Адразу я не надта спалохалася. Падумала: «Калі я ўмею жыць і ў сабе, і ў іншых, дык чаму яна, такая ж, як я, не ўмее?.. Тым больш, што яна ўжо памірала некалі і вярталася з сябе мёртвай у сябе жывую, выбіралася зпад каменя праз маленькую шчыліну…»
Вера ляжала на мне, як раструшчаная.
Я выбралася зпад яе, перавярнула на спіну, затрэс ла, як ляльку: «Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..»
Яна не вярталася. Перасялілася некуды назаўсёды. Схапіўшы тэлефон, я машынальна набрала нумар, пачула ў слухаўцы: «Хуткая дапамога», — і паклала трубку.
Калі ў маёй кватэры знойдуць шведскую журналістку, якая нелегальна прыехала ў Беларусь і сканала ад перадазіроўкі наркаты, дык не знойдзецца такой дапамогі, якая б мне дапамагла.
Я пашукала ў сумачцы Веры, знайшла пашпарт. Віза ў пашпарце толькі расійская.
Наркаманка і нелегалка… Лесбіянка — не ў залік. Але, калі пачнуць раскручваць, дык і гэта залічаць.
Вакол мяне загарэлася жытняе поле…
Мне б згараць на ім, калі ўжо набраная ванна. Бо якая розніца: у агні?.. у вадзе?.. Але я забылася на тое, дзеля чаго ванна набіралася…
Пажар слаўся на ветры, вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, полымя паўставала сцяной, у якой не знаходзілася выйсця, паратунку, хоць ён быў…
З фотакарткі ў пашпарце Веры глядзела я.
Я ўспомніла, што збіралася зрабіць гадзіну таму…
Ускаціла Веру на коўдру і асцярожна, каб нідзе не драп нуць, зацягнула да прыбіральні. Там узяла пад пахі і пад няла ў ванну. Эмаліраваны край ванны быў гладкі, не драпаўся. Уладкаваўшы Веру роўненька, я дабрала цё плай вады, узяла скальпель і рэзанула па запясці ле вай рукі.
Паклала скальпель на край ванны. На ім не было ні крывінкі.
Выйшла, прыкрыла дзверы.
Апранулася ў адзежу Веры. Прыбралася ў кватэры. Хоць там і прыбіраць не было чаго: дзве шклянкі памыць ды пляшку на сметнік выкінуць.
За дзесяць хвілін дайшла да вакзала. Паазіралася, ці няма некага са знаёмых?..
Нікога.
Купіла квіток.
Цягніком — да Масквы, адтуль — самалётам да Стакгольма. Аўтобусам — да Мальма.
У Еўропе ўсё блізка. Перасялілася.
Я з дзяцінства ўмела гэта рабіць…
Дабраўшыся да Мальма, прыбіралася ў кватэры даўжэй, чым у Менску. Вэрхал я, ад’язджаючы, пакінула невера годны: закарэлы посуд, раскіданая бялізна, касметыка, а да ўсяго — уся вітальня ў засохлай крывянцы. Як гэта я паехала некуды, нават кроў са сценаў не змыўшы?..
Я ўзялася мыць сцены, амаль усё ўжо адмыла, калі спахапілася: што гэта я раблю?..
Тое, што засталося, адмываць не стала. Прагаладаўшыся, спусцілася ў краму, каб купіць яды.
«Hej!.. — усміхнуўшыся, сказала касірка, узяўшы маю крэдытку. — Har du kommit tillbaka?..»[6] Я ўсміхнулася ў адказ: «Hej!.. Jag har kommit tillbaka…»[7]
Я купіла віна і, вярнуўшыся, выпіла.
З вяртаннем!..
Ціўкнуў мабільны тэлефон Веры. Мой тэлефон, на які прыйшло паведамленне. «Я купіў табе кацяня. Пра бач. Карл.»
Майго мужа, аказваецца, завуць Карлам. Як шведскага караля…