Праз хвiлiну брат Дыега ўжо быў у цэлi вялебнага айца. Падрэ Тарквемада стаяў каля высокага пульпiта i, мусiць, быў захоплены нечым вельмi важным, бо, аказваючы заўсёды столькi ласкi i ўвагi свайму маладому сакратару, на гэты раз паглядзеў на яго неахвотна i спытаўся жорстка:
- Чаго табе, сыне мой? Не бачыш хiба, што я працую?
Але калi брат Дыега кiнуўся яму ў ногi, суровасць сышла з яго твару.
- Сыне мой, што здарылася?
- Ойча мой! - усклiкнуў Дыега. - Прабач, што асмелiўся прыйсцi без позвы, але тое, што я хачу сказаць, павiнен зрабiць цяпер.
- Супакойся перш, сыне мой.
- Я спакойны, ойча. Я спакойны настолькi, наколькi можа быць спакойны чалавек, якi быў на крок ад непапраўнай памылкi. Празрэў я, аднак, ойча, у пару i прашу ў цябе дапамогi. Ойча мой, цяжка я правiнiўся. Аддаўшыся сумненням, якiя вынiкалi з маёй слабасцi i з майго яшчэ недастаткова ўгрунтаванага вопыту, хацеў я затаiць ад цябе некаторыя думкi. Калi я даведаўся, што мы маемся выехаць у Вiла-Рэал, першым намерам было ўжыць вядомыя мне лекарскiя сродкi i з iх дапамогай выклiкаць непрацяглыя, але вельмi моцныя праявы цяжкай хваробы.
- Хацеў застацца тут?
- Так, ойча.
- Мусiць, важныя прычыны павiнны былi схiлiць цябе да гэтага?
- Ойча мой, калi б важныя, а то ж адзiныя, што паказалi мне маю слабасць. Страх мяне, ойча, агарнуў ад адной думкi, што апынуся ў мурах кляштара, якi быў сведкам многiх маiх памылак.
- Муры маўчаць, мой сыне.
- Ойча вялебны, ты ведаеш, можа быць так, што чалавек, якi сёння з усёй сiлы прагне служыць веры, яшчэ ўчора не ўсведамляў многiх рэчаў, паддаваўся злачынным, хiбным думкам.
- Што ж я магу сказаць табе на гэта, сыне мой? Усведамленне сваiх памылак - першы i неадменны крок да iх пераадолення.
- Ведаю, ойча. Але можа здарыцца i так, што гэты чалавек не быў сам-насам з гэтымi сваiмi злачыннымi думкамi, бо дзялiўся iмi з другiм чалавекам.
- Зло, мой сыне, заўсёды непараўнальна горш зносiць адзiноту, чым дабро. Гэты чалавек жывы?
- Так, ойча. Памятае мяне i прыслаў мне прывiтанне.
- Думаеш, убачыўшы цябе, ён мог бы кiнуць цень на тваё добрае iмя i на тваю святасць?
- Не ведаю гэтага, ойча. Гэты чалавек замкнуты ў сабе i пакорны, хоць i не ва ўсiм i не заўсёды. Думае так, як наказвае царква.
- Грэшны, аблудны, значыцца?
- Нiколi мяне, ойча, да нiчога лiхога не намаўляў. Калi ж я раблю гэта прызнанне, то толькi таму, што ўсведамляю, - пастаўлены так блiзка да цябе i надзелены такiм вялiкiм тваiм даверам, я не павiнен занядбаць нiякiх сродкаў, каб нават цень шкоднага i крыўднага мне цяпер нагавору не мог упасцi на мяне. Калi б я належаў толькi самому сабе, мой ойча, не непакоiўся б так пра сваё iмя.
- Усе мы, сыне, служым справе, якая велiччу перарастае кожнага з нас.
- Таму i ля ног тваiх я, ойча. Прызнаўся табе ва ўсiм, толькi хвiлiну назад канчаткова зразумеў, што мае думкi, хай часам няпэўныя цi нават пахiбныя, не могуць належаць мне аднаму. Уразумеў я, што толькi ў прызнаннi сваiх памылак i ў пошуках дапамогi ў вышэйпастаўленых магу ўбаранiць i сябе, i сваю веру.
- Вазьмi пяро i пергамент, - сказаў Тарквемада.
Дыега падняўся з каленяў.
- Так, ойча.
- Ты гатовы?
- Так, ойча.
- Тады пiшы: Вялебным айцам iнквiзiтарам арцыбiскупства Таледа ў Вiла-Рэал. Напiсаў?
- Так, ойча.
- Мы, брат Томас Тарквемада, дамiнiканец, прыёр кляштара Санта Круз у Сеговii, спаведнiк караля i каралевы, Вялiкi iнквiзiтар каралеўстваў Кастылii i Арагон, даручаем вам сiлай нашага права, каб абвiнавачаны ў цяжкiх злачынствах супраць веры...
- Брат Матэа Дара, дамiнiканец, - сказаў Дыега.
- ...брат Матэа Дара, дамiнiканец, неадкладна быў увязьнены ў турму Святой iнквiзiцыi i аддадзены суроваму следству, пакуль не выявiць сваiх ератычных поглядаў цi ў выпадку ўпартага трывання ў мане i аблудзе не будзе адлучаны на вечныя часы ад святой царквы каталiцкай. Закончыў?
