

— Браты, захаваем увесь манастырскі скарб, а певуна аддадзім хвалям гэтага возера на захаванне і самі разойдземся хто ў які бок.

На гэта згадзіліся ўсе манахі.

Як узышло сонца на другі дзень, ужо ўвесь манастырскі скарб быў пахаваны, заставалася зняць певуна. Ізноў зышліся манахі на двары і, памаліўшыся богу, пачалі знімаць звон з вежы, на якой ён вісеў ужо колькі вякоў. I астатні раз з медных грудзей вырваўся чароўны кліч і заціх недзе далёка-далёка... Горка заплакалі манахі і панеслі звон да возера. Астатні раз пачуліся яго зыкі ў паветры, і пявун ціха апусціўся ў ваду. Манахі, сказаўшы певуну «прасці», разышліся ў розныя канцы свету.

І цяпер, кажуць, калі прыйсці перад усходам сонца да гэтага возера, дык чутна, як звоніць з вады пявун-звон.

КАЗАЦКІ ГАЁК

Было гэта даўно, яшчэ за тым часам, як польскія паны з казакамі ваявалі. На поўдзень ад нашае вёскі цягнулася вялікае балота. У той час, як ваявалі польскія паны супраць казакаў, каля нашае вёскі быў бой. Панскіх войск было болей, чым казакаў. Разбілі яны казацкі атрад. Аднаго казака пагналі паны ў тое балота. Казак доўга ехаў па балоце, і, калі даязджаў ужо да берага, балота пад ім правалілася, і багна праглынула ездака разам з канём. На тым месцы застаўся вялікі дол. Пасля ён парос высокім трысцём. Але на сярэдзіне долу заўсёды, зімою і летам, стаіць вада, не высыхае і не замярзае. Дол захаваўся і па сённяшні дзень як успамін аб даўно мінулай вайне. Людзі ж у памяць па казаку назвалі дол Казацкім гайком.

ПАКАРАННЕ

Жыў у адным сяле шавец — чалавек дужа сярдзіты, п’яніца ды да таго яшчэ бедны-бедны. I адкуль быць багаццю! Работы не пільнаваўся, слова не трымаў... Паўдня шые, паўдня п’е; што заробіць — прапівае; няма грошай — апошнюю адзежыну прап’е. Прыйдзе п’яны дамоў — давай жонку біць. А жонка яго такая была добрая кабеціна, што цяперашнім светам не хутка знойдзеш. Работніца, як кажуць, дай бог усякаму: і дзяцей гадавала, і ў хаце прыбірала, і мужу дапамагала, шчыра гора гаравала. Увішная такая была, да ўсяго здатная.

I нацярпелася ж яна мукі ад свайго паганага мужа! Біў ён яе ці трэба, ці не трэба, біў чым папала: і пацягом, і капылом, і паленам — што ў рукі трапіць.

А яна хоць бы слова сказала: маўчыць, не пярэчыць, толькі цішком уздыхае.

Была ў тым царстве каралеўна-злосніца, нягодніца, палымянка, такая, што не дай бог. Усё ёй не ў лад, усё не пад нораў. Толькі і спакойна, калі спіць. Прачнецца — шыпіць, кіпіць, усіх муштруе. Не толькі сваіх дваровых — усё царства змардавала. То яна войны ваюе — людзей галушыць, то кажа горы капаць — золата шукаць, то людзей з месца на месца ганяе — сялібу мяняе, то ў няволю прадае, то цяжкія паборы накладае. Стогне народ, гаруе.

З’явіўся ў гэтых краях якісьці чарадзей, пашкадаваў ён народ, пашкадаваў і тую бедную шаўчыху. Зрабіў ён так, што шаўчыха апынулася ў каралеўскіх пакоях, а каралеўна — у шаўцовай хаце.

Прачнулася шаўчыха, усхапілася з пасцелі: ай, думае, заспала, трэба снеданне згатаваць, у хаце прыбраць, пакуль муж устане. Зірнула вакол — і чуць не абамлела. Дзе я, думае, ці не на тым свеце? Пакоі такія прыгожыя, так добра, як у раі. Можа, я сплю яшчэ? Не, не сплю.

А слугі на дыбачках пад дзвярыма паходжваюць, падслухоўваюць, ці не прачнулася каралеўна. Як толькі пачулі, што прачнулася, зайшлі пакаёўкі і пытаюцца: якое адзенне падаць?

— Якое дасце, дык і ладна,— кажа шаўчыха, і такім гэта голасам ласкавым, што слугі дзіву даюцца.

Дзень прайшоў — ніхто не быў біты, нікога ў астрог не пасадзілі, хто што зробіць, усё ладна. Па ўсім каралеўстве пайшла пагалоска, што каралеўна характар змяніла, стала ціхая, спакойная, жаласлівая, міласэрная. Усё каралеўства ўзрадавалася, бо ўсім стала лёгка жыць.

Ну, а той каралеўне прыйшлося зусім інакш. Звечара шавец быў на падпітку, моцна заснуў, бо ведаў, што жонка парою разбудзіць. Прачнуўся ён, бачыць, зусім позна, а ў хаце не прыбрана, снеданне не зварана і жонка спіць. Як схапіла яго злосць, як схопіць ён капыл, як пачне мясіць бакі каралеўне: