— А чаго ты іх абараняеш? Што табе людзі зрабілі добрага, малюпахтачка, што ты перайшла на іх бок? — узвілася Паганка.
— Я не пераходзіла, — нясмела абаранялася Лілле.
— І імя табе пара змяняць. Ніякая ты не Лілле, — працягвала Паганка. — Ты наша, лясная! Дзікая і неядомая Камвалея!
— А можа, яна закахалася ў чалавека і хоча сысці з ім? — прамармытаў п'яны Паслён і драпежна правёў скрэблам па абрусе, пакінуўшы на тканіне рваныя палосы. Лілле здрыганулася. Ну чаму так заўсёды: варта сябрам надзюбацца — і яны ператвараюцца ў сапраўдных монстраў? Гадзіну назад была прыстойная лэдзі ў капялюшыку і брудна-белых пальчатках, а цяпер — жудасны кашмар з дрымучага лесу. І Паслён сквапна пазірае ў бок кухні. Скрэбла, нябось, загадзя навастрыў перад паходам у госці. Крыкнуць, ці што, Нікчэмку, каб пагуляць сышоў? А то боязна за яго.
Сябры глядзелі на яе, нібы чакалі адказу на пытанне.
— Ні ў каго я не закахалася, скажаце яшчэ, — адказала Лілле ціха. — Людзі мне зусім не даспадобы.
— Усе да аднаго? — удакладніў Паслён.
— Абсалютна.
— Так дакажы! Калі не хлусіш, то вось, — ён памацаў у кішэнях, — пачастуй свайго служку. давай. з тваіх рук ён што заўгодна з'есць.
Лілле ўспыхнула. У далоні Паслёна паблісквалі шызаватым налётам смяротна небяспечныя для людзей ягады варонінага вока, цёмныя, круглыя, на выгляд — наўрад ці адрозніш ад ганаболелю.
— Збаялася?! — капялюш Паганкі з'ехаў на патыліцу, валасы растрапаліся, нос счырванеў.
— Нічога я не збаялася!
— Так давай, пакліч яго! Дакажы, што табе пляваць на людзей!
— Ну хопіць! — выклікнула Цыкута, і мяцёлкі пырніку на яе панамцы абурана закалыхаліся. — Не чапайце яе. Яна не абавязана нічога вам даказваць. А ты загадай служку падаваць гарбату, тую, з майго мяшэчка. Яна хутка выцверазіць гэтых дваіх.
Паганка пакрыўджана тузанула плячом, маўляў, ну вось, сапсавалі забаўку. Паслён пратэстуючы хлюпнуў носам, але запярэчыць не асмеліўся. Траўніца ў іх хаўрусе старэйшая, і калі ўжо яна падвысіла голас.
Лілле ўцякла на кухню. Нікчэмка, засмучаны, сядзеў ля акенца.
— Ты чаго? — спытала Лілле.
— Твае сябры. Яны. атрутныя нейкія.
— Мы чараўнікі. Табе цяжка зразумець, — прагаварыла яна. — Пастаў чайнік на агонь. І старайся не паказвацца на вочы без патрэбы. Прынёс, забраў, і сядзі паціху ў кухні.
І вось ужо дыміцца гарбата у касабокіх шчарбатых кубачках, расхапаны лепшыя кавалкі пірага і разліта па місачках сочыва. Лілле безуважліва назірала, як госці паляць і п'юць, сумна глядзела на пятае крэсла, што так і не спатрэбілася. Яна яшчэ паглядала зрэдку ў акенца, але разумела, што Ляснік не прыйдзе, вядома, не прыйдзе. А ёй так хацелася зноў убачыць яго ўсмешку, і, можа, нават дакрануцца да яго рукі, і сказаць яму што-небудзь добрае.
Сэрцайка Лілле затрымцела. Што ж, як Лесніку няма калі зазірнуць да яе, то яна сама прыйдзе да яго ў госці! Каханне робіць цуды, асабліва ў спалучэнні з мухаморавай настойкай.
Яна вынырнула з кругазвароту любоўных думак і прыслухалася, пра што гутараць сябры. А яны сёрбалі гарбату, макалі кавалкі пірага ў сочыва і спрачаліся пра тое, дзе ў лесе самае вусцішнае месца. Бо ёсць, ёсць яны, гэткія дрымучыя нетры, куды не тое, што чалавек, нават чараўнік не ўсякі сунецца.
— Калючы раўчак — ён нібы саракуш, так і марыць уздзець цябе на вострую галінку, — казала Цыкута. — Цярновыя кусты, абляпіха, глог, а панізе ажына пляцецца. Кроку не ступіш, каб у цябе сотня шыпоў не ўпілася.
— Няма нічога гідчэйшага, чым Павуцінневы гушчар! — запярэчыла Паганка. — Ужо такая поскудзь — горш не адшукаеш. Павук на павуку! І густа-густа павуціннем усё заплецена. Не паспееш апамятацца, як з ног да галавы цябе аблепіць.
— Ты яшчэ не бачыла Слізкую багну! — заспрачаўся Паслён. — Галава ад выпарэнняў закруціцца, спатыкнешся, з купіны звалішся — і ўжо не выкараскаешся. Зацягне ў каламутны глей — і капялюшыка твайго потым не знойдуць. Нават тыя, хто ўмее хадзіць па вадзе, гэтага балотца цураюцца. Прапашчае, гнілое мястэчка.
— І як гэта Ляснік зносіць такія жахі? — уразілася Лілле.
— Хіба ты не ведаеш? — здзівілася Паганка. — Ён сам іх і стварыў!
— Гэтыя перашкоды ахоўваюць яго леснічоўку ад няпрошаных гасцей, — пацвердзіла Цыкута. — Каб не зайшлі выпадкова людзі, каб не надакучалі траўнікі ды кветачніцы сваімі дурасцямі.
Нічога сабе. Лілле і не ведала, што раней з любым дробязным пытаннем, з кожнай сваркай усе беглі да Лесніка, заміналі яму ў важных справах. Бо ён не толькі амарылісамі ўвесну любуецца. Яму трэба шмат чаго паспець: загасіць забытыя вогнішчы, дрывасекам паказаць хворыя камлі, адшукаць ды разламаць пасткі, прасачыць, каб паляўнічым не надта ўжо везла. Балота гладчэе-распаўзаецца, сакавіты лужок захапіла ды палянку з меданосамі? Сухастой зацяняе маладыя дрэўцы, не пускае іх у рост? Непарадак, трэба разабрацца!