- Так, ойча.
- Падай мне пяро.
Дыега, зрабiўшы гэта, адышоў убок. Падрэ Тарквемада ўстаў, здалёк, як гэта робяць дальназоркiя людзi, прачытаў прадыктаваны тэкст, пасля хутка падпiсаў.
- Ойча мой, - шапнуў Дыега, зноў апаўшы да ног Тарквемады.
Той паклаў руку на яго галаву.
- Шмат месяцаў чакаў я гэтай хвiлiны, мой сыне.
- Ты, ойча?
- Я ведаў, што рана цi позна, але прыйдзе той дзень, калi ты канчаткова, без нiякiх ваганняў, сумненняў i страху, знойдзеш сваю сапраўдную натуру. I вось дзень гэты настаў. Дзякуй вялiкае Госпаду Богу, найлюбаснейшы сыне.
Дыега, вельмi ўзрушаны, каб гаварыць, бязгучна прыпаў вуснамi да рукi Тарквемады. Адчуваў сябе бязмежна шчаслiвым, поўным свабоды i бяспекi, нiбы за смутай, якая яго дагэтуль раз'ядала i атачала з усiх бакоў, бразнулi раптам i назаўсёды цяжкiя дзверы.
Раздзел чацверты
Iшлi гады, i сярод безлiчы розных здарэнняў таго часу вялiкая справа аб'яднання каталiцкага каралеўства пераможна рухалася наперад.
У жнiўнi 1487 года, у дзень святой Алены, паддалася хрысцiянскiм войскам Малага, а праз няпоўных пяць гадоў, акурат пад самы новы, 1492 год, кароль Фердынанд пасля доўгай аблогi ўзяў Грэнаду. Апошнi паганскi астравок некалi магутнага каралеўства маўраў перастаў iснаваць на гiшпанскай зямлi, i тагачасны паэт мог з цалкам справядлiвым гонарам узнёсла спяваць: "Адзiн статак, адзiн пастух, адна вера, адзiн кароль, адзiн меч".
Вядома, калi надыходзiў мiр, здабыты некалькiмi стагоддзямi крывавых войнаў, можна было больш увагi аддаць таму, каб на аб'яднанай зямлi пачала трыумфаваць i еднасць веры. I сапраўды, яшчэ летась па загадзе вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара шмат тысяч бязбожных жыдоўскiх кнiг было спалена на рынках гарадоў i перад храмамi, ды i Святыя трыбуналы, якiм з усё большымi вынiкамi пасабляла палiцыя Святой эрмандады, з нязменнай пiльнасцю i чуйнасцю стаялi на варце чысцiнi веры, аднак, хоць i шмат было зроблена для захавання i ўмацавання праўды, сотнi тысяч няхрышчаных жыдоў усё яшчэ жылi на гiшпанскай зямлi, багацеючы на ўцiсканнi багаверных i махлярствах i беспакарана ведучы сваю брыдкую непрыстойную драпежнiцкую практыку. Пад самы корань трэба было падцяць зло.
Неўзабаве пасля ўрачыстага выезду Iх Каралеўскiх Мосцяў у Грэнаду па краiне папаўзлi чуткi i пагалоскi, што ў недалёкiм часе кароль i каралева намерваюцца абвясцiць эдыкт, у якiм будзе прадпiсана канфiскацыя жыдоўскiх маёнткаў i выгнанне ўсiх жыдоў з межаў каралеўства. Весткi гэтыя, хоць яшчэ i няпэўныя, знайшлi сама прыхiльны водгук у шырокiх колах вернiкаў. Адначасова багатыя жыдоўскiя сем'i, каб унiкнуць катастрофы, якая iм пагражала, i абгрунтоўваючы свой крок жаданнем пакрыць выдаткi апошняй вайны, выказалi згоду ахвяраваць Iх Каралеўскiм Мосцям акуп у трыццаць тысяч дукатаў. Гэта была велiзарная сума, i кароль Фердынанд, добра ведаючы цану золата, завагаўся, цi не прыняць яго, акуп гэты. Каралева Iзабэла таксама далася ў разважаннi, бо пад уплывам вельмi вальнадумных iдэй схiльная была лiчыць, што выгнанне жыдоў пэўным чынам супярэчыць прынцыпам хрысцiянскай мiласэрнасцi. I вось так, калi ў вынiку гэтых пагудак неспакой i трывога ахапiлi людзей, якiя думалi па-боску, жыды, са свайго боку, не трацiлi надзеi, што лёс, якi навалiўся на iх такiмi страшнымi няшчасцямi, не абрыне на iх апошняй бяды. I, аднак, вельмi верачы ў няўстойлiвасць манархаў i ва ўладу золата, недаацанiлi яны сiл, якiя заўсёды вышэй за ўсё ставяць дабро праўды. У другой палове студзеня вялебны айцец Тарквемада пакiнуў Таледа i неўзабаве прыехаў у Севiллю, дзе разам са сваiм дваром, цяпер асаблiва вялiкiм i шумным, бавiлi час Iх Каралеўскiя Мосцi.