Выбрать главу

— Салі, я павінен вярнуцца, — сказаў ён урэшце. — У цябе цудоўныя вучні. Яны паспяхова займаюцца і дапамогуць табе давесці навічкоў да патрэбнага ўзроўню.

Саліван уздыхнуў, але больш не пярэчыў.

— Мусіць, я вельмі буду сумаваць па табе, Джонатан.

Вось і ўсё, што ён сказаў.

— Салі, як табе не сорамна! — з дакорам усклікнуў Джонатан. — Не гавары глупства! І чым мы з табою дзень пры дні займаемся? Якія здольнасці развіваем? Калі наша дружба трымаецца на такіх рэчах, як прастора і час, значыцца, мы самі разбураем наша брацтва, як толькі пераадольваем іх! Але з пераадоленнем прасторы адзінае, што мы пакідаем, — гэтае Тут. А з пераадоленнем часу мы пакідаем толькі Цяпер. Няўжо ты думаеш, што мы не здолеем час ад часу сустракацца ўнутры гэтых Тут і Цяпер?

Саліван міжвольна засмяяўся.

— Ты зусім звар'яцеў, — ласкава сказаў ён. — Калі хто-небудзь і здольны паказаць таму, хто сядзіць, што робіцца за тысячу міль навокал, дык гэта Джонатан Лівінгстан. — Ён паглядзеў на пясок. — Да пабачэння, дружа мой Джон.

— Да пабачэння, Салі. Мы яшчэ сустрэнемся.

З гэтымі словамі Джонатан уявіў сабе вялізную чараду чаек на беразе, якая жыве ў іншым часе, і са звыклай лёгкасцю адчуў: не, ён не пер'е і косці, ён — дасканалае, абсалютнае ўвасабленне ідэі волі і палёту, яго магчымасці бязмежныя.

Флетчар Лінд быў яшчэ вельмі малады, але ўжо ведаў, што ні з адной чайкай на свеце не абыходзіліся гэтак жорстка і несправядліва, як абышліся з ім у Чарадзе.

«Пляваць я хацеў, што яны там гавораць! — са злосцю, ад якой ажно туман засціў вочы, думаў ён. — Лятаць — гэта не проста махаць крыламі, гэта куды больш. Камар і той можа махаць! Зрабіў усяго адну бочку вакол Старэйшыны, так, дзеля жарту, і я — Выгнаннік! Ды што яны, сляпыя? Нічога не бачаць? Няўжо не разумеюць, як гэта будзе здорава, калі мы па-сапраўднаму навучымся лятаць?!

Пляваць я хацеў, што яны там думаюць. Я пакажу ім, што значыць лятаць! Няхай сабе я па-за законам, калі ім гэтак хочацца. Але яны яшчэ пашкадуюць...»

Тут ён пачуў нібы ў галаве ў сябе голас, і хоць гучаў ён вельмі лагодна, ад нечаканасці Флетчар спыніўся, быццам спатыкнуўся ў паветры.

— Не трэба гэтак на іх злавацца, Флетчар-Чайка. Прагнаўшы цябе, чайкі нашкодзілі толькі самі сабе, некалі яны даведаюцца пра гэта і ўбачаць тое, што бачыш сёння ты. Даруй ім і дапамажы ім разабрацца.

На адлегласці дзюйма ад яго правага крыла ляцела сама бялюткая чайка ў свеце. Яна як быццам плыла ў паветры без усякіх намаганняў, не варушачы ніводным перцам, хоць Флетчар ляцеў амаль на гранічнай хуткасці.

На момант ён зусім разгубіўся.

«Што са мною творыцца? Я звар'яцеў? Памёр? Што гэта?»

Перабіваючы яго думкі, голас гучаў ціха і спакойна і патрабаваў адказу:

— Чайка па імені Флетчар Лінд, ты хочаш лятаць?

— ВЯДОМА, Я ХАЧУ ЛЯТАЦЬ!

— Чайка Флетчар Лінд, ці так моцна ты хочаш лятаць, што гатовы ўсё дараваць Чарадзе і, калі вывучышся, вярнуцца ў яе і працаваць і памагаць вывучыцца іншым?

І які б ганарысты ні быў Флетчар, як бы ні крыўдаваў ён, але зманіць гэтай істоце, якая здольная была тварыць цуды, ён не мог.

— Гатовы, — ціха прамовіў ён.

— Тады, Флетч, — сказала зіхатліва-белая птушка неяк вельмі лагодна, — давай пачнём з Гарызантальнага Палёту...

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Джонатан кругамі лунаў над Далёкімі Скаламі; ён уважліва назіраў. Гэты нязгрэба Флетчар аказаўся цудоўным вучнем. Ён быў дужы, лёгкі, імклівы ў паветры і, што куды больш важна, меў гарачае жаданне навучыцца добра лятаць.

Вось ён з'явіўся на выхадзе з піке, размытым шэрым ценем прамільгнуў з хуткасцю сто пяцьдзесят міляў у гадзіну паўз свайго настаўніка і рэзка пачаў набіраць вышыню для чарговай спробы выканаць шаснаццацівітковую вертыкальную запаволеную бочку. Пры гэтым ён гучна лічыць віткі:

— ...восем... дзевяць... дзесяць... глядзіДжонатанятрачухуткасць... адзінаццаць... хачунавучыццаспыняццагэтаксамапрыгожаідакладнаякты... дванаццаць... дыліханаягонічоганевыходзіць... трынаццаць... гэтыятрыапошніявіткі... не... чатыр... ааах!

Імгненная страта хуткасці на самым пад'ёме прывяла Флетчара да няўдачы: ён, раз'юшаны, перакуліўся назад і ўвайшоў у шалёны штопар, а калі, нарэшце, задыхаючыся да знямогі, выраўняўся, дык апынуўся на сотню футаў ніжэй за свайго настаўніка.