Па дарозе ў кавярню “Сонейка” Цімох Нілавіч спаткаў Дзіяну Святкоўскую, з якой не бачыўся са студэнцкіх гадоў, таму Дзіяна не ведала, што ён памёр. Некалі Цімох Нілавіч быў закаханы ў прыгажуню Дзіяну, і яна была закаханая ў мажнага Цімоха, але ён ніводнага разу не прызначыў ёй спаткання, ніколі раней не запрашаў на каву, дык запрасіў цяпер.
У кавярні не знайшлося вольнага стала, каб сесці асобна — яны селі за памінальны. Рэня пасуналася, заплакаўшы: “Сядай, Дзіяна, вось бачыш, не стала Цімы, праз якога мы некалі пасварыліся, цяпер сварыцца нам няма праз каго…” — а Дзіяна сказала, сядаючы: “У мяне, Рэня, таксама муж памёр…” — і разам з Рэняй заплака ла. Цімох Нілавіч падумаў і сеў паміж імі, а то будуць на плячы адна ў адной раўсці ўвесь вечар — не пагаворыш. З Рэняй дык ён нагаварыўся, а з Дзіянай яму хацелася пагаварыць. Тым больш, што ейны муж памёр.
“…і неяк так для ўсіх незаўважна ён выконваў свае абавязкі, што ўсе дзівіліся, калі яны выконваліся, і пра екты рабіліся праектамі”, — завяршыў сваё памінальнае слова намеснік дырэктара праектнага інстытута, у якім працаваў Цімох Нілавіч, а калега Цімоха Нілавіча інжынер Сташанскі дадаў, што, прасядзеўшы з нябож чыкам стол у стол амаль дваццаць гадоў, ён не можа ўспомніць, каб той хоць у нечым яму замінаў — гэтак нябожчык сапраўды працаваў непрыкметна.
Усе, апроч дырэктара інстытута, які ні на пахаванне, ні на памінкі не прышоў, адзін за адным падымаліся за памінальным сталом і, жадаючы, каб Цімоху Нілавічу зямля была пухам, прамаўлялі хораша. Цімох Нілавіч не надта тымі словамі падманваўся, бо, калі б сядзеў зараз не на сваіх памінках, а на памінках Сташанска га, дык падняўся б і сказаў тое самае. Не ў тым сэн се тое самае, што Сташанскі дваццаць гадоў ніяк яму не замінаў, Сташанскі яшчэ як яму замінаў, але Цімох Нілавіч сказаў бы, што гэта яму не замінала. Хоць, хут чэй за ўсё, менавіта Сташанскі, які быў нібыта дарад цам дырэктара інстытута, а насамрэч проста азадак яму лізаў, падгаварыў дырэктара не прыходзіць на развітанне з Цімохам Нілавічам Макеем, бо шэраговы інжынер — не тая фігура, каб дырэктару з ім развітвацца.
На тым месцы за памінальным сталом, дзе мог бы сядзець дырэктар, сядзела суседка, якая ўстала і сказа ла, што Цімох Нілавіч быў вельмі добры сусед.
— Я кахала яго, — паднялася побач з ім Дзіяна. — І калі б ён прызнаўся, што таксама… Але… Нават сёння запрасіў і не сказаў. Я не ведала, што памёр… Прайшоў праз жыццё маё незаўважна, пухам яму зямля.
— І ўсё ж нешта ў ім было, калі сэрца спынілася… — уздыхнула сакратарка намесніка дырэктара, якая, як яго ная сакратарка, хадзіла з ім паўсюль і нават на памінкі.
Цімоху Нілавічу таксама здалося, што Дзіяна сказала не зусім тое, што павінна была сказаць. Ці, ва ўсякім разе, не ўсё. Чамусьці гэта яго пакрыўдзіла. Ён нават паспрабаваў адсунуцца ад Дзіяны бліжэй на Рэні, але тая ўперлася ў бок ягоны локцем: маўляў, памёр, дык не лезь.
Прычыну, па якой Рэня не захацела туліцца да яго, ён зразумеў пасля памінак, калі зазбіраўся па звычцы дахаты ўслед за Рэняй, а яе ўзяўся праводзіць Сташанскі — і яны амаль на кожным скрыжаванні, як студэнты, цалаваліся. Не зважаючы на суседку, якая плялася за імі. Сташанскі хацеў нават у дом зайсці, але ўдава ўсё ж засаромелася, не пусціла: “Ён яшчэ тут, няхай хоць ноч праміне…”
— Ну што, Цмок?.. — спытаў Сташанскі, калі яны засталіся на вуліцы ўдвух. — Ты цяпер куды?..
Яшчэ з дзяцінства прыстала да Цімоха Нілавіча мянушка Цмок. Ён і не падобны быў на цмока, які з яго цмок? — а вось мянушка так прыляпілася, што і па смерці не адляпіць.
Цімох Нілавіч пацепнуў плячыма: ён насамрэч не ведаў, куды яму цяпер?..
— Можа, да Дзіяны?.. — нібы падказаў яму Сташанскі, яко му не цярпелася, каб Цімох Нілавіч сышоў. — Ці да суседкі… Да суседкі заходзіць Цімоху Нілавічу не было чаго. Ён чуў, што амаль ва ўсіх нешта такое бывала з суседкамі, а ў яго — не. Тая, здаралася, прасіла пасуседску то палічку прыбіць, то кран падкруціць, пасля налівала чарку і неяк так глядзела, нечага чакаючы, але Цімох Нілавіч не піў — ён нават на памінках сваіх ні кроплі не выпіў.
— Да Дзіяны, — сказаў Цімох Нілавіч, — і Сташанскі пляснуў яму па плячы:
— Правільна! А то столькі гадоў… — І пацікавіўся, таропка сунуўшы руку на развітанне. — Ты на рабоце заўтра будзеш?
— Мушу быць, — паціснуў руку Сташанскаму, хоць не хацеў паціскаць, Цімох Нілавіч. — Калі гэта я не быў?..
— Хто цябе ведае!.. — пляснуў яму другой рукой па другім плячы Сташанскі. — Неяк і не відаць, калі не раз гледзецца, ці ты ёсць, ці цябе няма. няма… І чаму гэта Цмокам цябе празвалі?