Такой сiлай загучаў яго голас, што трое схiлiлi галовы. Пад канец устаў пан Карнэха i сказаў:
- Няхай Бог усемагутны нiколi нас не пакiне i заўсёды праўда святой веры жыве ў нашых сэрцах.
Аўтар кронiкi, перадаючы нашчадкам гiсторыю свайго часу, пiша ў сувязi з гэтым пасяджэннем Каралеўскай iнквiзiцыйнай рады:
"Так, калi з усiх нягод, нават спрычыненых людзьмi высокапастаўленымi, заўсёды выходзiла абароненай праўда i калi яна пераможна трыумфуе далей, нягледзячы на перашкоды i падкопы, - добрую i поўную можам мець пэўнасць, што недалёкi час настання на зямлi царства Божага".
Раздзел трэцi
Зiма з 1485 на 1486 год выдалася такая лютая, якой ужо колькi гадоў не памяталi нi ў Леоне, нi ў Старой Кастылii. Нязвыкла вялiкi снег выпаў у канцы снежня, а пасля нядоўгай адлiгi зноў уцiснулi моцныя маразы, зашалелi страшныя завеi.
Iх Каралеўскiя Мосцi адразу пасля ўрачыстасцяў на святога Дамiнiка Сiлоскага падалiся з дваром у ваенны лагер пад Малагай, а вялебны айцец Вялiкi iнквiзiтар, хоць i пiльна яму трэба было ў Рым, дзе з рук новаабранага святога айца Iнакецiя VIII ён меўся асабiста атрымаць пацвярджэнне сваёй годнасцi, мусiў у сувязi з няпэўным часам на многа тыдняў адкласцi сваё падарожжа. Толькi ў апошняй дэкадзе студзеня суровая зiма пачала здавацца, пад лагоднымi павевамi паўднёвых вятроў хутка паплыў снег, надыходзiла ранняя i прыгожая вясна.
Усе падрыхтаваннi да iтальянскага падарожжа даўно былi распачатыя, i падрэ Тарквемада не хацеў яго адкладваць далей, таму, нягледзячы на нядобрыя весткi з усiх канцоў краiны пра смуту i неспакой, прызначыў выезд на грамнiцы.
Якраз у гэты час, калi ўжо было ўсiм вядома, што вялебны айцец падасца са сваiмi фамiльянтамi карацейшай дарогай у Барселону, адкуль спецыяльны карабель каралеўскай армады перавязе яго ў Неапаль, - у Валадолiд прыскакаў i тут жа явiўся ў Санта Марыя ла Анцiгуа нейкi брат Альвара, са спецыяльным даручэннем пасланы вялебнымi айцамi iнквiзiтарамi з Вiла-Рэал. I вось сталася так, што яшчэ таго самага дня вялебны айцец, пагаварыўшы з братам Альвара, змянiў свае ранейшыя планы, хоць гэта i пацягнула за сабой немалыя цяжкасцi i, прынамсi, на некалькi тыдняў адтэрмiнавала прыбыццё ў сталiцу Пятра; ён пастанавiў завiтаць спачатку ў Вiла-Рэал, разумеючы, што, калi там такое вялiкае значэнне надавалi яго асабiстаму ўдзелу ў аўтадафэ, прызначаным на дзень святога Рамуальда, яму, айцу ўсiх Святых трыбуналаў Каталiцкага каралеўства, вiдаць, нiяк не выпадала пагарджаць святымi пажаданнямi i просьбамi.
Падрэ Тарквемада аж завельмi шмат часу аддаў таму дамiнiканцу з Вiла-Рэал. Брат Дыега быў на гэтай гутарцы i, калi брат Альвара, з вялiкiм гонарам закончыўшы сваю мiсiю, пажагнаў, нарэшце, вялебнага айца, падаў госцю знак, каб той iшоў за iм.
Царкоўная званiца якраз склiкала на нешпар. Iшлi моўчкi, аж раптам брат Альвара спытаўся:
- Вы брат Дыега?
Той прыпынiўся.
- Так, - сказаў.
I, апярэдзiўшы свайго таварыша, пайшоў далей.
- Перадаю вам прывiтанне ад брата Матэа, - сказаў праз хвiлiну брат Альвара.
Брат Дыега iшоў шпаркiмi крокамi i затрымаўся толькi каля нiзкiх дзвярэй.
- Вось ваша цэля, - сказаў. - Вы, мусiць, добра здарожылiся, i вам трэба адпачыць.
