Выбрать главу

Дон Радрыга цяжка сеў на ўслон каля стала, расшпiлiў на шыi скураны каптан i пацягнуўся да збанка з вiном. Пiў доўга i павольна, нарэшце адняў збанок ад вуснаў i паглядзеў на Ларэнца, якi стаяў побач.

- Чаго вырачыўся? - спытаўся неяк непрыязна.

Ларэнца маўчаў.

- Сядай, - загадаў дон Радрыга.

I пасунуў да яго вiно.

- Пi.

Той, застыўшы на канцы ўслона, адмоўна пакруцiў галавой.

- Пi, - паўтарыў капiтан.

Ларэнца вагаўся, але ўсё-такi паслухаўся. Дон Радрыга прыглядваўся да яго з панурай неахвотай.

- Досыць, - сказаў раптам, - уп'ешся.

Ларэнца рэзка адставiў збанок i падхапiўся з услона.

- Навошта ты мучыш мяне, Радрыга?

У яго тонкiм ломкiм голасе гучалi гнеў i шкадаванне. Дон Радрыга пагардлiва ўсмiхнуўся.

- Сядай.

- Што я зрабiў табе, Радрыга? Люблю цябе, як брата.

- Пакiнь дзяцiнiцца. Сядай, хачу з табой сур'ёзна пагаварыць. Падымi галаву.

- Дазволь мне пайсцi, - шапнуў Ларэнца.

- Пасля.

Зноў узяў збан i выпiў вiно да дна.

- Паслухай, Ларэнца, апроч маладых гадоў ты маеш яшчэ адну асаблiвую прывiлею, спадзяюся, ты здолееш ацанiць яе. Ад сённяшняга дня ты будзеш асабiста правяраць ежу вялебнага айца. Гэта яго i маё даручэнне.

Хвiлiну стаяла цiшыня.

- Разумееш, Ларэнца, пра што тут гаворка. Першы, хто сёння ранiцай зрабiў гэта, быў той чалавек.

- Радрыга, скажы...

- Нiякiх пытанняў, Ларэнца!

Ён адсунуў плячом стол i цяжка падняўся. Яго смуглы, пахмурны твар пачырванеў, вочы былi змучаныя i таксама чырвоныя.

- Ларэнца, свет наш - куча гною, разумееш гэта? Не, ты яшчэ нiчога не перажыў, нiчога не ведаеш. Абернешся - убачыш злачынства, здраду, на кожным кроку атруту нiкчэмных пiгмеяў. Яшчэ нядаўна я пакутаваў, дакараў сябе за подласць. Божа вялiкi, якi я быў дурань! Чалавек, якi лiчыў мяне сябрам i ў якiм я таксама бачыў сябра, цяпер у сутарэннях Святой iнквiзiцыi. Дзякуючы мне, разумееш? I я не шкадую; Бог мне за сведку, што зрабiў я правiльна. Што такое повязi сяброўства i ўсе пачуццi ў параўнаннi з маёй службай? Слухай, Ларэнца, я сказаў, што люблю цябе. Сказаў я так?

- Сказаў, - шапнуў Ларэнца.

- Ты малады, прыгожы, у тваiх вачах, як у люстэрку, адбiваецца чысцiня тваёй душы, але ведай, што хоць i моцна я цябе люблю, больш, можа, нават, чым ты думаеш, аднак, калi заўважу ў табе хоць цень злачыннай думкi, падступнага намеру, бадай, хоць адну плямку на тваёй веры i адданасцi, я першы зраблю ўсё, каб знiшчыць цябе, як нiшчаць ворага. Сцеражыся мяне!

Ларэнца таксама ўстаў. Увесь збялеў, вочы пацямнелi. Дон Радрыга паглядзеў на яго i голасна, нечакана звонка засмяяўся.

- Шчанюк, нават думак сваiх не ўмееш хаваць. Па вачах тваiх бачу, што падумаў. Ты падумаў: i ты мяне сцеражыся.

Ён яшчэ з хвiлiну смяяўся, пасля раптам замоўк i кароткiм рухам рукi загадаў:

- Iдзi, хачу пабыць адзiн.

Дон Ларэнца, усё яшчэ бледны i з цёмнымi вачыма, службiста выпрастаўся.

- Так, дастойны капiтане, - сказаў хлапечым, нязвыкла ясным голасам.

Пасля беззаганна зрабiў устаўны паварот i выйшаў з цэлi, трошкi замоцна бразнуўшы дзвярыма.

