Выбрать главу

Падрэ Тарквемада з хвiлiну памаўчаў.

- Не разумею цябе, сыне мой. Толькi ўпартае трыванне ў смяротным грэху можа забiць чалавечую душу.

- А маўчанне цi ж не бывае смяротным грэхам? Ойча, агартае мяне часам страх, што калi не выкажу таго, што каламуцiць спакой майго сумлення i адганяе сон, тады ўсё, што я змоўчаў, памрэ ўва мне, як уздых, якi не можа ўжо ўхапiць паветра, як слова, якога не здолее вымавiць амярцвелы язык. Ойча мой, я баюся, што магу стаць каменем.

Тарквемада працягнуў далонь.

- Падай мне, сыне, руку.

Рука была халодная i сухая.

- Ты думаеш, ойча, што ў мяне гарачка? Не, ойча, гарачкi няма, я здаровы.

- Бачу, сапраўды няма гарачкi. Але ж гаворыш ты, браце...

- Завуць мяне братам Дыега.

- Але ж гаворыш ты, браце Дыега, так, як звычайна людзi ў вялiкай гарачцы або пад вялiкiм грэхам, якi точыць iх сумленне.

Брат Дыега ўздрыгнуў.

- О не, ойча! Цяжкiя грахi не на маiм сумленнi. Не мяне трэба вiнавацiць за прымус, не на мне людскiя крыўды, слёзы i пакуты. Нiхто яшчэ мяне не праклiнае i не ненавiдзiць. Не маю на сумленнi нiякага злачынства, нiякай няпраўды.

Некалькi хвiлiн панавала маўчанне. Падрэ Тарквемада падцягнуў пад шыю сутану.

- Браце Дыега, ты выказваешся даволi няясна, аднак мне здаецца, што тваiмi вуснамi гаворыць вялiкая пыха.

Той заварушыўся.

- О не, ойча, гэта не пыха! Ты ж мяне не ведаеш. Не ведаеш маiх думак.

- Ты так мяркуеш?

- Не ведаю, ойча. Можа, i знаеш iх, можа, i ведаеш, што ўва мне дзеецца. Я хацеў малiцца, але не ведаў, што тут я не адзiн. Бачу цябе першы раз, не ведаю, хто ты, але калi стаю перад табою i, апроч нас двух, няма нiкога, мне здаецца, што ведаю цябе даўно, з першай хвiлiны, як я пачаў мыслiць. Чаму ты так дзiвiшся на мяне, ойча? Ты сам сказаў, што ў мяне няма гарачкi, што я прытомны. Цi ведаеш ойча, за што я хацеў малiцца? Можа, i здагадваешся, але дазволь мне сказаць пра гэта, бо ты зразумееш: у цябе твар чалавека, якi ўсё разумее, а можа, таксама адчувае, што ведаў мяне даўно, з самага пачатку. Ойча мой, ойча, я хацеў прасiць у Бога, каб ён дараваў тым усiм, якiя, маючы ў сваiх руках уладу, дрэнна карыстаюцца ёю i не на дабро людское яе прыкладаюць, а на страшныя крыўдны i пакуты. Хацеў сказаць: Божа вялiкi i лiтасцiвы, якi на небе, май лiтасць да гвалтаўнiкоў справядлiвасцi, даруй свядомым iлгунам, здрадным скаржнiкам i фальшывым суддзям, будзь мiласэрны да тых, якiя ў сляпым забыццi нiшчаць спакой людскi i сеюць страх, аблуду i нянавiсць, злiтуйся з забойцаў... Так хацеў малiцца. Але не змог, ойча, не здолеў, не жадаў! Словы ў горле стылi. Калi цяпер iх вымаўляю, дык яны - абвiнавачанне i праклён, а калi яны павiнны былi быць малiтвай, кожнае з iх здавалася мне цяжэйшым за камень. Ойча, гэта была б благая малiтва!

Падрэ Тарквемада стаяў нерухомы.

- Цi можаш сказаць мне, браце Дыега, - сказаў праз хвiлiну, - хто тыя людзi, за якiх ты хацеў малiцца i на якiх ускладваеш вiну, такую вялiкую, на тваю думку?

Брат Дыега падняў да грудзей абедзве зацiснутыя далонi.

- Ойча! Гэтая сутана палiць мяне, яна душыць мяне.

- Браце Дыега!

- Палiць мяне, ойча, бо зганьбавана людзьмi, якiя носяць яе.

- Браце Дыега, я таксама нашу яе.

