Выбрать главу

Міхайла Кацюбінскі

Цені забытых продкаў

Аповесць

Пераклад з украінскай Вячаслава Рагойшы.

* * *

Іван быў дзевятнаццатым дзіцем у гуцульскай сям’і Палійчукоў. Дваццатай і апошняй была Аннычка.

Хто яго ведае, ці то вечны шум Чарамоша і скаргі горных патокаў, што перапаўнялі самотную хату на высокай кічэры[1], ці то сум чорных яловых лясоў так палохалі дзіцяня, толькі Іван усё плакаў, крычаў па начах, блага рос і глядзеў на матулю такім глыбокім, старэча разумным паглядам, што маці ў трывозе адводзіла ад яго вочы. Не раз яна са страхам думала, што не яе гэта дзіця. Не «асцераглася» баба пры родах, не абкурыла недзе хаты, не паставіла свечкі — і хітрая ведзьма паспела замяніць яе немаўля на сваё чарцяня.

Паволі расло дзіця, ды ўсё ж падрастала, і не заўважылі нават, як давялося шыць яму штаны. Але таксама было дзікаватае. Глядзіць перад сабой, а бачыць штосьці далёкае і нікому не вядомае або без дай прычыны крычма крычыць. Майткі з яго з’язджаюць, а яно стаіць сярод хаты, заплюшчыць вочы, разявіць рот і верашчыць.

Тады маці вымала люльку з зубоў і, замахнуўшыся на яго, злосна крычала:

— Цьфу на цябе! Ты, падкідыш! Згінь, каб вочы мае не бачылі!..

І ён знікаў.

Каціўся зялёнымі царынкамі[2], маленькі і белы, нібы шарык з дзьмухаўца, смела забіраўся ў цёмны лес, дзе ялінкі махалі над ім лапкамі, быццам мядзведзь лапамі.

Адсюль дзівіўся на горы, на блізкія і далёкія вяршыні, што ўпіраліся ў блакітнае неба, на яловыя чорныя лясы з іх сінім дыханнем, на светлую зеляніну царынак, якія, нібыта люстэркі, блішчэлі ў рамах дрэў. Пад ім, у даліне, кіпеў халодны Чарамош. На далёкіх узгорках драмалі пад сонцам самотныя хаціны. Было ціха і сумна, чорныя елкі бесперастанку спускалі сум свой у Чарамош, а ён нёс яго долам і расказваў.

— Івась!.. Гэ-эй! — гукалі Івана ад хаты, але ён не слухаў, абіраў маліны, страляў з лісткоў, рабіў свістульку або пішчаў на травінцы, намагаючыся пераняць галасы птушак ды ўсе тыя гукі, што чуў у лесе. Ледзь прыметны ў лесавым зеллі, збіраў кветкі і ўплятаў іх у свой капялюшык, а стаміўшыся, лажыўся дзесьці пад сенам, што сохла на астрывах[3], і спявалі яму на сон дый будзілі яго сваім звонам горныя ручаі.

Калі Івану мінула сем гадоў, глядзеў ён на свет іначай. Ён ведаў ужо многа. Умеў знаходзіць зёлкі — красаўку і герань, разумеў, чаму плача каня, з чаго пайшлі зязюлі, і калі расказваў пра ўсё гэта дома, маці падазрона пазірала на яго: можа, яно з ім гаворыць? Знаў, што на свеце пануе нячыстая сіла, што злы дух кіруе ўсім; што ў лясах поўна лесавікоў, якія пасуць там сваю скаціну: аленяў, зайцоў і сарнаў; што там блукае вясёлы чугайстыр[4], які тут жа просіць першага стрэчнага ў скокі і знішчае мавак; што жыве ў лесе голас сякеры. Вышэй, на дзікіх бязводных вяршынях, маўкі водзяць свае бясконцыя карагоды, а ў скалах хаваецца зніч. Мог бы расказаць і пра русалак, якія пагодлівым днём выходзяць з вады на бераг, каб спяваць песні, прыдумляць казкі, гаварыць пацеры, пра тапельцаў, што па захадзе сонца сушаць белае цела на камянях у рэчцы. Усялякія злыя духі насяляюць скалы, лясы, цясніны, хаты і загарадкі ды падсцерагаюць хрысціяніна або скаціну, каб зрабіць ім шкоду.

Не раз, прахапіўшыся ўночы, сярод варожай цішыні, ён дрыжаў ад жаху.

Увесь свет быў як казка, поўная цудаў, таямнічая, цікавая і страшная.

Цяпер ён ужо меў абавязак — яго пасылалі пасвіць кароў. Гнаў у лес сваіх рыжуню і сівуню, і калі яны патаналі ў хвалях лясных траў і маладых ялінак і ўжо адтуль абзываліся да яго, як з-пад вады, тужлівым звонам сваіх званкоў, ён садзіўся дзе-небудзь на схіле гары, вымаў сапілку і найграваў няхітрыя песні, якія пераняў ад старэйшых. Аднак музыка не ўлагоджвала яго. Са злосцю кідаў сапілку і слухаў іншыя мелодыі, што жылі ў ім, незразумелыя і няўлоўныя.

Знізу ўзнімаўся да Івана і затапляў горы глухі рачны гоман, а ў яго капаў час ад часу празрысты звон. З-за яловых лапак выглядалі журботныя горы, напоеныя сумам ценяў ад хмар, што ўсё сціралі і сціралі бледную ўсмешку царынак. Горы штохвіліны мянялі свой настрой: калі смяялася царынка, хмурыўся лес. І гэтаксама цяжка было ўхапіць зрокам тое рухомае аблічча гор, як нялёгка было дзіцяці злавіць капрызную мелодыю песні, што вілася, трапятала крыльцамі каля самага вуха і не давалася.

Аднаго разу ён пакінуў сваіх кароў і пакараскаўся на самую вяршыню. Ледзь прыкметнай сцежкай падымаўся вышэй і вышэй, сярод густога зарасніку выцвілай папараці, калючых ажын і малін. Лёгка пераскокваў з каменьчыка на каменьчык, пералазіў цераз паваленыя дрэвы, прадзіраўся скрозь голле кустоў. За ім падымаўся з даліны вечны шум рэчкі, раслі горы, і ўжо ўставаў на даляглядзе блакітны прывід Чарнагоры. Доўгія ніцыя травы ўкрывалі цяпер бакі гары, званкі кароў абзываліся, як далёкае ўздыханне, усё часцей трапляліся вялікія камяні, што далей, на самай вяршыні, тварылі хаос пакрышаных скал, спісаных лішаямі, здушаных у змяіных абдымках карэннем ялін. Пад нагамі ў Івана кожны камень укрывалі рудыя імхі, тоўстыя, мяккія, шаўковыя. Цёплыя і пяшчотныя, яны хавалі ў сабе пазалочаную ваду летніх дажджоў, мякка ўгіналіся і абдымалі нагу, як пуховая падушка. Кучаравая зеляніна брусніц і чарніц запусціла сваё карэнне ў глыбіню моху, а зверху сыпанула расою чырвоных і сініх ягад.

вернуться

1

Кічэра — бязлесная гара (аўт.).

вернуться

2

Царынка — абгароджаная сенажатка недалёка ад хаты (аўт.).

вернуться

3

Астрыва — сухая яліна з галінамі, на якіх сушыцца сена (аўт.).

вернуться

4

Чугайстыр — міфічная істота, добры лясны дух.