Выбрать главу

— Гм, — толькі і змог адказаць ён.

А ён забыўся. Ці не ведаў. Ды не ведаў, відавочна. Колькі ў лесе кветачніц? І колькі клопатаў у Лесніка. Не да дробязяў.

Ён стаяў, скрыжаваўшы рукі на грудзі, ды чакаў, покуль яна сыдзе. Ад халоднага начнога паветра Лілле зусім задубела, але ніхто і не збіраўся запрашаць яе ў хату, паіць гарачай гарбатай і прапаноўваць пахватныя хатнія чаравічкі. З леснічоўкі даносіліся галасы, мільгалі невыразныя цені ў вокнах. Мабыць, Ляснік прымаў госцяў. А можа, праводзіў важную нараду.

— Выбачай, малая, я вельмі заняты, — сказаў ён. І зачыніў дзверы перад яе прыгожанькім носікам.

Лілле прысела на прыступку ганка. Трэба ісці дахаты — а ў яе не засталося сіл, каб ізноў пераадольваць завады. Праход у калючках, пэўна, ужо зарос, балотную сцяжынку ўначы не відаць, і як зладзіцца з павукамі? Яна гаротна расплакалася. Ну хіба можа ў дзень нараджэння так смяротна не шанцаваць?

Няўтульная, чарнільная цемра атачала леснічоўку. Зрэдку вухкаў сыч, пасапвалі ў сне дрэвы. Страшна. Гэта ж чужая тэрыторыя. Паскрыпвалі, ліха ўхмыляліся грыбы. Светлякі прапаўзал' па чаравічках Лілле, нават і не думаючы пажадаць добрай ночы. Начныя фіялкі кпліва шапталіся, кідаючы ў бок кветачніцы недвухсэнсоўныя погляды. І гойсалі за елкамі жудасныя нявыхаваныяваўкі, якім наогул няма справы да чараўніцтва. Для іх што кветачніца, што заяц, — галоўнае, каб косткі на зубах храбусцелі. І быццам бы нечы вялікі мокры нос ужо прынюхваўся, выбіраючы з травы свежыя слядочкі Лілле. Яна сцепанулася — і ўбачыла, як ад сцяны адлучыўся чорны цень.

«Канец мне», — уздыхнула Лілле. І гэтая змрочная думка, як ні дзіўна, прынесла ёй задавальненне. Так, цяпер яе склыгаюць. І ёй нават захацелася, каб яе склыгалі хутчэй, таму што ў яе зусім не ўзнікала жадання вяртацца ў пустую непрыбраную хатку, дзе ніхто не запаліць лямпу, не выхапіць цяжкі кошык, не скажа спагадліва: «Ну што, стамілася? Садзіся, я табе гарбаты прынясу». Яна ўсхліпнула і кінулася насустрач жудаснаму ваўку. Хай з'есць яе, раз нікому яна не патрэбна ў гэтым лесе!

Але замест зблытанай цвёрдай поўсці яна ўткнулася ў адсырэлую тканіну плашча. Лілле ўскрыкнула. І толькі ўпёршыся лбом у плячо, такое знаёмае плячо, зразумела, што перад ёй стаіць Нікчэмка. Ён ступіў у квадрат жоўтага святла, і Лілле ахнула — што за выгляд у яе заўсёды ахайнага слугі! Адзежа вісела жмутамі, пашматаная і брудная, абкачаная ў балотнай ціне. Валасы бялелі, аплеценыя павуцінкамі. На лбе і шчоках барвавела некалькі падсохлых драпін.

— Ты? — прагаварыла яна агаломшана.

Ён засаромеўся свайго выгляду. Каб схаваць збянтэжанасць, прыняўся клапатліва кешкацца ў заплечнай торбе, штосьці шукаць. Анучка на яго запясці бялела ў цемры.

«Я так і не спытала, дзе ён паспеў парэзацца, — успомніла Лілле і сама сабе адказала: — Ну так. Няўмелае абыходжанне са сцізорыкам.» І ніякага чараўніцтва. Усяго толькі Нікчэмка. Гэта ён прасек для яе шлях у Калючым раўчаку. Ён выклаў сцяжынку ў Слізкай багне. І ён перанёс Лілле праз Павуцінневы гушчар, калі яна ўбачыла павука і ад жаху самлела.

Ізноў пацяклі слёзы. Ёй было нясцерпна сорамна, яна не смела паглядзець яму ў вочы, адчувала, як пунсавеюць яе шчокі. А Нікчэмка знайшоў, нарэшце, у торбе і накінуў на плечы Лілле цёплы плашч. Потым узяў яе за руку і сказаў ціха:

— Хадзем дахаты.

Вы займаецеся літаратурнай творчасцю і хочаце ўдасканальваць свае здольнасці, засвоіць асновы літаратурнага менеджменту і маркетынгу, усведамляеце сябе спецыялістам па стварэнні літаратурнай асновы ў розных відах мастацтва, цікавіцеся тэндэнцыямі сучаснага літаратурнага працэсу і літаратурна-мастацкай крытыкі, марыце стаць дыпламаваным спецыялістам у сферы літаратурнай творчасці, крытыкі і art-журналістыкі.