Выбрать главу
* * *
Калі мама вам у краме Набыла адну машынку І астатняе ня хоча, Ўсё, што бачыць, набываць, Станьце проста, пяткі разам, Рукі у бакі растаўце, Адкрывайце рот шырока, Голасна крычыце: «А!» І калі з гандлёвай залі З крыкам «Людцы, памажыце!» Прадаўшчыцы разьбягуцца І усе пакупнікі, Вось тады дырэктар крамы Падпаўзе і скажа маме: «Забірайце ўсё бясплатна, Толькі хай ён замаўчыць!»
* * *
Матуля родная вядзе Да лекараў зубных? Ня трэба літасьці чакаць, Дарэмна сьлёзы ліць. Маўчы, нібыта партызан, І сьцісьні зубы так, Каб не змаглі расьціснуць іх Сто лекараў зубных.
* * *
Калі ты застаўся дома Без бацькоў, зусім адзін, Прапаную пагуляцца У цікавую гульню, Што завецца «Сьмелы кухар» Ці «Адважны кулінар». Сэнс гульні у гатаваньні Самай рознай смакаты. Прапаную для пачатку Гэткі просьценькі рэцэпт: Трэба ў новенькія туфлі Выліць маміны духі, Потым густа іх намазаць Файным крэмам дарагім. І, папырскаўшы алеем З чорнай тушшу напалам, Кінуць ў суп, каторы мама Згатавала на абед. Паварыць у рондлі з супам Роўна семдзесят хвілін.
Вынікі гульні пабачыш, Як дарослыя прыйдуць.
* * *
Калі сябар твой найлепшы Пасьлізнуўся і упаў, Пакажы на сябра пальцам Ды хапайся за жывот. Хай ён з лужыны пабачыць - Не сумуеш ты зусім, Бо сапраўдны друг ня будзе Засмучаць сваіх сяброў.
* * *
Калі ты яшчэ ня цьверда Выбраў у жыцьці дарогу, І ня ведаеш, як лепей Свой працоўны шлях пачаць. Трушчы лямпачкі ў пад'ездах - І табе ўсе скажуць «дзякуй». Дапаможаш ты народу Электрычнасьць зьберагчы.
* * *
Каб павыганяць з кватэры Розных мух ды камароў, Ты сьцягні з вакна фіранку І круці над галавой. Ўніз пападаюць карціны, Тэлевізар, тэлефон, Паляцяць вазоны долу, Люстра бразьне аб паркет. І ад грукату такога Разьлятуцца камары, Ну а мухі, ашалеўшы, Кінуцца у вырай ўсе.
* * *
Калі вырашыў ты зранку Без заўвагаў дзень пражыць, Хуценька залазь у шафу І хавайся ў цемнату. Там няма матулі з татам, Толькі татавы штаны. Там ніхто крычаць ня будзе: «Нельга! Перастань! Ня руш!» Там ня будзеш назаляцца І ня будзеш замінаць, Безь ніводнае заўвагі Зможаш цэлы дзень пражыць.
* * *
Пабіцца вырашыў, тады Слабейшых выбірай. Мацнейшы можа здачы даць - Нашто табе яна? Чым меншы той, каго ты б'еш, Тым весялей глядзець, Як уцякае, плача ён І «мамачка!» крычыць. Калі ж старэйшыя прыдуць Малечу бараніць, Сам уцякай і горка плач І «мамачка!» крычы.
* * *
Калі хочаш, каб татуля Назаўсёды звар'яцеў, Раскажы яму праўдзіва, Што учора ты рабіў. Калі ён пры гэтым зможа Утрымацца на нагах, Дык пра заўтрашнія пляны Ты яму распавядзі. Калі з выглядам вар'яцкім Тата песьні запяе, Тут жа ў хуткую зьвяртайся. Тэлефон 103. (адзін-нуль-тры)
* * *
Калі ты гуляў у шапцы, І кудысьці шапка зьнікла, Не хвалюйся, маме ўдома Можна нешта нахлусіць. Ды маніць прыгожа трэба, Каб ў вялікім захапленьні, Сьцішыўшы дыханьне, мама Доўга слухала хлусьню. Наманіўшы-нахлусіўшы Пра загубленую шапку, Што яе ў няроўнай бойцы Злосны адабраў шпіён, Пастарайся, каб мамуля Не хадзіла абурацца У замежную выведку - Там яе «не зразумейт».