Выбрать главу

У сувязi з такiм вялiкiм узрушэннем у хрысцiянскiм народзе абое Iх Каралеўскiя Мосцi, хоць i збiралiся падацца, устрывожаныя сiтуацыяй, пад Малагу, цяпер, аднак, упрошаныя асабiста айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, пастанавiлi адкласцi намечанае падарожжа, каб прысутнасцю свайго маестату надаць урачыстасцям больш значэння i бляску. Прадугледжвалася, што каля дзвюх тысяч асуджаных на розныя кары грэшнiкаў прымуць удзел у пакутнiцкiх абрадах ў саборы, а пасля пойдуць працэсiяй на квамадэра, колькасць жа ератыкоў, якiх апошнiм часам Святы трыбунал адлучыў ад царквы, даходзiла да сямiдзесяцi з нечым. Адным i адзiным з iх, цела якога ў атачэннi iншых, якiх мелiся палiць жыўцом, будзе аддадзена ачышчальнаму агню пасмяротна, быў абвiнавачаны ў блюзнерчай спробе атручвання пан дон Карлас дэ Сiгура. У святле грунтоўна праведзенага следства здавалася, што Святы трыбунал не мог у гэтай цалкам яснай справе вынесцi больш справядлiвы вырок, аднак менавiта гэты прысуд стаў на Каралеўскай iнквiзiцыйнай радзе прадметам сама бурнага абмену думкамi i спрэчак.

Каралеўская iнквiзiцыйная рада, якая была створана Iх Каралеўскiмi Мосцямi з мэтай больш цеснай сувязi з тронам дзейнасцi Святога афiцыума, збiралася за гэты час поўным складам даволi рэдка. Аднак цяпер, i, як здавалася, пад уплывам некалькiх свецкiх грандаў, кароль Фердынанд палiчыў абавязковым, каб рада прыняла сваю пастанову наконт апошнiх падзей, i неадкладна. I вось у апошнi дзень лiстапада, на святога Андрэя, пасля iмшы ў замкавай каплiцы, тры царкоўныя дастойнiкi на чале з айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, столькi ж знакамiтых паноў каралеўства i два слаўныя дактары, правовыя дарадцы Святога афiцыума, пакiнуўшы сваю свiту ў пярэднiх пакоях, сабралiся ў троннай зале, чакаючы выхаду караля i каралевы. Iх Каралеўскiя Мосцi не далi сябе доўга чакаць. З iмi iшоў мiнiстр, брат Франсiска Хiменэс, францысканец.

Падрэ Галвез не хаваў незадавальнення, калi пасля некалькiх слоў караля Фердынанда, якi гаварыў, як звычайна, трошкi цяжкавата з прычыны задышкi, ад якое ён вельмi пакутаваў, падняўся дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сiдонiя, маркiз Кадыкса. Усе добра ведалi, што, калi пяць гадоў назад першыя iўдаiсты пачалi пакiдаць гарады i сёлы, падданыя Святому афiцыуму ў Севiллi, не хто iншы, як пан герцаг Медына Сiдонiя даваў iм на сваiх землях прытулак. Аднак даўнiя гэта былi справы, i быць можа, што малады герцаг, прасякнуты з цягам часу духам праўды, прагнуў цяпер адгарадзiцца ад свайго мiнулага, бо тое, што ён гаварыў, было надзвычай разумнае, прасякнутае святасцю i поўнае сыноўняй павагi да заслуг Святога трыбунала. Сапраўды, цяжка было б знайсцi iншыя словы, якiя б выказвалi хрысцiянскiя думкi лепш, чым тыя, якiя са спакойнай развагай i годнасцю, пазбаўленай усякай пыхi, сказаў гэты нашчадак аднаго з сама знакамiтых родаў каралеўства.

Абое Iх Каралеўскiя Мосцi слухалi яго з выразна зычлiвай увагай, усе астатнiя паны, асаблiва стары герцаг Карнэха, здавалася, былi ў захапленнi ад розуму сама малодшага з iх. Сярод гэтай агульнай пацехi толькi айцы iнквiзiтары i пан кардынал дэ Мендоза, арцыбiскуп Таледа, захоўвалi чакальную стрыманасць. I сапраўды, даверыўшыся дасведчанасцi вопыту i развазе, яны слушна не далi сабе паддацца заўчаснай радасцi, бо неўзабаве пан Медына Сiдонiя раскрыў сваё сапраўднае аблiчча.

