Выбрать главу
* * *
Паглядзі, што ў кожным доме Адбываецца ўначы: Павярнуўшыся да сьценкі, Тата з мамаю ляжаць. Вуснамі яны варушаць У цямнюткай цемнаце, І, заплюшчваючы вочы, Пяткай торгаюць у сьне. Ўвечары ісьці у ложак Не згаджайся ні за што. І не дазваляй нікому Нават коўдру падтыкаць. Ну няўжо табе ахвота Лепшыя свае гады Змарнаваць пад цёплай коўдрай, На падушцы, без штаноў?
* * *
Калі хочаш ты спадабацца дарослым, Дык зранку пачні хітраваць і дурэць, Брыкацца, кусацца, туды-сюды гойсаць І кленчыць сабе падарункі ва ўсіх. Гарлай, бі талеркі і сьмецьце раськідвай, А потым гадзінку вазьмі адпачні, - Адразу расчулена мама і тата Зь усьмешкай ласкавай пагладзяць цябе І скажуць, што ты - залатое дзіцятка, З табою гуляцца адна любата.
* * *
Калі ты прыйшоў на Елку, Патрабуй свой падарунак. Падлічы усе цукеркі, Ці ня зьеў іх Дзед Мароз. І яшчэ - ні ў якім разе Не нясі дамоў прысмакаў. Як наскочуць мама з татам - Дык палову адбяруць.
* * *
Калі хочуць пакараць вас, Бо паводзіліся кепска, Ну, да прыкладу, у ваньне Спрабавалі вымыць котку, Не спытаўшыся дазволу Ні у коткі, ні у мамы, Прапаную дзейсны спосаб, Як пазьбегнуць пакараньня. Біцеся ілбом у сьцены, Біце ў грудзі кулакамі, Плачце, голасна крычыце:
«Ах, нашто ж я мучыў котку?! Варты я сьмяротнай кары! Ганьба! Ганьба мне і сорам!» Роўненька праз паўхвіліны Ўсе заплачуць разам з вамі, Вас прабачаць і у краму Пабягуць па шакалядку. Вось тады спакойна котку Вы за хвост цягніце ў ванну, Бо нікому і ніколі Не пажаліцца яна.
* * *
Скажам, у цябе ў кішэні - Жменя смачных ледзяшоў, А насустрач па дарозе Верныя ідуць сябры. Не пужайся, не хавайся І ня кідайся ўцякаць, Не запіхвай ўсе цукеркі, Не разгортваючы, ў рот. Падыйдзі да іх спакойна І бязь лішняй балбатні Хуценька дастань зь кішэні... І падай сябрам руку. Паздароўкайся зь сябрамі, Трошачкі паразмаўляй. Разьвітайся і пасьля ўжо Як хутчэй бяжы дамоў Каб цукеркі ўдома зьесьці, Пад канапу, брат, залазь. Пад канапаю дакладна Не сустрэнецца ніхто.
* * *
Вазьмі густы вішнёвы сок І белы мамін плашч. Лі асьцярожна сок на плашч - І будзе пляма там. Цяпер, каб плямы не было На маміным плашчы, Плашч трэба цалкам абмакнуць Ў густы вішнёвы сок. Вазьмі вішнёвы мамін плашч І кубак малака. Лі асьцярожна малако, І будзе пляма там. Цяпер, каб плямы не было На маміным плашчы, Плашч трэба цалкам абмакнуць У рондаль з малаком. Вазьмі густы вішнёвы сок І белы мамін плашч, Лі асьцярожна...
* * *
Калі вы вакно пабілі, Не сьпяшайцеся прызнацца. Пачакайце, - раптам грымне Грамадзянская вайна. Артылерыя ўдарыць, Шыбы выляцяць усюды, І ніхто крычаць ня будзе З-за пабітага вакна.
* * *
Бі сяброў безь перапынку Кожны дзень па паўгадзіны, І твая мускулятура Будзе цьвердай, як камень. А магутнымі рукамі, Калі прыйдзе грозны вораг, Зможаш ў цяжкую хвіліну Ты сяброў абараніць.
* * *
Ты ня мый ніколі рукі, Шыю, вушы, альбо твар. Бо занятак гэта марны, Бессэнсоўны і дурны. Зноў забрудзяцца па часе Рукі, шыя, вушы, твар. Дык нашто тады старацца, Час і сілы марнаваць?! Стрыгчыся, хадзіць ў цырульню Абсалютна непатрэбна - І бяз гэтага пад старасьць Аблысее галава.
* * *
Ты не дазваляй ніколі Ставіць градусьнік сабе, Не глытай ні ў якім разе Ні пілюль, ні парашкоў. Хай баляць жывот і зубы, Горла, вушы, галава, Лекаў не прымай ніякіх, І ня слухай дактароў. Сэрца спыніцца заўчасна, Ды затое аніхто Ні гарчычнік не прылепіць І ня зробіць страшны ўкол. Калі ў больніцу патрапіў І ня хочаш там валяцца, Пачакай, пакуль ў палату Дзядзя доктар зазірне. Укусі яго - і тут жа Скончацца твае пакуты, Выпішуць цябе адразу, І паедзеш ты дамоў.