* * *
Калі вырашылі першым
Стаць у шэрагах народу,
Ні за што не даганяйце
Тых, хто сьпераду ідзе.
Бо празь пяць хвілінаў з крыкам
Рынуцца назад ўсе бегчы,
Вы тады натоўп ўзначальце
І бяжыце як хутчэй.
* * *
Да бацькоў тваіх у госьці
Цёця нейкая прыйшла
І дарослыя размовы
Вельмі важныя вядзе?
Трэба ззаду непрыкметна
Падыйсьці да цёці, потым
Гучна крыкнуць проста ў вуха:
«Стой! Здавайся! Хэнде хох!»
І калі са стула цёця
Зь перапуду загрыміць
І гарбату ці какаву
На сукенку разалье,
То, напэўна, вельмі гучна
Будзе мама рагатаць,
Ну а тата ў захапленьні
Сам пацісьне вам руку.
Потым возьме вас за плечы
І кудысьці павядзе.
Там, напэўна, вельмі доўга
Тата будзе вас хваліць.
* * *
Ты у спэцыяльным сшытку
Падрабязна пазначай,
Хто каго на перапынку
Як далёка пасылаў.
Зь кім настаўнік фізкультуры
Піў кефір ў спартовай залі
І што тата ноччу маме
Ціхім голасам шаптаў.
* * *
Калі гострыя прадметы
Вам патрапілі на вочы,
Пастарайцеся ў сябе іх
Як мага глыбей ўтыкнуць.
Так на прыкладзе уласным
Зможаце пераканацца
Ў тым, што гострыя прадметы
Трэба ад дзяцей хаваць.
* * *
Да адказу патрабуюць?
Што ж, умей трымаць адказ.
Не дрыжы, ня хныч, ня мямлі
І вачэй не апускай.
Скажам, запытала мама:
«Хто тут цацкі раськідаў?»
Адкажы, што гэта тата
З тузінам сваіх сяброў.
Ты пабіўся зь меншым братам?
Ўсім кажы: «Ён сам пачаў,
Біў мяне нагой па шыі,
Лаяўся, як той бандыт».
Запытаюць, хто на кухні
Ўсе катлеты пакусаў -
Адкажы, што кот суседскі,
А, магчыма, сам сусед.
Як бы ты ні нагарэзіў,
Падрыхтуй на ўсё адказ.
За свае правіны кожны
Мусіць тлумачэньне даць.
* * *
Калі вырашылі цьверда
Самалёт сагнаць на Захад,
Ды ня можаце прыдумаць,
Чым пілотаў напужаць,
Вы са сьвежае газэты
Ім урыўкі пачытайце,
І яны куды заўгодна
Разам з вамі паляцяць.
* * *
Дражніцца лепш за ўсё з вакна,
Зь вялікай вышыні.
Няблага з танка падражніць
Альбо з браневіка.
Калі ж давесьці хочаш ты
Людзей да горкіх сьлёз,
То файна будзе іх тады
Па радыё дражніць.
* * *
Госьць кубак з кавай упусьціў?
Ня біце госьця ў лоб.
Наліце новы кубак, хай
Спакойна каву п'е.
Калі яшчэ раз кубак госьць
Упусьціць са стала,
Дастаньце шклянку і туды
Наліце каву зноў.
Калі ж ў гасподзе вашай госьць
Ўвесь посуд пераб'е,
Дык давядзецца за каўнер
Гарачай кавы ўліць.
* * *
Калі вас па тэлефоне
Нехта дурнем абазваў
І, адказу не счакаўшы,
Кінуў слухаўку хутчэй,
Набярыце тут жа нумар
З выпадковых іншых лічбаў
І таму, хто вам адкажа,
Так скажыце: «Сам дурны!»
* * *
Ты адрэсу роднай школы,
Дзе пашэньціла вучыцца,
Быццам множаньня табліцу,
Добра-добра завучы.
І калі ты выпадкова
Раптам стрэнеш дыверсанта,
Дык яму адрэсу школы
Неадкладна назаві.
* * *
Не сумуйце, калі ў школку
Выклікаюць раптам маму
Альбо тату. Без сумневаў
Клічце ўсю сваю сям'ю.
Хай прыходзяць дзядзькі, цёткі,
А яшчэ - стрыечны брацік,
Калі ёсьць у вас сабака,
То прыводзьце і яго.