Пара варыць кулешу. У саган з варам ён сыпле муку, старанна размешвае, і скора водар пары зліваецца з пахам дыму. Старшы аўчар пацягваецца ўжо… пачынае днець. Але хто яго клікаў? А можа, гэта была ўсё-такі Марычка?
Калі становіцца відней, яго цягне паўглядацца яшчэ раз. Ідзе на паланіну. Халодныя росы асядаюць на пасталы, неба зачырванелася, і пабляднелі зоркі. Іван паднімаецца вышэй — і раптам халадзее. Дзе ён? Што з ім? Куды дзеліся горы? Воды залілі ўсю паланіну, затапілі вяршыні, і паланіна плыве самотна ў бяскрайнім моры. Ад Чарнагоры дыхнуў вецер, поўныя воды хвалююцца ціха, чутно, як нябачнае яшчэ сонца расце ў глыбіні, а вось вытыркнулася з мора ўся сівая вяршыня, з якой сцякае вада. Мацней патыхае холадам, растуць валы на моры, і вяршыні, адна за адной, прабіваюцца з белай пены. Свет нібы занава нарадзіўся. Воды пасцякалі з вяршынь і плывуць ужо ля падэшваў, сонца паслала на небе сваю карону і вось-вось пакажа свой твар, а са стаі нясецца сумны голас трамбіты і будзіць паланіну.
* * *
Так летаваў Іван на паланіне, аж пакуль яна не апусцела. Сплыла скацінка назад у даліны, разабралі яе гаспадары, адтрубілі сваё трамбіты, ляжаць вытаптаныя травы, а вецер асенні галосіць над імі, як над нябожчыкам. Асталіся толькі старшы аўчар і спузар. Яны павінны дачакацца, пакуль згасне агонь. Той агонь паланінскі, што сам нарадзіўся, нібыта Бог, сам мусіць і заснуць. А калі і іх ужо не стала, на засмучаную паланіну прывалаклася ўсялякая нечысць дый шныпарыць па стаі і загарадках, ці не асталося чаго і ёй.
* * *
Дарэмна Іван спяшаўся з паланіны: ён не застаў Марычкі жывое. За дзень перад гэтым, калі пераходзіла Чарамош, забрала яе вада. Раптоўна ўзнялася паводка, злыя хвалі збілі Марычку з ног, кінулі пасля на вадаспад і панеслі паміж скал у даліну. Марычку несла рака, а людзі глядзелі, як круцяць яе хвалі, чулі яе крыкі і мольбы і не маглі ўратаваць.
Іван не верыў. Гэта, напэўна, штучкі Гутанюкоў. Даведаліся пра іхняе каханне і схавалі Марычку.
А калі з усіх бакоў у адзін голас загаварылі тое самае, вырашыў знайсці цела. Мусіла ж яно прыбіцца недзе да драўлянай абшыўкі берага, дзесьці людзі павінны былі яго злавіць. Пайшоў уздоўж рэчкі, поўны пякучага гневу і злосці да яе вечнага шуму, да кіпучай лютасці.
У адным сяле знайшоў-такі цела. Яго ўжо выцягнулі на жвір, але ён не пазнаў у ім Марычкі. Гэта не Марычка была, а нейкі мокры мех, сіняя крывавая маса, перацёртая рачным каменнем, нібы ў млыне…
Вялікі жаль ухапіў Івана за сэрца. Спярша яму хацелася скочыць са скалы ў вір: «На, жары і мяне!» Але пасля шчымлівая скруха пагнала яго ў горы, далей ад рэчкі. Затыкаў вушы, каб не чуць здрадлівага шуму, што прыняў у сябе апошняе дыханне яго Марычкі. Блукаў па лесе, сярод камянёў, буралому, як мядзведзь, што залізвае раны, і нават голад не мог прагнаць яго ў сяло. Знаходзіў ажыны, брусніцы, піў ваду з крыніц і тым жывіўся. Пасля знік. Людзі лічылі, што ён загінуў з вялікага жалю, а дзяўчаты склалі каламыйкі пра іх каханне і смерць, і разышліся тыя каламыйкі па гарах. Шэсць гадоў не было чуваць пра яго, на сёмы раптам з’явіўся. Худы, счарнелы, намнога старэйшы за свае гады, але спакойны. Расказваў, што пасвіў статак на венгерскім баку. Яшчэ з год так пахадзіў, а тады жаніўся. Трэба ж было гаспадарыць.
Калі замоўклі стрэлы пістоляў і адспявалі вяселле, а жонка прыгнала ў загарадзь авечак і кароў, Іван быў нават задаволены. Яго Палагна была з багатага роду, фанабэрыстая здаровая дзеўка з грубым голасам і валлястаю шыяй. Праўда, яна любіла багатыя строі, і нямала недзе пойдзе грошай на шаўковыя хусткі ды дарагія маністы, але ліха з ім! Паглядаючы на авечак, што бляялі ў загарадках, на свой стракаты статак, на кароў, што званілі ды рыкалі на выпасах у лесе, ён не маркоціўся.
Цяпер ён меў каля чаго хадзіць. Не быў сквапны на багацце — не на тое гуцул жыве на свеце! — сам догляд скаціны поўніў радасцю сэрца. Як дзіця для маці — такою была для яго жывёла. Увесь час, усе думкі забіраў клопат пра сена, пра выгоды скаціне, каб яна не слабела, каб хто не сурочыў, каб авечкі шчасліва каціліся, а каровы цяліліся. Скрозь, ад усяго ішла небяспека, і трэба было добра сцерагчы скаціну ад гадаўя, зверыны і ад ведзьмаў, якія ўсялякімі спосабамі здойвалі кароў і губілі авечак. Трэба было шмат ведаць, абкурваць, загаворваць, збіраць зёлкі і варажыць. Палагна яму памагала. З яе была добрая гаспадыня, і свае вечныя турботы ён дзяліў з ёю.