* * *
Калі вырашыў сястрычку
Толькі жартам напужаць,
А гаротная па сьценцы
Уцякае басанож,
Значыць, жартачкі такія
Не даходзяць да яе,
І таму ня варта класьці
Ў тапці ёй жывых мышэй.
* * *
Калі з хлопцамі сястрычку
Ты застукаў на двары,
Не сьпяшайся маме з татам
Ўсё пра гэта расказаць.
Вось калі бацькі сястрычку
Будуць замуж аддаваць,
Жаніху шапнеш на вуха
Ўсё, што знаеш пра яе.
* * *
Калі раптам за табою
Злосны гоніцца натоўп.
Распытайся падрабязна,
Хто пакрыўдзіў іх і чым,
Пастарайся ўсіх суцешыць,
Кожнаму параду даць,
Толькі бег не запавольвай -
Небясьпечна для жыцьця.
* * *
Вы не крыўдуйце на таго,
Хто вас рукамі б'е.
І не лянуйцеся яму
Падзячыць кожны раз
За тое, што з апошніх сіл
Ён б'е рукамі вас,
Хаця у рукі мог бы ўзяць
Цагліну ці дубец.
* * *
Сябар твой на нарадзіны
Цябе ў госьці запрасіў?
Пакідай прэзенты ўдома,
Бо спатрэбяцца пазьней.
Лепш сядай бліжэй да торта
І ні зь кім не размаўляй,
Бо пакуль паразмаўляеш,
Ўсе цукеркі паядуць.
Дробныя бяры кавалкі,
Каб лягчэй было глытаць.
Не хапай салату жменяй -
Ў лыжку ўлезе значна больш.
А гарэшкі і цукеркі
У кішэню, брат, хавай.
Толькі сочыва ня трэба -
Цяжка будзе даставаць.