Выбрать главу
* * *
Калі вырашыў па хаце Ты на ровары пагойсаць, А табе насустрач з ванны Выйшаў тата пагуляць. Ў кухню ты не паварочвай - Ў кухні цьвердая лядоўня. Тармазі у тату сьмела. Ён даруе. Мяккі ён.
* * *
Ты гісторыю краіны Сваёй роднай не вучы. Ну каму, скажы, цікава, Што даўным-даўно было? Бо гісторыю самому Можна лёгка прыдумляць І расказваць потым байкі Невукам такім, як сам: «Жыў-быў ў Піцеры Скарына І газэты друкаваў».
* * *
У жыцьці галоўнай справай Можа стаць любая дробязь, Трэба толькі цьвёрда верыць, Што важнейшых спраў няма. І тады не перашкодзяць Вам ні холад, ні сьпякота, У вялікім захапленьні Розную рабіць лухту.
* * *
Біце палкай жабянятаў - Гэта вельмі захапляльна. Адрывайце крылы мухам, Хай гуляюць пехатой. Трэніруйцеся штодзённа, І шчасьлівы дзень настане - Вам ў якімсьці каралеўстве Прапануюць катам стаць.
* * *
Дзяўчат ніколі і нідзе Ня трэба заўважаць. Ім кроку не даваць ступіць Ніколі і нідзе.
Часьцей падножкі падстаўляць, Зьнянацку іх пужаць, Каб ясна зразумелі ўсе - Ня трэба вам яны. Сустрэў дзяўчынку, дык хутчэй Паказвай ёй язык, Каб не падумала яна, Што закахаўся ты.
* * *
Калі раптам ты з бацькамі Вырашыў пачаць вайну, Пастарайся здацца маме, - Тата не бярэ ў палон. І, дарэчы, не забудзься Ты мамулі нагадаць, Біць палонных па азадку Не дае Чырвоны Крыж.
* * *
Калі вырасьцеш вялікім, Станавіся прэзідэнтам. Бо файнейшае работы Ў цэлым сьвеце не знайсьці: Ў абавязкі прэзідэнта Уваходзіць бег на лыжах, Тэніс, на каньках катаньне І гульня ў футбол-хакей.
* * *
Не пагаджайся ні за што Ніколі і ні зь кім, А хто пагодзіцца з табой - Таго баякам кліч. За гэта ўсе цябе пачнуць Любіць і паважаць. І будзе у цябе паўсюль Сяброў сапраўдных шмат.
* * *
Калі ў кухні тараканы Маршыруюць па стале, Ну а мышы на падлозе Зладзілі вучэбны бой, Значыць, трэба на часінку Кінуць барацьбу за мір І распачынаць заўзята Барацьбу за чысьціню.
* * *
Калі вырашыў ты зь сябрам Па душах пагаварыць, Сябра не хапай за гузік - Вырвецца яшчэ, зьбяжыць, І на памяць застанецца Толькі гузік у цябе. Сябру трэба даць падножку, На падлогу заваліць, Зьверху сесьці і тады ўжо Па душах пагаварыць.
* * *
Калі ты прыйшоў у госьці, Не здароўкайся ні зь кім, Словаў «дзякуй», «калі ласка» Анікому не кажы, На пытаньні не адказвай, Адвярніся ад усіх, І тады цябе ня будуць Называць балбатуном.
* * *
Калі здарылася нешта Й вінаватых не знайшлі, Не хадзі туды, іначай Вінаватым будзеш ты. Лепш схавайся у куточку, А пасьля ідзі дамоў І пра тое, што убачыў, Ты нікому не кажы.
* * *
Не купілі вам бацькі марозіва? Не ўзялі ў кіно з сабою ўвечары? Трэба на бацькоў тады пакрыўдзіцца І сыйсьці бяз шапкі ў ноч халодную. Ды ня проста так блукаць па вуліцах, А ў дрымучы, цёмны лес адправіцца. Стрэць ваўка там шэрага, галоднага, Ў пашчу да яго патрапіць, ведама ж. А бацькі, калі пра тое ўведаюць, Закрычаць, заплачуць ды забегаюць, Кінуцца адразу па марозіва, Возьмуць у кіно з сабою ўвечары.