Неўзабаве пасля гэтага, не больш чым праз гадзiну, у Санта Марыя ла Анцiгуа прыехаў iнквiзiтар Святога трыбунала ў Валадолiдзе падрэ Крыстобаль Галвез, дамiнiканец. На дзядзiнцы госця вiтаў прыёр Санта Марыi, ссiвелы падрэ Аўгусцiн д'Акунья, пасля чаго абодва айцы падалiся ў старую частку кляштара, дзе ў рэфекторыi, якi памятаў даўныя i слаўныя часы караля Альфонса VI, госця чакалi капiтан фамiльянтаў i брат Дыега.

Падрэ Галвез, нягледзячы на сваё калецтва - ён кульгаў на левую нагу, увайшоў шпаркiм крокам i, абыякава агледзеўшы строгi пакой, нецярплiва глянуў на прысутных.

- Даўно не быў у гэтых святых мурах, - сказаў да прыёра. - I вось я тут. А дзе ж вялебны айцец? Ён выклiкаў мяне. Чаму так позна?

Пан Радрыга дэ Кастра выйшаў з-за калоны, у цянi якой стаяў.

- Дазволь, вялебны ойча, даць табе тлумачэннi.

- Так, - коратка сказаў падрэ Галвез.

- Вялебны айцец сапраўды выклiкаў вас, але, на жаль, не зможа пагаварыць з вамi асабiста, бо ўвесь свой час аддае малiтвам i роздуму.

- Цяпер? - гнеўна здзiвiўся падрэ Галвез. - Адкуль такое рашэнне? Што тут робiцца? Чаму вы прыехалi ў сталiцу ноччу, нiкога не папярэдзiўшы? Горад трашчыць ад плётак. Чаму вялебны айцец нi з кiм не хоча гаварыць?

- Прабач, вялебны ойча, - спакойна адказаў пан дэ Кастра, - я не ўпаўнаважаны расследаваць рашэнне вялебнага айца.

Падрэ Галвез хуткiм паглядам акiнуў постаць маладога рыцара.

- Хто вы?

- Капiтан фамiльянтаў Вялiкага iнквiзiтара, - сказаў пан дэ Кастра.

Пасля, паказаўшы на Дыега, якi стаяў непадалёк, сказаў:

- А прысутны тут брат Дыега - асабiсты сакратар вялебнага айца.

Падрэ Галвез, падцягваючы скалечаную нагу, падышоў да Дыега.

- Вiншую, мой сыне. У табе несумненна асаблiвыя цноты i здольнасцi, калi, такога маладога, паставiў цябе вялебны айцец так блiзка ля сваёй асобы.

Брат Дыега схiлiў галаву.

- Вялебны айцец наказаў таксама прывiтаць вас i перадаць вам сваё дабраславенне. I разам з гэтым вялебны айцец выказаў шкадаванне, што згодна з вашымi абавязкамi вы павiнны, i неадкладна, заняцца пэўнай справай, надзвычай цяжкай i балеснай.

Падрэ Галвез слухаў няўважна, пазiраючы ўбок, гнеўна хмурыў цёмныя, кусцiстыя бровы. Раптам выпрастаўся.

- Сядзем, - сказаў тонам, не звыклым да пярэчанняў.

I першы парывiстым крокам пайшоў да стала, якi стаяў у глыбiнi рэфекторыя, i, сеўшы, пачаў чакаць, пакуль усе зоймуць месцы.

- Слухаю, - сказаў.

Брат Дыега, якi сцiпла сеў аподаль, устаў i амаль манатонным голасам расказаў усё. Скончыўшы, сеў i залажыў далонi ў рукавы сутаны.

- Гэта ўсё? - спытаўся падрэ Галвез.

- Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, - адказаў брат Дыега.

- Так, - згадзiўся той абыякава. - I што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?

Сiвы прыёр не хаваў прыгнечанасцi i заклапочанасцi.

- Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, - сказаў дрыготкiм голасам чалавека, зламанага няшчасцем.

- Бог? - здзiвiўся падрэ Галвез. - Ужо цi не лiчыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў вiно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведамiць?

Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукi.

- Усё? - крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. - Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалi падступны i таемны ўдар, у самы мозг i сэрца, а ты нiчога не ведаеш, нiчога не бачыш, сляпы, глухi? На якiм жывеш свеце? Толькi малiцца i ўмееш? З анёламi i са святымi толькi гавэнды разводзiш? Розум на старасцi страцiў? Далiбог, калi б не твая ўсiм вядомая святасць i набожнасць, iнакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.