— Дарэмна ты траціш са мною час, Джонатан! Занадта тупы я! Я недарэка, боўдзіла! Стараюся, стараюся, а ўсё ніяк не выходзіць!
Джонатан паглядзеў на яго і кіўнуў:
— І не будзе выходзіць датуль, пакуль ты гэтак туга набіраеш вышыню. На заходзе, Флетчар, ты страціў сорак міляў у гадзіну! Ты павінен рабіць тое самае, толькі плаўна. Упэўнена і плаўна, запомніў?
Джонатан знізіўся да вышыні, на якой знаходзіўся Флетчар.
— Давай паспрабуем разам, у шыхце. І звярні ўвагу на набор вышыні. Заход павінен быць лёгкі, плаўны.
Пад канец трэцяга месяца ў Джонатана з'явілася яшчэ шэсць вучняў, усе Выгнанцы і ўсе захопленыя гэтай дзіўнай новай ідэяй — лятаць дзеля самога палёту.
Але ім усё-такі лягчэй было выконваць складаныя фігуры найвышэйшага пілатажу, чым зразумець запаветную мэту іх практыкаванняў.
— Кожны з нас — гэта ідэя Вялікай Чайкі, ідэя бязмежнай волі, свабоды, — гаварыў вечарамі на беразе Джонатан, — а палёты высокай дакладнасці і складанасці — гэта крок на шляху да выяўлення нашай сапраўднай сутнасці. Трэба пераадолець усё, што нас стрымлівае. Вось для чаго ўсе гэтыя ўрокі, практыкаванні на вялікіх і малых хуткасцях, фігуры найвышэйшага пілатажу...
...А яго вучні засыналі, бо былі знясіленыя дзённымі палётамі. Ім падабаліся заняткі, таму што трэніроўкі ап'янялі хуткасцю палёту, абуджалі прагу да ведаў, якая нарастала з кожным урокам. Але ніхто з іх, нават Флетчар Лінд, не верыў у тое, што палёт думкі можа быць такі самы рэальны, як вецер, як палёт птушкі.
— Усё ваша цела, ад кончыка аднаго крыла да кончыка другога, — гаварыў Джонатан другім разам, — не што іншае, як ваша думка ў той форме, якую вы здольныя бачыць. Разарвіце ланцугі, што скоўваюць вашу думку, і вы разарвяце ланцугі, што скоўваюць ваша цела...
Але якімі б словамі ні выказваў Джонатан сваю думку, яны гучалі, як прыемная казка, а ім больш за ўсё быў патрэбны сон.
Мінуў яшчэ месяц, і Джонатан абвясціў, што прыйшоў час вяртацца ў Чараду.
— Мы не гатовы! — усклікнуў Генры Кельвін-Чайка. — Яны не хочуць нас бачыць! Мы Выгнанцы! Хіба мы можам ісці туды, дзе нас не чакаюць?
— Мы вольныя і можам ляцець, куды пажадаем, быць такімі, якія мы ёсць, — адказаў Джонатан. Ён узляцеў з пяску і павярнуў на ўсход, туды, дзе знаходзілася родная зямля Чарады.
Вучні на хвіліну разгубіліся: паводле Закону Чарады Выгнаннік не мае права вяртацца, і ні разу за дзесяць тысяч гадоў Закон не парушаўся. Закон загадваў заставацца, Джонатан — ляцець, і сам ён быў ужо за мілю ад іх над морам. Калі яны яшчэ прамарудзяць, ён апынецца сам-насам з варожа настроенай Чарадой.
— Але раз мы не належым да Чарады, дык можам не падпарадкоўвацца Закону, хіба не так? — даволі ўпэўнена зазначыў Флетчар. — Апрача таго, калі пачнецца бойка, там ад нас будзе куды больш карысці, чым тут.
Восем чаек у шыхце падвойным ромбам, ледзь не дакранаючыся адна да адной кончыкамі крылаў, ляцелі гэтай раніцай з захаду. Яны наблізіліся да Берага Рады Чарады з хуткасцю сто трыццаць пяць міляў у гадзіну; Джонатан ляцеў наперадзе, з правага крыла ад яго — Флетчар, з левага, стараючыся не адставаць, — Генры Кельвін. Тут увесь шыхт, як адна птушка, павольна перавярнуўся цераз правае крыло... выраўняўся... потым цераз левае... зноў выраўняўся, а вецер бязлітасна шкуматаў іх усіх.
Крыкі і сваркі, такія звычайныя ў жыцці Чарады, адразу ж спыніліся, нібы іх адрэзала вялізным нажом гэтага шыхта, і восем тысяч вачэй, не міргаючы, утаропіліся на яго. Адна за адною восем птушак рэзка ўзнімаліся ўгору, рабілі мёртвую пятлю і, гранічна збавіўшы хуткасць, станавіліся на пясок як укопаныя. Потым Джонатан узяўся разбіраць палёт з такім выглядам, нібыта не здарылася нічога асаблівага.
— Пачнём з таго, — сказаў ён з ухмылкай, — што ўсе вы крышку прыпазніліся на агульны збор...
Нібы гром з яснага неба ляснуў у Чараду. Гэтыя птушкі — Выгнаннікі! І яны — вярнуліся! Але ж гэтага не можа быць. Чарада так разгубілася, што апаска Флетчара наконт бойкі знікла сама па сабе.
— Падумаеш, Выгнанцы, ну і хай сабе, — сказала нейкая маладзейшая чайка, — але дзе і як, ліха на іх, яны навучыліся гэтак лятаць?
Мінула амаль гадзіна, перш чым усе ў Чарадзе даведаліся пра Загад Старэйшыны: «Не звяртаць на іх увагі. Чайка, якая загаворыць з Выгнаннікам, сама становіцца Выгнанніцай. Чайка, якая паглядзіць на Выгнанніка, парушыць Закон Чарады».
З гэтай хвіліны Джонатан мог бачыць толькі шэрыя спіны, але ён, здавалася, і не заўважыў перамены. Ён праводзіў заняткі тут жа над Берагам Рады і ўпершыню пачаў прымушаць сваіх вучняў працаваць амаль на мяжы іх магчымасцей.