Выбрать главу

Паганка надзьмулася і прамармытала, што «яна не наймалася». А Паслён, як звычайна, легкадумна хмыкнуў. Вось яшчэ, прыносіць карысць людзям, не дачакаецеся. Куды больш цікава заблытваць і атручваць, рабіць лес дрымучым і непраходным. Што ні куток — то карчакі ды вываратні, што ні вадаточніца — то балотца з п'яўкамі, што ні сцяблінка — то пустазельная.

— Давайце вып'ем нарэшце! — абурылася Паганка. Стрэсла попел, за ім на падлогу паляцеў і недакурак. Лілле акругліла вочы, але нічога не сказала, а Паслён ужо выцягваў корак з аплеценай быльнікам пузатай бутлі...

Традыцыйна першы тост яны паднімалі за суладдзе.

Хоць якое там суладдзе? Злым і небяспечным станавіўся лес, і ўсё радзей чалавечыя галасы перагукваліся пад яго дрымучымі шатамі. Даўно ўжо, пакрыўдзіўшыся на прагных і жорсткіх людзей, чараўнікі схавалі, у клубок зматалі ўсе сцяжынкі. Адвялі звяроў і птушак у зялёную змрочную глыбіню, у запаведную глухмень. Зацягнулі гнілатой гаючыя раўчукі, засеялі пашы чэмерам. Парассаджвалі, куды ні плюнь, чырвоныя капялюшыкі мухамораў ды горкія жоўцевыя грыбы. І нават малая Лілле сумнявалася часам, ці патрэбнай занята справай. Клапоцішся, дбаеш, начэй не спіш — а дзеля чаго? Каб нейкія выпадковыя мінакі загледзеліся і сказалі адзін аднаму — «Глядзі, як буяна сёлета заквітнелі барвінкі!»... Альбо лядашчая стагадовая бабулька прыцягнулася збіраць ліпавы цвет і праклінала дрэвы з залішне высокімі галінкамі. Альбо закаханыя змарнавалі цэлую паляну канюшыны, аддаючыся няхітрым чалавечым забавам. Ці варта турбавацца пра кветкі, калі людзі так несур'ёзна да іх ставяцца? Можа, лепш ткаць павуцінне з павукамі, выпускаць заспалых матылькоў з коканаў ды проста махаць рукавамі, рассыпаючы грыбныя зярліцы. Але... Лілле ўспамінала радасную ўсмешку Лесніка, — і зноў і зноў натхнялася ёю.

Лілле летуценна падперла кулачком падбародак. Ах, як добра, што ёсць Ляснік. Добры і справядлівы, ён трымае раўнавагу паміж дабром і злом.

— Ну хопіць пра Лесніка, — раззлаваўся Паслён. Нарабіўшы бед з ваўчыным лыкам і мучанам, ён прадчуваў добрую лупцоўку. І ўжо вядома, не жадаў піць за здароўе лупцоўшчыка.

— Маеш рацыю. Не ў Лесніка сягоння дзень нараджэння, а ў нашай малюпахтачкі Лілле, — сказала Цыкута, адным поглядам утаймоўваючы раздражнёнага сябра.

— Налівай, — буркнула Паганка і першая працягнула чарачку.

І рушыў услед тост за імянінніцу, потым за кветачкі, за грыбкі, за ягадкі, за зёлкі, і паступова Лілле перастала ўлоўліваць сутнасць падзей. Мухамораўку піць — гэта не канюшынавы мёд пацягваць пад узнёслыя гутаркі. Чым больш пусцела бутля, тым зласлівейшыя станавіліся твары, тым больш жоўці чулася ў гаворках. Калі б ліхія і брыдкія словы мелі звычку ўвасабляцца, то цяпер пад столлю ўжо кружыла б чорная драпежная зграйка і зласліва шчэрыла б зубкі.

— Чагі збіваюць з дрэў, таўкачыкі пхаюць нагамі, — гула Паганка, калышучы абгрызеным капелюшом. — Ну нічога. Я адпомшчу! Учора я падсунула нейкім тупеням маладзенькіх паганачак. Яны ўзрадаваліся — «Сыраежкі, сыраежкі! ». Цяпельца развялі, супчыку згатавалі, елі і нахвальвалі. Потым ляжалі ў страшэнных курчах. А потым заціхлі, — яна пажадліва ўсміхнулася. — Невукі. Наступны раз навучацца адрозніваць атрутны грыб ад ядомага.

— Ну які наступны раз? — скрывілася Цыкута. — Яны ж смяротныя.

— Я ўчора таксама пазабавіўся, — хмыкнуў Паслён. — Праходзіў міма чарнічніка, гляджу, а там нейкія гідасныя істоты ягаду граблямі дзяруць, — ён змоўк і пакруціў скрэблам. — Тыя, што выжылі, больш у лес не сунуцца. І мяне наўрад ці забудуць.

— Дзіўлюся я табе, — сказала Цыкута. — І навошта да людзей чапляешся?

— Ну не выношу я іх, — Паслён выскаліў жаўтаватыя вострыя зубы. — Не выношу.

— Згодна, — кіўнула Цыкута. — Людзі ёсць людзі, прымітыўныя стварэнні. Уздоўж рэчкі ім патрэбныя парэчкі, пад асінай — падасінавік, а ў лесе — пралескі. Ніякай фантазіі. Але навошта прычыняць відавочную шкоду? Нам жа забаронена. Што, калі Ляснік даведаецца?

— Табе добра, — чмыхнула Паганка. — Аточыш запаветныя палянкі дзядоўнікам ды жыгучкай, і туды ніхто не сунецца, абдзярэ ногі да крыві і згорне назад. А мне як? Спакойна глядзець, як мае ненаглядныя рыжыкі і груздочкі разам з грыбніцай з зямлі выдзіраюць? Порхаўкі топчуць?

— Але ж не ўсе людзі такія! — умяшалася Лілле.

Разгарачаныя твары сяброў здзіўлена павярнуліся да яе.

— Ёсць і добрыя, — пралапатала Лілле, збянтэжыўшыся свайго парыву.