Ён распасцёр крылы і павярнуўся тварам супроць ветру.
— Але ты, Джон, — сказаў ён, — адразу даведаўся так многа, што табе не спатрэбілася праходзіць праз тысячу жыццяў, каб дасягнуць гэтага жыцця.
Праз хвіліну яны зноў трэніраваліся ў паветры. Шматвітковыя бочкі ў шыхце даваліся цяжка: у становішчы дагары нагамі Джонатану трэба было думаць «наадварот», у процілеглы бок паварочваць крылы, каб іх рух супадаў з рухам крылаў свайго настаўніка.
— Паспрабуем яшчэ раз, — зноў і зноў гаварыў Саліван. — Паспрабуем яшчэ раз. — І нарэшце: — Добра.
І яны пачалі адпрацоўваць знешнія петлі.
Аднойчы ўвечары свабодныя ад начных палётаў чайкі сабраліся разам і ў задуменні стаялі на пяску. Джонатан сабраў усю сваю мужнасць і падышоў да Старэйшыны, які, як казалі, неўзабаве павінен быў пакінуць гэты свет.
— Чыанг, — з хваляваннем загаварыў ён.
Стары лагодна паглядзеў на яго.
— Што, сын мой?
З гадамі Старэйшына не аслабеў, а, наадварот, стаў яшчэ дужэйшы. Ён мог выперадзіць у палёце любую чайку з Чарады і навучыўся такому, да чаго астатнія толькі спакваля набліжаліся.
— Чыанг, гэты свет — гэта ж яшчэ не неба?
Месяц асвятліў усмешку Старэйшыны.
— Ты зноў вучышся, Джонатан-Чайка, — сказаў ён.
— Ну але. А што будзе пасля? Куды мы ідзём? І ці ёсць наогул такое месца — неба?
— Не, Джонатан, такога месца няма. Неба — гэта не месца і не час. Неба — гэта адчуванне дасканаласці. — Ён памаўчаў з хвілінку. — Ты ж умееш хутка лятаць, праўда?
— Хуткасць... яна дае мне шчасце і асалоду, — сказаў Джонатан. Ён і засаромеўся і ў той жа час ганарыўся тым, што Старэйшына прыкмеціў яго.
— Ты дакранешся да неба, Джонатан, у той момант, калі дасягнеш дасканалай хуткасці. Гэта не азначае ляцець з хуткасцю тысяча міляў у гадзіну, або мільён міляў, або ляцець з хуткасцю святла. Бо любая лічба — гэта мяжа, а ў дасканаласці няма межаў. Лятаць з дасканалай хуткасцю — гэта апынуцца вунь там.
І тут жа Чыанг знік і з'явіўся каля самай вады на адлегласці пяцідзесяці футаў, адбылося гэта за долю імгнення. Пасля ён зноў знік і з'явіўся побач з Джонатанам усё за тую самую тысячную долю секунды.
— Гэта толькі жарт, — сказаў ён.
Джонатан стаяў агаломшаны. Пра неба ён і пытацца забыўся.
— Як гэта ў цябе выходзіць? І што ты адчуваеш? Як далёка можна вось гэтак трапіць?
— Куды хочаш і ў які хочаш час, — адказаў Старэйшына. — Я пабываў ва ўсіх пунктах прасторы і часу, якія толькі задумваў. — Ён паглядзеў на мора. — І вось што дзіўна: чайкі, якія пагарджаюць дасканаласцю дзеля далёкіх палётаў, нікуды не ляцяць і лятаюць павольна. А тыя, хто дзеля дасканаласці забывае пра далёкія падарожжы, могуць як згледзець вокам апынуцца дзе хочуць. Запомні, Джонатан, неба — гэта не нейкае пэўнае месца або час, бо ні месца, ні час не маюць значэння. Неба — гэта...
— Ты можаш навучыць мяне гэтак лятаць? — Ад прадчування, што ён авалодае яшчэ чымсьці нязведаным, Джонатан ажно дрыжаў.
— Вядома, калі ты хочаш навучыцца.
— Хачу. Калі мы пачнём?
— Можам адразу ж цяпер, калі ў цябе ёсць жаданне.
— Я хачу навучыцца гэтак лятаць, — сказаў Джонатан, і ў вачах яго з'явіўся дзіўны бляск. — Скажы, што я павінен рабіць.
Чыанг загаварыў павольна, пільна ўглядаючыся ў свайго малодшага сябра:
— Каб ляцець з хуткасцю думкі ў любое месца, трэба перш за ўсё ўсвядоміць, што ты ўжо туды прыляцеў...
Паводле слоў Чыанга выходзіла, што ўсё заключалася ў наступным: Джонатан павінен перастаць бачыць сябе замкнутым у пэўным целе, якое мае размах крылаў сорак два дзюймы і абмежавана хуткаснымі магчымасцямі, якія можна накрэсліць на схеме. Сутнасць у тым, каб усвядоміць: яго сапраўднае «я», дасканалае, як бясконцы лік, жыве адначасова ў любым пункце прасторы і ў любы момант часу, жыве ўсюды і заўсёды.
Джонатан трэніраваўся нястомна і неўтаймоўна, дзень пры дні, ад усходу сонца да поўначы. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, яму і на валасок не ўдавалася зрушыцца з месца.
— Забудзь пра тое, у што верыш! — раз-пораз паўтараў Чыанг. — Табе не патрэбна была вера, каб лятаць, трэба было зразумець, як лятаць. Так і тут. Давай паспрабуем яшчэ раз...