- На жаль, - сказаў ён пасля хвiлiны маўчання, - я спахiбiў бы i павагай гэтага сходу, i перш за ўсё праўдай, калi б не прызнаў, што, сузiраючы многiя справы, якiя чыняцца сёння ў каралеўстве, апроч пачуццяў радасцi i гонару, я перажываю, ды напэўна i не я адзiн, заклапочанасць i сама ўразлiвую трывогу.

У зале залегла цiша. Падрэ Галвез закруцiўся ў сваiм крэсле, а падрэ Тарквемада падняў галаву i пранiклiвым позiркам акiнуў маладога герцага. А той звярнуўся проста да яго.

- Бачу па вашых вачах, вялебны ойча, што хацелi б запытацца, якая гэта заклапочанасць трывожыць мяне?

На гэта падрэ Тарквемада адказаў:

- Сапраўды, вы не памылiлiся, годны пане. Перад аблiччам усеагульнага памнажэння розных злачынстваў супраць веры кожны хрысцiянiн павiнен адчуваць глыбокую трывогу. Цi не пра гэтую заклапочанасць вы кажаце?

- Наогул i пра яе, але i не толькi. Найяснейшы кароль, найяснейшая каралева! Я цаню суровасць, з якою Святыя трыбуналы выкрываюць i караюць ератыкоў, апасаюся, аднак, што калi гэтая суровасць пачне закранаць найпершых паноў каралеўства, няславай пакрываючы людзей, якiя ад нараджэння пастаўлены вышэй за тлум сваёй годнасцю i маёмасцю, тады з гэтага можа вынiкнуць для нас болей шкоды, чым карысцi. Гэта заклапочанасць якраз, вялебныя айцы, i трывожыць мяне.

Герцаг Карнэха ўсклiкнуў:

- Што вы здабудзеце, выдаючы плебеям на ганьбу i прынiжэнне сыноў знакамiтых родаў? Што вы нарабiлi ў Арагоне? Цi ж не мы - той трывалы падмурак, на якiм вы павiнны трымацца?

Вялiкi i станiсты пан маркiз дэ Вiлена, забыўшыся пра шацунак да Iх Каралеўскiх Мосцяў, стукнуў кулаком па бiлцы крэсла.

- Альбо вы сляпыя, айцы, альбо шалёныя? На каго замахваецеся? Калi i далей пойдзеце гэтай дарогай, можа, i мяне паставiце перад сваiм трыбуналам?

Зноў запанавала цiшыня. Першы азваўся падрэ Тарквемада, i яго голас, сцiшаны i поўны спакою, гучаў адмыслова пасля нечаканага выступлення пана дэ Вiлены. Падрэ Тарквемада сказаў:

- Не памыляецеся, годны пане. Няхай усемагутны Бог не абыдзе вас сваёй апекай, каб гэта не стала неабходнасцю.

Кроў ударыла пану дэ Вiлену ў твар.

- Пагражаеце, вялебны ойча? Мне?

- Каму трэба зняславiць пасля смерцi пана дэ Сiгуру? - крыкнуў герцаг Медына. - Калi ўжо пан дэ Сiгура стаў перад судом Божым, хай Бог i судзiць яго правiны.

Падрэ Галвез павярнуў да яго пацямнелы твар.

- I каго ж вы баронiце, герцаг? Вераломцу i атрутнiка?

- Памыляешся, вялебны ойча, - адказаў той. - Не пана дэ Сiгуру бараню, а гонар рыцарскага стану. Я ведаю, што грэх можа ўцiснуцца ўсюды, а грахi, нават асаблiва цяжкiя, могуць стаць доляй нават сама моцных гэтага свету, але цi азначае гэта, што iх адразу трэба выносiць на святло? Чаму зло, якое хутчэй прыхаваць належала б i акружыць маўчаннем, вы выдаяце на рабунак чэрнi? Хочаце павярнуць супраць нас цёмныя мэтлахi?