Выбрать главу

Тарквемада расплюшчыў вочы i сказаў у цемру:

- Няпраўда, няма ў мяне сумненняў.

- Разумею. Усё гэта ўжо было. Людзям так патрэбна вера, што яны нават свае сумненнi любяць называць пэўнасцю. Добра, хай будзе так. Значыцца, мы абодва, не маючы сумненняў, маем пэўнасць: i ты, i я. Баюся я толькi, што мы, заўсёды да гэтага часу такiя адзiныя ў разуменнi рацыi гэтай праўды, цяпер адрознiваемся ў яе разуменнi i ацэнцы. Дзе слушнасць? Цi могуць быць дзве слушныя рацыi, праўды?

- Не.

- Вядома! Хоць i не без унутранага хвалявання, але бачу, што нават саму праўду ты пачаў iнтэпрэтаваць трохi адвольна, хоць i астаўся верны яе кампанентам, якiя нязменныя i не падлягаюць нiякай рэвiзii. Гэта вельмi iстотна. Мяркую, што галоўную ўвагу трэба звярнуць не на падкрэслiванне рознiцы ў нашым бачаннi, а на тое, што зблiжае i лучыць. Праўда ж адна.

- I ты ненавiдзiш яе, адну.

Голас уздыхнуў са смутным разуменнем.

- Гэта таксама было. Рэнегаты i адступнiкi заўсёды сурова мяне асуджалi. Хто ж бо больш з'едлiва можа ненавiдзець вернасць, як не той, хто сваёй здрадзiў? Цi ж не так гэта?

- Гавары далей.

- Ахвотна, але я думаў, што калi ты развязаў мне язык, даруй гэты перыфраз прынятай ветлiвасцi, то толькi з мэтай прынцыповага абмену думкамi i кiруючыся найлепшым жаданнем iх узгаднення. Што ж мы, зрэшты, такое, калi не пэўная сума поглядаў? Асабiста сабою нiхто звычайна не цiкавiцца. Я быў i ёсць празрысты, як праўда, якой я служу.

- Ах, якiя квяцiстыя словы! Прыкра мне, вялебны ойча, павiнен, аднак, заўважыць, што i на табе пацвярджаецца адвечны прынцып. На жаль, няўхiльнай i вартай шкадавання дэградацыi падлягае кожны чалавек, якi сумняваецца. Заўсёды дагэтуль ты ўмеў гаварыць як гаспадар становiшча. А цяпер ты як той сентыментальны летуценнiк. Дзе ж падзелася сцiсласць твайго мыслення, яго цэльнасць i вострасць? Няўжо таму толькi ты ўсё жыццё знiшчаў усякую няяснасць, каб пад канец самохаць аддацца ёй у няволю? Прашу цябе, ойча, заклiнаю ўсiм чыста, што святое, - давай будзем гаварыць як людзi сталыя i свядомыя, унiкаючы спасылак на нескардынаваныя пачуццi, захоўваючы толькi вернасць прынцыпам розуму.

Тарквемада маўчаў.

- Ты заснуў, ойча?

- Не.

- Тады чаму маўчыш? Разумею, хочаш такiм чынам схiлiць мяне да маўчання. А што ж табе з таго? Ты ж ведаеш, што я не магу адысцi.

- Ведаю.

- Ну i?.. Скажам, калi ты хочаш, я перастану. Добра, я ўжо маўчу.

Стала цiха. Тарквемада думаў: "Я стварыў сiстэму, але дзякуючы ёй i праз яе стварыў таксама людзей сiстэмы. Што рабiць з iмi, калi сiстэма аказалася згубным шаленствам? Як адкiнуць тэрор, калi ён ужо здолеў нарадзiць людзей, якiя ў iм толькi знаходзяць рацыю i сэнс свайго iснавання? Знiшчыць iх пры дапамозе таго ж тэрору?"

Праз хвiлiну блiзкi голас азваўся:

- Я маўчаў. Але ты чуў мяне?

Тарквемада ўзвёў вочы.

- Так, - шапнуў, - я чуў цябе.

- I што?

- Манiш. Людзi не хочуць тэрору.

- Бедакi! Нявiнныя ягняты!

- Не кпi.

- Значыцца, чалавек для цябе, ойча, ужо не слабая, гаротная, вартая пагарды iстота?

- Мы зрабiлi людзей яшчэ горшымi. Я памыляўся.

- У чым, калi можна даведацца?

- Ва ўсiм.

