Выбрать главу

Юра больш не пераходзіў Палагне дарогі. Аднак яе думкі ўсё часцей вярталіся да яго. З цікавасцю, ахвотна прыслухоўвалася Палагна да расказаў пра яго моц і дзівілася, колькі ён можа, той палкі Юра, які не бачыў лепшай за Палагну! Ён быў магутны, моцны, усё ведаў. Ад яго слова гінула адразу скаціна, сох і чарнеў, як дым, чалавек, ён мог наслаць смерць і падараваць жыццё, разагнаць хмару і спыніць град, агнём чорнага вока спапяліць ворагаў і запаліць у жаночым сэрцы каханне. Ён быў зямным богам, той Юра, што прагнуў Палагны, што працягваў да яе рукі, у якіх трымае сусветныя сілы.

Яна часамі забывалася на кароў і мужа, іх вобразы расплываліся, як расплываецца туман, што на хвіліну асядае на ялінах. З журбою ішла яна на царынку, пад бук, і там адчувала на сваіх грудзях Юрава цёплае дыханне, жалезныя пальцы яго рукі. Яна б стала яго палюбоўніцай, калі б ён тады з’явіўся.

Але ён не з’яўляўся…

Стаяў гарачы дзень. Ігрэц закурыўся, зямля паравала, ад Чарнагоры бесперастанку беглі хмары і выліваліся дажджамі, на якія збоку свяціла сонца. Так было парна, што Палагна нізашто не палезла б на вяршыню, калі б не прысніўся ёй сон, які прарочыў скаціне нядобрае. Яна хацела адведаць кароў у лесе. Вакол яе горы курыліся ў імгле, нібы закіпелі горныя патокі і дыхнулі парай. Чарамош знізу шумеў. Яму мулка было ляжаць на скалах, і ён пераскокваў з каменя на камень. Але толькі паспела Палагна ўзабрацца наверх, як ад Чарнагоры махнуў крылом вецер і захістаў дрэвы. «Не нарвала б буры», — падумала яна і павярнулася тварам да ветру. Ну, так яно і ёсць… Там бурліла цяжкая сіне-бялёсая хмара. Здавалася, сама Чарнагора паднялася ў неба, гатовая спусціцца на зямлю і ўсё раздушыць. Вецер бег перад ёю і распіхваў елкі, а горы і даліны счарнелі адразу, як пасля пажару. Не было чаго і думаць ісці далей. Палагна схавалася пад полагам елкі. Яліна скрыпела. Здалёку мякка каціўся гром, цені імкліва беглі па гарах, змываючы фарбы, а высокі ельнік на далёкіх вяршынях перагінаўся папалам. «Як бы яшчэ градам не секанула», — лякалася Палагна, зашпільваючы аўчынную безрукаўку.

А над галавою ўжо шумела. Там, на Чарнагоры, чарнакніжнікі секлі дзесьці лёд на замёрзлых азёрах, а душы пакараных смерцю хуценька збіралі той лёд у мяхі і імчаліся з імі на хмарах, каб рассяваць па зямлі. «Прападуць сенажаці, засыпле іх лёдам, і будзе плакаць галодная скаціна», — думала горка. Але думка перарвалася: ударыў гром. Захісталіся горы, ельнікі ўпалі вяршынямі на зямлю, зямля паднялася, і ўсё закруцілася ў віхры. Палагна ледзь паспела ўхапіцца за сук і, быццам скрозь туман, убачыла раптам, як караскаўся на гару нейкі чалавек. Змагаўся з ветрам, раскірэчваў ногі, нібы рак, хапаўся рукамі за камень і ўсё лез уверх. Вось ён ужо блізка, сагнуўся, бяжыць — і нарэшце стаў на макаўцы гары. Палагна пазнала Юру.

— Напэўна, да мяне… — спалохалася Палагна, але Юра, відаць, яе не бачыў.

Стаў супраць хмары, адна нага ўперад, і склаў рукі на грудзях. Адкінуў назад бледны твар і ўпіўся пахмурым вокам у хмару. Стаяў так доўгую хвіліну, а хмара ішла на яго. І раптам моцным рухам ён шпурнуў капялюш на зямлю. Вецер тут жа здзьмуў яго ў даліну і падхапіў на галаве ў Юры доўгія валасы. Тады Юра падняў да хмары палку, што трымаў у руцэ, і крыкнуў у сіні клёкат:

— Стой! Я цябе не пускаю!..

Хмара падумала трохі і пусціла ў адказ сінюю стралу.

— Ой! — закрыла Палагна вочы рукою, калі рассыпаліся горы.

Але Юра гэтаксама моцна стаяў, і кучары віліся на галаве ў яго, як гадзіны ў гняздзе.

— Ага! Ты так! — крыкнуў Юра хмары. — Тады я мушу цябе заклінаць. Я заклінаю вас, грамы і грамавяняты, хмары і хмараняты, я разганяю цябе, непагадзь, на лясы і воды… Ідзі, разляціся, як вецер, па свеце… Разбіся і рассыпся, ты тут сілы не маеш…

Але хмара толькі матлянула зняважліва левым крылом і пачала паварочваць направа, на царынкі.

— Няшчасце! — сціснула рукі Палагна. — Начыста выб’е сенажаці…

Аднак Юра не думаў паддавацца. Ён толькі больш пабялеў, толькі вочы пацямнелі ў яго. Калі хмара направа — то і ён направа, хмара налева — і ён налева. Ён бегаў за ёю, змагаючыся з ветрам, махаў рукамі, пагражаў палкаю. Ён віўся, нібы ўюн, па гары, заварочваючы хмару, дужаўся з ёю, спрачаўся… Вось-вось яшчэ трошкі, яшчэ з гэтага канца… Адчуваў у грудзях сілу, пускаў перуны з вачэй, падымаў рукі ўгору і заклінаў. Вецер расхрыстаў яго безрукаўку і біў у грудзі, хмара гыркала, ляскала громам, секла ў вочы дажджом, дрогкала над галавою, гатовая ўпасці, а ён, заліты потам, ледзьве пераводзячы дых, кідаўся без памяці па вяршыні, баючыся страціць апошнія сілы. Адчуваў, што сілы ўжо слабнуць, што ў грудзях пуста, што вецер ірве голас, дождж залівае вочы, хмара перамагае, і ўжо апошнім намаганнем падняў да неба палку: