Выбрать главу

Ніяк не ўдавалася захаваць асцярожнасць на ўзмаху. Дзесяць спробаў зрабіў ён, і ўсе дзесяць разоў, як толькі хуткасць дасягала сямідзесяці міляў у гадзіну, ён ператвараўся ў некіроўны, ускудлачаны камяк пер'я і плюхаўся ў ваду.

«Уся справа ў тым, — нарэшце прыйшло яму ў галаву, калі ён прамок да апошняга перца, — каб утрымаць крылы нерухома на вялікай хуткасці: махаць імі, пакуль не набяру пяцьдзесят міляў у гадзіну, а потым трымаць нерухома».

З вышыні дзве тысячы футаў Джонатан зрабіў новую спробу: ён перавярнуўся, нацэліў уніз дзюбу і з таго моманту, як набраў пяцьдзесят міляў у гадзіну, перастаў варушыць крыламі. Гэта вымагала неверагоднага напружання, але ён дамогся свайго, усё выйшла як след: праз дзесяць секунд ён імчаўся з хуткасцю дзевяноста міляў у гадзіну. Джонатан устанавіў сусветны рэкорд хуткасці для чаек!

Але нядоўга ён цешыўся перамогай. Як толькі ён пачаў выходзіць з піке, як толькі трошачкі змяніў паставу крылаў, яго падхапіў усё той жа дзікі шалёны віхор і на хуткасці дзевяноста міляў у гадзіну разрываў яго на шматкі, нібы выбухам дынамітнага зараду.

Джонатан-Чайка быццам узарваўся ў паветры і грымнуўся аб цвёрдую, як камень, паверхню мора.

Даўно ўжо сцямнела, калі памяць вярнулася да яго, і ён убачыў, што плыве пры святле месяца па акіяне. Ён адчуў свінцовы цяжар пашматаных крылаў, але груз няўдачы быў яму яшчэ цяжэйшы. «От каб гэты цяжар зацягнуў на дно і на тым усё скончылася», — падумалася яму.

Ён пачаў ужо апускацца ў ваду, ды тут раптам дзесьці ў самім сабе пачуў незнаёмы глухі голас: «Выйсця няма. Я чайка. Я абмежаваны самою сваёю прыродаю і магу толькі тое, што магу. Калі б я быў прызначаны для таго, каб так многа ведаць пра палёты, у галаве ў мяне была б спецыяльная вылічальная машына. Калі б я быў прызначаны для хуткасных палётаў, я меў бы кароткія, як у сокала, крылы і харчаваўся б мышамі, а не рыбай. Праўду казаў бацька. Трэба забыцца на ўсё гэтае глупства. Трэба ляцець дадому, да сваёй Чарады і быць задаволеным, што я такі, які ёсць, — слабая, абмежаваная ў сваіх магчымасцях чайка».

Голас змоўк, і Джонатан пагадзіўся з ім. Уночы чайка павінна знаходзіцца на беразе, а з гэтай хвіліны, пакляўся Джонатан, ён стане сама звычайнай чайкай. Ад гэтага ўсім будзе толькі лепей.

Ён стомлена адарваўся ад вады і паляцеў да берага, усцешаны ўжо тым, што навучыўся лятаць на малой вышыні, бо такія палёты дазваляюць эканоміць сілу.

«Ды не, — падумаў ён. — Скончана з усім, што было раней, з усім, пра што я даведаўся. Я такая самая чайка, як і ўсе, і лятаць буду, як усе». Перасільваючы боль, ён падняўся на сто футаў і, энергічна махаючы крыламі, заспяшаўся да берага.

Ён адчуў палёгку, што прыняў рашэнне быць, як і ўсе ў Чарадзе. Не будзе больш той невядомай сілы, што прымушала яго вучыцца, не будзе ні дзёрзкіх спроб, ні няўдач. Прыемна проста так ляцець на ўзбярэжныя агні і ні пра што не думаць.

«Цемра!.. — той самы глухі голас унутры забіў трывогу. — Чайкі ніколі не лятаюць у цемры!»

Джонатан не зважаў на яго. «Так хораша! — думаў ён. — Свеціць месяц, агеньчыкі мігцяць на вадзе, быццам праменьчыкі маякоў, і цішыня, спакой...»

«Зніжайся! Чайкі ніколі не лятаюць у цемры! Калі б ты быў прызначаны для начных палётаў, ты меў бы вочы, як у савы! У цябе была б у галаве вылічальная машына! І ты меў бы кароткія, як у сокала, крылы!»

Там, на вышыні, сярод начной цемры Джонатан Лівінгстан зажмурыўся. Знік боль, не засталося і следу ад прынятага рашэння.

Кароткія крылы. Кароткія, як у сокала, крылы!

«Вось дзе разгадка! Які ж я быў дурань! Усё, што мне трэба, — гэта маленечкія крыльцы: усё, што мне трэба, — гэта ўсяго толькі скласці крылы і ляцець на самых кончыках! Кароткія крылы!»

Ён падняўся на дзве тысячы футаў над морам і, ні секунды не думаючы пра няўдачу і пагібель, моцна прыціснуў да цела шырокія часткі крылаў, падставіў ветру ўсяго толькі вузкія, выгнутыя, як крывыя кінжалы, іх кончыкі і рынуўся крута ўніз.

У вушах жудасна зароў вецер. Семдзесят міляў у гадзіну, дзевяноста, сто дваццаць, і хуткасць усё нарастала. Пры ста сарака мілях у гадзіну вецер не адчуваўся цяпер з гэтакай сілай, як раней пры сямідзесяці, і, крышку павярнуўшы кончыкі крылаў, ён плаўна выйшаў з піке і шэрым ценем праляцеў над хвалямі, нібы гарматнае ядро.

Ад ветру ён зажмурыў вочы так, што засталіся толькі вузенькія шчылінкі, яго перапаўняла радасць. «Сто сорак міляў у гадзіну! І не страціць кіравання! Цікава, а калі паспрабаваць не з дзвюх, а з пяці тысяч футаў...»

Добрыя намеры, клятвы, якія ён даваў толькі што, былі забытыя, змецены магутным ветрам. Але, парушыўшы слова, дадзенае самому сабе, ён не адчуваў за сабою віны. Такія абяцанні могуць даваць чайкі, якія нічым не вылучаюцца сярод іншых. Для таго, хто хоць дакрануўся ў пазнанні да дасканаласці, яны не маюць значэння.