Палагна ўскруцілася, ледзь толькі пачало днець. «Ці яшчэ не рана?» — падумала ўголас, але тут жа згадала, што сёння свята і трэба ісці на царынку. Адкінула цёплую коўдру і ўстала на ногі. Іван яшчэ спаў, печ пазяхала ў кутку чорнаю пашчай, а пад ёю сумна трашчаў цвыркун. Палагна расшпіліла кашулю, скінула з сябе, пастаяла голая пасярод хаты і, баязліва азіраючыся на Івана, пайшла да дзвярэй. Скрыпнулі дзверы, і ранішні холад абвеяў цела. Горы яшчэ спалі. Спалі яшчэ яловыя лясы, нібы строгія манахі, спалі пашарэлыя за ноч царынкі і сівыя шпілі, што расплываліся ў тумане. Халодная імгла падымалася з даліны ды працягвала белыя калматыя лапы да чорных ялін, а пад бледным яшчэ небам апавядаў свой сон Чарамош.
Палагна ступала па мокрых травах і злёгку дрыжала ў ранішнім халадку. Яна была пэўная, што ніхто яе не пабачыць, а калі б і пабачыў, то што? Ведама, шкада, калі б прапала яе варажба. Іншай думкі ў яе не было. Яшчэ на Благавешчанне яна закапала ў мурашнік соль, булку і пацеркі, і цяпер трэба было гэта ўсё адтуль дастаць. Памалу звыклася з холадам. Яе тугое цела, якое не ведала яшчэ мацярынства, вольна і горда плыло ў маладых травах царынкі, такое ружовае і свежае, як пазалочаная хмара, перапоўненая цёплым вясновым дажджом. Нарэшце спынілася пад букам. Але перш чым раскапаць мурашнік, яна падняла рукі ўгору і пацягнулася смачна ўсім целам, хруснуўшы костачкамі. І ўраз адчула, што траціць сілу. Штосьці ёй нядобра. Апусціла бяссільна рукі, глянула перад сабою і раптам як бы прыкіпела да чорнай агністай бездані, што не пускала яе ад сябе.
Юра-знахар стаяў па другі бок плота і глядзеў на яе.
Яна хацела крыкнуць на яго — і не магла. Хацела закрыць грудзі рукамі — і не мела сілы іх падняць. Намагалася ўцячы — і ўрасла ў зямлю. Стаяла бяссільная, быццам самлелая, і ўпарта ўглядалася ў два чорныя вугалькі, што выпівалі з яе ўсю сілу.
Нарэшце ў ёй варухнулася злосць. Прапала ўся варажба! Палагна зрабіла над сабой намаганне, каб распаліць тую злосць, і злосна гыркнула на яго:
— Чаго зенкі вылупіў? Не бачыў?
Не спускаючы з яе вачэй, якімі скаваў яе ўсю, Юра бліснуў зубамі:
— Такой, як вы, Палагна, дальбог, не бачыў.
І закінуў нагу цераз плот.
Яна бачыла добра, як плылі да яе тыя два вугалькі, што спапялілі яе волю, а ўсё ж стаяла, няздатная паварухнуцца ці то ў салодкім, ці то ў жахлівым чаканні.
Ён быў ужо блізка. Бачыла мярэжку яго кажушка-безрукаўкі… бліскучыя зубы ў пажадлівым роце… прыпаднятую руку. Цяпло яго цела зблізку вейнула на яе, а яна ўсё яшчэ стаяла.
І толькі калі жалезныя пальцы сціснулі ёй руку і пацягнулі да сябе, яна з крыкам ірванулася і пабегла дахаты.
Знахар стаяў, раздзімаючы ноздры, і глядзеў услед, як белае Палагніна цела выгіналася на травах, нібы хвалі ў Чарамошы.
Пасля, калі Палагна ўжо знікла, ён пералез зноў цераз плот і зноў пачаў рассяваць па царынцы попел ад учарашняга вогнішча, каб каровы і авечкі, што будуць тут пасвіцца, добра пладзіліся, каб кожная авечка прыводзіла па двое…
Палагна прыбегла дадому разгневаная. Добра, што хоць Іван нічога не бачыў. Ну і суседзік, халера б на цябе! Не знайшоў лепшага часу!.. Каб табе… А што варажба прапала, дык ужо прапала… Вагалася, ці сказаць Івану пра Юру, ці не. Яшчэ бойка гатова з таго ўсчацца ці сварка, а са знахаром толькі зачапіся… Вот трэба было пляснуць па мордзе — дый усё… Але Палагна ведала, што не можа падняць на яго руку. Нават пры адной думцы пра гэта адчувала млосць ва ўсім целе, у руках і ў нагах, нейкую салодкую знямогу. Чула, быццам павуцінне на ўсім целе ад гарачага погляду чорных вачэй, ад бляску зубоў у пажадліва раскрытым роце. І што б яна ні рабіла ў той дзень, знахароў погляд яе скоўваў.
Ужо са два тыдні мінула з таго часу, а Палагна не казала Івану пра сустрэчу з Юрам. Яна толькі прыглядалася да мужа. Штосьці было цяжкае ў ім, нейкая журба яго грызла і аслабляла цела, нешта старэчае, вадзяністае свяцілася ў яго стомленых вачах. Прыкметна худзеў, станавіўся абыякавым. Не, Юра лепшы. Калі б захацела мець палюбоўніка, узяла б Юру. Але Палагна была гордая, яе сілком не возьмеш. І гневалася на знахара.
Раз яны сустрэліся каля рэчкі. Палагне на момант здалося, што яна голая, што тонкае павуцінне аблытала ўсё яе цела. Яна быццам праз сон пачула:
— Як спалі, любая Палагначка?
На языку ў яе круціўся адказ: «Добра, як вы?» Але яна стрымалася, закапыліла губу, горда задрала галаву і прайшла паўз яго, нібы не бачыла нават.
— Як маецеся? — пачула ззаду другі раз.
«Ну, цяпер чакай бяды!» — падумала са страхам.
І сапраўды, ледзьве вярнулася дамоў, як Іван стрэў яе весткаю, што здохла авечка. Але, на дзіва, ёй ані не шкада было авечкі. Нават злосць брала, што Іван так бядуе па ёй.