Выбрать главу
* * *
«Трэба зь меншымі дзяліцца! Трэба ім дапамагаць!» Гэта правіла заўсёды Помніце, сябры мае. Вы яго сястры старэйшай Ціха-ціха паўтарайце, Каб малодшы брат пра гэта Анічога не пачуў.
* * *
Калі рукі за абедам Вы запэцкалі салатай І стыдаецеся пальцы Аб настольнік[1] выціраць, Апусьціце непрыкметна Іх пад стол і там спакойна Вашы рукі выцірайце Аб суседскія штаны.
* * *
Калі ты ў сваёй кішэні Ні капейкі не знайшоў, Лезь ў кішэню да суседа - Відавочна, грошы там.
* * *
Калі твой сусед па парце Моцна кашляе і чхае, Абдымі яго - і ў школку Ты ня прыйдзеш тыдні два.
* * *
Каб кароткіх замыканьняў Ў родным доме не было, Ты, выходзячы з кватэры, Захапі з сабою прас, Пыласос, электраплітку, Тэлевізар і таршэр. Лямпачкі вазьмі таксама, Занясі ў суседні двор. Але больш надзейна будзе Перарэзаць правады, Каб ва ўсім мікрараёне Тут жа вырубіць сьвятло. І з упэўненасьцю, горда Можаш ўсім тады сказаць: «Ад кароткіх замыканьняў Я зьбярог свой родны дом!»
* * *
Калі сумна ў хаце стала, Дык запалкі даставай. Татаў гальштук, мамін пашпарт - Вось і вогнішча ужо. Калі тапачкі падкінуць Ці сякі-такі дзяркач[2], Столак[3] можна будзе смажыць, Юшку ў тумбачцы варыць. А калі бацькі схавалі Ўсе запалкі ад цябе, Патлумач ім, што запалкі Трэба, каб зрабіць пажар.
* * *
Калі, мыючы сыночка, Зразумее раптам мама, Што яна заместа сына Мые нечую дачку... То ня трэба нервавацца, Ну хіба так гэта важна - Ўсе аднолькавыя дзеці, Калі брудныя яны.
* * *
Як састарэеш, то хадзі Заўсёды пехатой. Ў трамвай ня пніся - ўсё адно Там сесьці не дадуць. І зараз мала ёсьць дурных, Каб месца саступаць, А покуль станеш ты стары - Ня будзе іх зусім.
* * *
Калі блізка ля дарогі Вы гуляеце ў футбол І, паслаўшы мяч ў вароты, Раптам чуеце сьвісток, Не крычыце: «Гол!», магчыма, Гэта міліцыянер Засьвісьцеў, бо мяч патрапіў Не ў вароты, а ў яго.
* * *
Пераходзячы дарогу, Не сьпяшайся пад трамвай. Пачакай на сьветлафоры, Ці ня зьявіцца адкуль «Газік» хуткай дапамогі - Езьдзяць лекары на ім. Хай саб'юць цябе, а потым Самі будуць лекаваць.
* * *
Калі ворагаў ты хочаш Пабароць адным ударам, Ні ракеты, ні патроны Не патрэбныя табе. Ськінь да іх на парашуце (заканчэньне сам прыдумай) Ворагі цераз гадзіну Самі рынуцца ў палон. А калі пусты радочак Ты ня хочаш сам запоўніць, Прапаную варыянты, Выбірай сабе любы. Ськінь да іх на парашуце: Меншую сваю сястрычку, Тату, маму і бабулю, Дырэктрысу роднай школы, Педсавет у поўным складзе, Рухавік ад «Запарожца», Стаматолагаў дзясятак, Капрызуліка Арцёма Альбо Яначку Папову, Сок са школьнага буфета Ці «Бязглуздыя парады»... Ворагі цераз гадзіну Самі рынуцца ў палон.
* * *
Калі мама есьці кліча, Пад канапаю хавайся. Сьцішся там, каб не адразу Тата з мамаю знайшлі. А калі за ногі будуць З-пад канапы валачы, Выдзірайся і кусайся, Усчынай сапраўдны бой. Калі сілаю дастануць І пасадзяць ўсё ж за стол, З кубка выверні гарбату, Вылі на падлогу суп. Рот далонямі зацісьні І са столка падай ўніз. Падкідай уверх катлеты, Хай да столі прыстаюць. І з павагаю празь месяц Людзі скажуць пра цябе: «З выгляду худы і дохлы, А характар - быццам сталь!»
вернуться

1

Настольнік - абрус.

вернуться

2

Дзяркач - венік.

вернуться

3

Столак - табурэт.