Выбрать главу

— ...сваёй шалёнай дзівацкай безадказнасцю, — урачыста гучаў голас, — груба растаптаў і зняважыў годнасць і традыцыі Сям'і Чаек...

Выклік на сярэдзіну для ганьбавання азначаў, што ён будзе выгнаны з Чарады і асуджаны на адзіноту сярод Далёкіх Скалаў.

— ...калі-небудзь, Чайка Джонатан Лівінгстан, ты даведаешся, што безадказнасць не можа цябе пракарміць. Нам не дадзена спасцігнуць сэнсу жыцця, бо ён недаступны нашаму розуму; мы ведаем толькі адно: мы існуём на гэтым свеце, каб есці і старацца пражыць як мага даўжэй.

Чайкі ніколі не пярэчаць Радзе Чарады, але Джонатан асмеліўся ўзвысіць свой голас.

— Безадказнасць? Браты мае! — усклікнуў ён. — Ці знойдзецца хто-небудзь з большым пачуццём адказнасці, чым чайка, якая знайшла сэнс, найвышэйшую мэту жыцця і прытрымліваецца яе? Тысячы гадоў мы гойсаем, шукаючы рыбныя галовы, а цяпер у нас ёсць мэта — спазнаваць свет, адкрываць новае, быць вольнымі! Дазвольце мне, і я пакажу вам, чаму навучыўся...

З такім жа поспехам ён мог загаварыць да камення. Чарада быццам знямела.

— Ты больш не Брат нам, — нараспеў прамовілі чайкі, усе разам узмахнулі крыламі, затулілі вушы і адвярнуліся ад яго.

Джонатан-Чайка рэшту сваіх дзён жыў адзін, хоць адлятаў і на вялікую адлегласць ад Далёкіх Скалаў. Але засмучала яго не адзінота, а тое, што астатнія чайкі адмовіліся паверыць у радасць палёту, у святло, што палала перад імі, адмовіліся расплюшчыць вочы і ўбачыць.

З кожным днём ён дазнаваўся ўсё больш і больш. Ён даведаўся, што, пікіруючы на вялікай хуткасці, можна здабыць рэдкую і смачную рыбу, якая збіраецца ў гурт на глыбіні дзесяці футаў; яму больш не патрэбны былі, каб выжыць, рыбацкія судны і чэрствыя скарынкі хлеба. Ён навучыўся спаць у паветры, навучыўся лятаць наперарэз ветру, што дзьме з берага, і не збівацца з курсу ўночы; ён мог праляцець ад усходу да захаду сонца сотні міляў. Тое самае нутраное чуццё вяло яго праз густыя марскія туманы, узнімала да сляпучага чыстага неба... а астатнія чайкі ў гэты самы час туліліся на зямлі і не бачылі нічога, апрача туманнай імжы і дажджу. Ён навучыўся, асядлаўшы на вялікай вышыні вецер, залятаць далёка на сушу і ласавацца там смачнымі насякомымі.

Ён адзін атрымаў усё, чым, як ён калісьці спадзяваўся, будзе валодаць уся Чарада, і не шкадаваў той цаны, якую заплаціў за ўменне лятаць. Джонатан адкрыў сабе, чаму такое кароткае жыццё ў чаек, — прычынай таму нудота, страх і злосць; сам ён збавіўся ад гэтых пачуццяў, і жыццё яго было доўгае і сапраўды прыгожае.

І вось аднойчы вечарам, калі Джонатан спакойна і самотна лунаў у сваім любімым небе, з'явіліся яны. Дзве чайкі, што вынырнулі побач з яго крыламі, былі чыстыя, як святло зорак, а ззянне, якое праменілася ад іх, было лагоднае і сяброўскае ў свежасці вечаровага неба. Але сама дзівоснае было ў майстэрстве іхняга лёту: кончыкі іх крылаў увесь час знаходзіліся на адлегласці аднаго дзюйма ад яго крылаў.

Не кажучы ні слова, Джонатан наладзіў ім экзамен, якога не ведала яшчэ ніводная чайка. Ён выгнуў крылы і зменшыў хуткасць да мілі ў гадзіну. Дзве зіхоткія птушкі запаволілі палёт разам з ім, і дыстанцыя паміж імі ані не парушылася. Лятаць павольна яны ўмелі.

Ён склаў крылы, гайдануўся і кінуўся ў піке з хуткасцю сто дзевяноста міляў у гадзіну. Бездакорна захоўваючы шыхт, яны таксама рынуліся ўніз.

Тады на ўсёй хуткасці ён скіраваў угору, робячы доўгую вертыкальную запаволеную бочку. З усмешкай яны зрабілі тое самае.

Ён перайшоў на гарызантальны палёт і, перш чым загаварыць, нейкі час ляцеў моўчкі.

— Ну добра, — сказаў ён. І спытаўся: — Хто вы такія?

— Мы з твае Чарады, Джонатан. Мы твае браты. — Словы іх гучалі стрымана, але ўпэўнена. — Мы прыйшлі, каб паклікаць цябе на новую вышыню, туды, дзе твой дом.

— У мяне няма дому. У мяне няма Чарады. Я — Выгнаннік. Цяпер мы ляцім каля вяршыні Гары Вялікага Ветру, і вышэй, чым на некалькі соцень футаў, мне, старому, ужо не падняцца.

— Гэта няпраўда, Джонатан, бо ты ўжо вучыўся. Адна школа скончана, настаў час пачынаць другую.

Святло розуму, якое ўсё жыццё свяціла Джонатану, азарыла яму гэтае імгненне. Ён зразумеў: яны кажуць праўду. Ён можа ўзляцець яшчэ вышэй, і яму сапраўды пара выпраўляцца дадому.

У апошні раз ён акінуў доўгім позіркам гэтае неба, гэтую вялізную серабрыстую зямлю, дзе ён гэтак шмат чаго даведаўся.

— Я гатовы, — сказаў ён урэшце.

І Джонатан Лівінгстан узняўся разам з дзвюма зіхатлівымі, нібы зоркі, чайкамі і знік у непраглядна цёмным небе.