- Так, - адказаў той. - Калi я выязджаў, брат Матэа прасiў мяне знайсцi вас i прывiтаць. Прасiў мяне сказаць: "Брат Матэа думае пра цябе i молiцца за цябе". Акурат так i сказаў брат Матэа, перадаю ўсё дакладна.
Дыега з вялiкiм намаганнем падняў галаву i паглядзеў прыезджаму з Вiла-Рэал у вочы. Брат Альвара ростам быў, як i ён, такi самы шчуплы i дробны, ды i гадамi, здаецца, не старэйшы.
У яго цёмных, не па гадах задуменных вачах Дыега ўбачыў прыязную зычлiвасць.
- Адпачывайце спакойна, браце Альвара, - сказаў ён, адвёўшы позiрк.
У iм раптам усё пахаладзела. Ён паспешна пайшоў у глыбiню калiдора i, мiнуўшы ўнутраныя, пустыя цяпер анфiлады, бо ўжо ўсе браты сабралiся ў храме, пачаў сыходзiць унiз, не вельмi разумеючы, куды i чаго iдзе, i яму здавалася, што яго шыя, плечы, спiна i грудзi пад хабiтай скаваныя лёдам.
Унiзе, каля сходак, пан дэ Кастра гутарыў з маладым донам Ларэнцам. Дыега хацеў абмiнуць iх, але дон Радрыга, уважлiва прыгледзеўшыся, затрымаў яго i спытаўся:
- Што з табою, браце Дыега? Цi не хворы ты? Цi не гарачка ў цябе?
Голас пана дэ Кастра, звычайна такi моцны i зычны, цяпер здаўся брату Дыегу глухiм, бы iдзе з-пад зямлi цi прыглушаны вiльготнай iмглой. Дыега цяжка падняў руку да лоба i толькi тады зразумеў, што ўсё яго цела сапраўды нiбы ў лiхаманцы. Няскладна, дрыготкiм голасам пачаў ён нешта мармытаць, адчуў, як адхлынула з галавы i з твару кроў, як смяротны холад, пра якi дагэтуль ён не меў нiякага ўяўлення, пачынае хутка ўцягваць яго ў мярцвянае азнабенне. Ледзь не падсвядома адчуў, што пан дэ Кастра крануў яго за плячо. Яшчэ раз пачуў голас дона Радрыга, але што той казаў, таго ўжо не здолеў уразумець.
- Так, - сказаў як мага грамчэй, ведаючы, што сказаў шэптам, цiшэйшым за ўздых.
I, адвярнуўшыся ад абодвух рыцараў, зноў пачаў узыходзiць па сходах. Ён iшоў вельмi павольна, як не вобмацкам, кожны раз ступаў нiбы праз сiлу, кожны крок здаваўся апошнiм.
Калi дайшоў да сярэдзiны сходаў, тут жа, побач, плячом можна было б дастаць, азваўся голас брата Матэа:
- Дыега, што ты зрабiў з сабою? Чаму сам аддаешся ў рукi непрыяцелю?
- Маўчы! - шапнуў Дыега. - Цябе няма. Але той быў.
- Дыега, калi што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.
- Хлусiш, цябе няма.
Падняў вочы, каб убачыць верх сходаў. Убачыў цемру.
- Чаму не спiце, пане? - спытаўся з лагодным дакорам. - Хутка развiднее. Даволi, што я не сплю.
Нiхто не адказваў. Дыега, шукаючы аберуч апоры, падняўся на прыступку вышэй.
- Ты ёсць? Адказвай.
Яго не было.
- Мяцежным намерам, - пачуўся голас вялебнага айца, - не заўсёды патрэбныя словы.
- Хай Бог спрыяе нашым пачынанням, - адказала далёкае рэха голасам пана дэ Сiгуры.
- Цябе няма! - усклiкнуў Дыега.
- Навошта хочаш загубiць сябе? - спытаўся побач брат Матэа.
- Зноў ты? - здзiвiўся Дыега. - Але ж цябе няма.
- Калi б ты не любiў людзей сёння, не мог бы пагарджаць iмi заўтра, адказаў з вышынi, з верху нябачных сходаў голас айца Тарквемады.
- Ойча мой! - усклiкнуў Дыега.
Ён хацеў падняцца яшчэ на адну прыступку, спатыкнуўся i выцяўся лобам аб нешта цвёрдае i халоднае. I адразу апрытомнеў. Стаяў каля калоны, што падпiрала нiзкi звод кляштарнага калiдора. Навокал цiшыня. Толькi з храма далятаў спеў братоў. У патрэбным месцы спеў сцiх, i загучаў арган.