- I нiколi яна не душыла цябе? Скажы, нiколi цябе не трывожыць сорам, што людзi ў такiх самых сутанах...

Тарквемада вызвалiў з рукава далонь i рашучым рухам адсунуў ад сябе Дыега.

- Маўчы! Цi не разумееш, няшчасны, таго, што гаворыш? Цi ведаеш, хто я?

Брат Дыега знепрытомнена паглядзеў палкiмi вачыма на старога.

- Хто ты? Не ведаю! Ведаю, што знаю цябе здавён.

- Браце Дыега, - сказаў той цiха, амаль лагодна, - я брат Томас Тарквемада.

Дыега болесна ўсмiхнуўся.

- Навошта з мяне кпiш? Хочаш выпрабаваць маю адвагу? О не, ойча, няма ўва мне страху. Калi б замест цябе сапраўды стаяў тут перада мною сам айцец Тарквемада, я таксама не адмовiўся б ад нiводнага слова, што сказаў. Мая нянавiсць мацнейшая за страх. Няма ўва мне, ойча, месца страху.

- Браце Дыега, апамятайся, - сказаў вялебны айцец амаль шэптам, але з асаблiва моцным нацiскам, - ты стаiш перад Вялiкiм iнквiзiтарам.

Стала цiха. Брат Дыега з усё большым напружаннем у вачах узiраўся ў Тарквемаду. Пасля паднёс руку да лоба. Адчуў пад пальцамi халодны пот.

- Божа, - прашаптаў.

Адступiў на крок у глыбiню каплiцы i ў гэты момант зачапiў нагою падсвечнiк, якi стаяў з боку алтара. Твар яго скрывiўся, губы задрыжалi. Ён хутка нагнуўся i, схапiўшы цяжкi чатырохгранны падсвечнiк, замахнуўся iм на Тарквемаду. Аднак не ўдарыў. Стаяў з высока занесенай рукою, цяжка дыхаючы, з тварам, працятым нянавiсцю, але адначасова абяззброены спакоем i маўчаннем старца, якi не адступiў нi на крок, не зрабiў анi руху на абарону. З яго нерухомай постацi бiла такая сабраная i цвёрдая сiла, што праз хвiлiну Дыега заплюшчыў павекi, i, хоць яшчэ стаяў замахнуўшыся, - падсвечнiк выпаў з рукi i, з ляскатам стукнуўшыся аб каменныя сходкi алтара, пакацiўся з iх i застыў каля ног Тарквемады. Гулкае рэха разарвала цiшыню цемры, i адзiн яго гук асаблiва доўга i працяжна звiнеў недзе пад самым скляпеннем царквы, пасля ўсё раптам змоўкла, i цiшыня стала яшчэ глыбейшая.

Дыега расплюшчыў вочы.

- Чаму не клiчаце сваю ахову, вялебны пане? - спытаў высокiм i ясным, вельмi маладым голасам. - Рабiце, што прывыклi рабiць пры падобных акалiчнасцях.

Падрэ Тарквемада адвярнуўся i, расхiнуўшы на грудзях сутану, укленчыў перад алтаром.

- Сыне мой, - сказаў напаўголаса, - укленчы побач са мною.

Дыега хвiлiну стаяў нерухомы, пасля раптам рэзка павярнуўся да Тарквемады i ўкленчыў не далей чым на выцягнутую руку.

Каганец, якi свяцiўся ў глыбiнi алтара, кiдаў мiгатлiвы бляск на абодвух.

Вялебны айцец склаў далонi на малiтву.

- Паўтарай, сыне мой, за мною: "Ойча наш, якi сутны на небе..."

Дыега ўзняў вочы, але навокал было занадта цёмна, каб ён мог затрымаць позiрк на доўгiх пратэсах, якiя пасмамi жаўтаватага палатна звiсалi абапал амбона, заўсёды ўдзень напамiнаючы iмёны i правiны людзей, спаленых Святым трыбуналам. Цяпер толькi невыразны цень гэтых злавесных палотнаў нiк у глыбiнi камянiцы.

- "Ойча наш, якi сутны на небе", - сказаў нарэшце ясным i звонкiм голасам, як перад тым.

- "Хай свяцiцца iмя тваё".

- "Хай свяцiцца iмя тваё".

Дыега адчуў спазмы ў горле i гарачыя слёзы пад павекамi.

- "Хай прыйдзе царства тваё", - сказаў ён цiха, каб не выдаць дрыжання голасу.