- Гэта гучыць горда. Ты заўсёды быў максiмалiстам. Усё! Цi не хочаш ты сказаць гэтым, што i змянiць трэба ўсё? Але ж не, не думай, мой ойча, што мяне гэта нiбыта занепакоiла. Змены ўваходзяць у прыроду гэтага свету. Iх толькi трэба правiльна iнтэрпрэтаваць. На мой, напрыклад, погляд памылак як памылак наогул не iснуе. Што такое памылка? Гэта паняцце няправiльнае, якому я супрацьпастаўляю паняцце правiльнае. А што ж тады ёсць рэчаiснасць? Вiдавочна, паняцце, правiльнае цяпер, у гэтую хвiлiну. А чаму? Таму што правiльнае паняцце, правiльна фармiруючы рэчаiснасць, само - рэчаiснасць. А таму толькi актуальная правiльнасць можа быць рэчаiснасцю, затое тая ж самая правiльнасць з часам, калi будзе акрэслена як няправiльная, страцiць субстанцыю ўласцiвасцi быцця i з гэтага пункту погляду, што па-свойму вельмi проста, наогул перастае ёю быць. Не ведаю, мой ойча, цi ўваходзiла гэта ў твае намеры, калi ты закрануў пытаннi, якiя даўно мяне хвалююць. У гэтым правiльным адмiраннi рэшткавых або наогул мёртвых зместаў i ў нараджэннi новых бачу я, павiнен табе прызнацца, прынцыповую аснову дзеяння i падзей. Усё залежыць, як я ўжо сказаў, ад правiльнага наймення фактаў. Я б у гэтым сэнсе пайшоў, можа, на крок далей i сказаў бы, што ўсё залежыць ад правiльнага дэкрэтавання. Разумееш, што я хачу гэтым сказаць. Трансфiгурацыя iснага ў няiсным павiнна, i нават мусiць, мець адметы ўсеагульнасцi, i яна, згодзiшся з гэтым, не можа быць аднесена на жывёл, наадварот, яе трэба планаваць i кiраваць ёю. Апрача таго, я хацеў бы хоць пабочна выказаць адно дробнае засцеражэнне. Мы пагадзiлiся, што правiльная рацыя, прызнаная правiльнай, трацiць тым самым аб'ектыўную экзiстэнцыю. Але гiсторыя, мой ойча, не выносiць пустаты. Толькi новая правiльнасць можа знiшчыць старую. Каб усмерцiць iдэю, патрэбна iдэя. Здагадваюся, што неўзабаве ты абвесцiш свету новую iдэю.

- Не муч мяне, - шапнуў Тарквемада, - я i так змучаны.

- Так, гэта праўда, прашу мне прабачыць, ойча. Зрэшты, стан людской змучанасцi таксама мяне вельмi цiкавiць. Сапраўднае дазiраванне пакуты належыць да найбольш складаных прэрагатываў майстэрства кiравання. Нельга дапускаць, каб людзi былi спакутаваныя недастаткова, i адначасова нельга ствараць такiх умоў, каб спакутаванне было занадта вялiкае. У абодвух выпадках чалавек можа стаць небяспечным. Ты напэўна заўважыў, ойча, што памiж уяўнасцю роспачы людскога розуму i сапраўднай роспаччу можна правесцi пэўныя паралелi, я маю на ўвазе, вядома, паралелi вынiкаў гэтых зменных дыспазiцый. I што ж? Нас павiнны перш за ўсё цiкавiць вынiкi, бо наогул мы сустракаемся з куды большымi цяжкасцямi пры перайначваннi вынiкаў, а не прычын, змена гэтых апошнiх зазвычай не дае нам асаблiвых клопатаў. Калi ж, аднак, iдзе пра тваю стомленасць, вялебны ойча, дык я мяркую, што яна не мае характару, за якi варта было б непакоiцца, наадварот, яна бадай што ў самы раз. Зрэшты, я, ойча, дзiўлюся з цябе. Сустракаюцца час ад часу неўраўнаважаныя людзi, якiя раптам пачынаюць бунтаваць пасярэдзiне жыцця. Наколькi ты, ойча, больш дальнабачны i больш празорлiвы за гэтых шаленцаў! Ты хацеў бы палепшыць свет, сам бадай што толькi адной нагой у iм стоячы. Гэта мудра. Здаецца мне, што, у сутнасцi, ты больш цэнiш справу свайго жыцця, чым гэта цяпер, аслабеўшы целам, дапускаеш.